Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Сотнікаў
Сотнікаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сотнікаў

Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:

Аповесць Сотнікаў - аповесць-разважанне аб вечных філасофскіх пытаннях - цане жыцця і смерці, баязлівасці і гераізме, вернасці абавязку і здрадзе, - пытаннях, з усёй варожасцю зададзеных героям Васіля Быкава вайной.
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 67
Перейти на страницу:

- Хто гэта?

- Гэта я. Ну, як ты? Лепей?

- Рыбак? Фу ты! Дай яшчэ.

Рыбак зноў прытрымаў яго галаву. Сотнікаў, лязгаючы зубамі па кацялку, выпіў болей. І пластам аблёг на салому.

- Што, мучылі здорава? - спытаў Рыбак.

- Да, брат. Дасталося, - выдыхнуў Сотнікаў.

Рыбак нацягнуў на яго шынелак, сам прываліўся спіной да цаглянай сцяны, услухоўваючыся ў хрыпатае дыханне таварыша, якое, аднак, патроху выроўнівалася.

- Ну, як пачуваешся?

- Цяпер добра. Лепш. А цябе?

- Што?

- Білі?

Гэтае пытанне застала Рыбака знянацку, ён не знаў, як коратка сказаць таварышу, чаму яго не білі.

- Ды не, не дужа.

Сотнікаў знямогла заплюшчыў вочы, схуднелы, з адрослаю бародкай яго твар ледзь шарэў на саломе, у грудзях хрыпела на адной ноце. І тады Рыбак падумаў, што, мабыць, пакуль ёсць такая магчымасць, ім трэба аб чым-колечы дамовіцца.

- Слухай, я, здаецца, іх абхітру, - шапнуў ён, схіліўшыся да напарніка. Той здзіўлена расплюшчыў вочы - шырокія бялкі ў вачніцах бліснулі адбіткам святла з акенца. - Толькі нам трэба казаць аднолькава. Найперш: ішлі па харчы, хутар спалены, прыбіліся да Лясін, ну і ўзялі авечку.

- Нічога я ім не скажу, - перапыніў яго Сотнікаў.

Рыбак прыслухаўся, ці няма дзе каго паблізу, але, здаецца, скрозь было ціха. Толькі зверху даносіліся галасы і крокі, якраз над іх камерай. Але адтуль яго не пачуюць.

- Ты не дуры, чуеш? Трэба нешта і сказаць. Дык слухай далей. Мы з групы Дубавога, ён цяпер у Баркоўскім лесе. Хай правераць.

Сотнікаў знерухомеў, перацяў дыханне.

- Але атрад Дубавога сапраўды там.

- Ну і што?

Рыбак пачынаў злавацца: от жа незгаворлівы чалавек, ці ў тым справа! Вядома, гэты атрад там, але ад таго, што яны назавуць месца, яму будзе ні холадна ні горача - паліцаям да яго не дабрацца. Іхні ж якраз у куды болей ненадзейным месцы.

- Слухай. Ты паслухай мяне. Калі мы іх не падманем, не схітрым, яны нас закатуюць. Трэба трохі і ў паддаўкі згуляць. Не рваць цераз сілу.

Сотнікаў, чуваць было, быццам насцярожыўся, напяўся, дыханне яго прыглушэла, здаецца, ён нешта думаў.

- Нічога не выйдзе!

- А што ж тады выйдзе? Смерці дастукацца лягчэй за ўсё.

Вот боўдзіла, падумаў Рыбак. Ужо такое дурной упартасці ён ад яго не чакаў. Зрэшты, сам адной нагой у магіле, дык яму што - не хоча нават падумаць, каб не пацягнуць туды і таварыша.

- Ты паслухай! - памаўчаўшы, зашаптаў Рыбак. - Нам нада іх павадзіць. Знаеш, як шчуку на вудзе. Інакш перасіліш, парвеш, і ўсё прапала. Нада прыкінуцца смірнымі. Знаеш, мне прапанавалі ў паліцыю, - неяк, сам не жадаючы таго, сказаў Рыбак.

Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай.

- Во як! І што ж - пабяжыш?

- Не пабягу, не бойся. Я з імі патаргуюся.

- Глядзі, пратаргуешся, - з нядобрасцю прасіпеў Сотнікаў.

- Ну а што ж - прападаць? - ледзь не крыкнуў са злосцю Рыбак і змоўк, вылаяўшыся пры сабе: чорт з ім! Не хоча - ягоная справа; Рыбак жа будзе змагацца за сябе да канца.

Сотнікаў задыхаў цяжэй, ад хвалявання ці ад знямогі, зрабіў спробу адкашляцца - у грудзях яго страшна захрапло, Рыбак аж спалохаўся: памірае, ці што? Але ён не паміраў і неўзабаве, саўладаўшы з дыханнем, сказаў з рашучасцю ў голасе:

- Дарма паскудзішся, во што! Паганіш армейскі гонар. Жывымі яны нас не пусцяць.

- Як сказаць. Калі пастарацца...

- Для каго старацца?! - ледзь не крыкнуў Сотнікаў і задыхнуўся. Хвілінку ён пакутна кашляў, пасля хвіліну зморана дыхаў, потым сказаў надта змораным голасам: - Не ў карты ж гуляць яны цябе ў паліцыю завуць.

Мабыць, не ў карты, пагадзіўся ў думках Рыбак. Але ён ішоў на гэтую гульню, каб выйграць сабе жыццё - хіба гэтага мала? А там яно будзе відаць, толькі б не забілі, не закатавалі. Толькі б вырвацца з гэтае клеткі, а чаго благога ён сабе не дазволіць. Хіба ён вораг сваім?

- Не бойся, - сказаў ён. - Я таксама не лыкам шыты.

Сотнікаў засмяяўся аслабелым, ненатуральна кароценькім смехам, які прагучаў, нібы енк.

- Дзівак! З кім ты ўздумаў цягацца?

- А вот пабачыш.

- Гэта - машына! Або ты будзеш служыць ёй, або яна сатрэ цябе ў парашок! - задышліва прасіпеў Сотнікаў.

- Я ім паслужу!

- Толькі пачні!

Не, відаць, з ім не згаворышся, з гэтым дзіваком чалавекам, - падумаў Рыбак. Як у жыцці, так і перад смерцю ў яго на першым месцы ўпартасць, нейкія там прынцыпы, а ўвогуле ўся справа ў характары - так разумеў Рыбак. Але каму не вядома, што ў той гульні, якая завецца жыццём, куды з большым выйгрышам аказваецца той, хто ўмее хітраваць, хто дбае пра свой лёс, а не пра свой не заўсёды здаровы гонар. Ды і як жа інакш? Сапраўды, фашызм - машына, якая здратавала сваімі калясьмі паўсвету і бадай усю Эўропу, хіба можна ўвесь час бегчы ёй напярэймы і размахваць голымі рукамі? Можа, куды здатней будзе паспрабаваць ціхенька сунуць ёй між колаў якую-небудзь патарчаку; глядзі - забуксуе і тым дасць магчымасць уратавацца.

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 67
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)