Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
Прычыненыя дзверы. Дзённы прамень коса падае з ix, i ў промені шыза і вясёлкава клубіцца дым, пераліваецца, наплывае адным завітком на другі. I так усё вышэй, вышэй.
Дым цягнецца ад кучкі смалякоў, на якіх стаіць гаршчок, ды яшчэ ад люлькі ў мужчыны, што сядзіць ля дзвярэй. Што за мужчына? Увесь y белым — значыць, мужык. Твар сухі і амаль безбароды, вусы рэдкія. A вочы пранізлівыя, жоўта-бурштынавыя, бы ў коршака, спайманага ў сіло. Калі падыдуць людзі, ён глядзіць на іх непрымірыма, з той вышэйшай пакорай лёсу, якая бывае ў звяроў і драпежных птушак, якія разумеюць, што ўжо нічога не зробіш.
Ля гаршка сядзіць на калодзе жанчына, тая, што давала піць. Дзіўная жанчына. Уся ў чорным, як мнішка. На галаве доўгі чорны шаль, што адкрывае толькі трохкутнік аблічча. Аблічча мужыцкае і не мужыцкае, цёмна-бронзавае і сухое, закасцянелае ў нейкай уладнасці. Сустрэўшы такую, спалохаешся, але той, коршак, трымае сябе вольна: відаць, аднаго поля ягады.
— Пі, мужык, — кажа жанчына.
Схіляецца над ім твар. Вочы страшэнныя, глыбокія і, дзіва, зусім не старыя.
На гэты раз пітво як палын і блёкат — шэрхнуць паднябенне і язык, цьмянее ў вачах.
— Пі, мужык. Бунтаваць дык саладзей было, дураломам.
…Якая палёгка. Цяпер можна ўжо і гаварыць. I ён пытае слабым, — бо рот як пасля моцнай аскомы, — голасам:
— Дзе я? Чаму?
— Лапата даставіў. Я Грынь Паківач. A гэта Марта… Гм, маці божая… I шчасце, што ты ў нас. Бо здох бы, як сабака, без прычасці… Хто ж гэтай бруднай вадой раны палівае, доўбня неразумная?
— Гарэлі.
— Маглі б зусім згарэць. Пакуль давезлі — быў y цябе ўжо антонаў агонь. Скура вакол раны стала плямамі. Вось яно як, пане Корчак. Панамі быць захацелі — вось вам скуру і вырабілі.
— Пад сэрцам робiцца холадна. Значыць, канец?
Млынар пускае дым.
— Паглядзім, — кажа ён. — Першыя два дні смярдзела твая рана. Паглядзім, як цяпер.
— Не лай яго, — сухім голасам кажа Марта.
— Як жа не лаяць, — кажа Паківач, — калі ў яго ў кішках мазгі. Забыў, што такое пан і што мужык.
Злосць зноў падкочвае пад сэрца Корчаку. I ён кажа:
— Мы як ваўкі і як сабакі… Адных шчанюкоў нам з імі… ніколі… не пладзіць.
— Разумны, — кажа млынар, — ды толькі яшчэ ніколі воўк не вартаваў пакояў, a сабака не выў y начным лесе. Дык, значыць, і не лезьце ў хаўрус адзін да аднаго, не пніцеся. Яны, бач, справядлівасці захацелі.
— Кры-ыўда.
— Ну, a каб вы панамі сталі — не крыўда была б? Камусьці ўсё адно была б крыўда. Можа, яшчэ і горшая. Няма горш, як з хама пана, a з дзярма пірага.
Гэтыя буркатлівыя словы злуюць Корчака, але ён маўчыць.
— Можа, і горш, — кажа Паківач. — Бо ўсё адно, хто зверху будзе класці ногі на чужы карак. Дык y гэтых паноў ногі больш кволыя, чым твае ступакі. Іхнія ногі да дыгаў і скокаў звыклі, яны такога выспятка даць не могуць, як ты ў карчме.
— Іхнюю далікатнасць… зведаў… У крыжы стралялі, нехрысці.
— Навучылі, — усміхаецца Паківач. — I правільна зрабілі, што навучылі. Вы ж, палахліўцы, вёскай ад дзесяцёх уцякалі. Не з вашымі зубамі арэхі есці. Хоць бы тое падумаў, ці нападае ў Янаву ноч воўк?.. Не-е. Ён чакае той ночы, якую яму бог вызначыў, ён піліпаўкі чакае і тады ў сенцы ўлазіць, каб сабаку дастаць. Таму што бог яму тую ноч даў для ўлады. A да таго ён маўчыць, ён да сялібы не пойдзе, як вы… Палезлі — і наклалі ўсім сялом y порткі. Таму што як быццам і разам, a на справе — быдлячая чарада. Нішто вас не вяжа, кожнаму свая шкура даражэй… Калі не зменіцеся — так вам давеку быдлам і быць. Забасцё часам аднаго, дык адразу будзе над вамі новая пуга…
— Маўчы, Грынь, — сказала Марта. — Ты што, забыў, што ён ранены, што яго злаваць нельга.
— A i ты маўчы, — сказаў Грынь. — Давай, во, лепей перавязвай.
Марта разгортвала белыя анучы на грудзях Корчака. Паранены адчуў, як збалелае цела дробнай дрыготкай адказвае на штуршкі болю: Марта аддзірала палатно ад раны.
— Тц-тц-тц, — пацмокаў Паківач.
— Дрэнна? — спытаў Корчак, не расплюшчваючы вачэй.
— Лепей, — сказаў млынар. — Але яшчэ не зусім добра.
Яго грубыя рукі дасталі аднекуль жменю шараватай з прозеленню вязкай масы і пачалі раскладаць па ране. Корчак адчуў прыемны халадок.
— Падзякуй свайму богу: тры тыдні не пяклі… Лета, праснакамі абыходзімся, — сказала Марта. — Гэта плесня, што ў дзежцы на рошчыне вырастае, калі не пякуць хлеба.
— Ведаю, — сказаў Корчак. — Здымеш, a ніжэй добрая.
— Ну вось, — сказала Марта. — Калі ёсць божая воля — ачуняеш.
Пах рошчыны вярнуў Корчака да ўспамінаў аб хаце, аб жонцы і дзецях. Пасля ён успомніў хату і нябожчыцу матку. Матка збіралася саджаць y печ хлеб. "Хадзі сюды, сыночак", — казала яна. Ён ведаў і падыходзіў. Рукі маці былі голыя вышэй локцяў. "Нахіляйся", — казала маці. I потым яе рука з моцным плясканнем рэзка ўваходзіла ў надзьмутае грыбам цеста. Маці вырывала руку, і ён, малы хлопчык, прыпадаў носам да ямкі ў цесце, a адтуль — толькі на імгненне — шыбала кіслым і рэзкім, аж y вочы калола і ў галаве круцілася, неймаверна сытым і добрым духам. I гэта быў самы прыемны пах, дамавіты, як печ, як родная хата, і лепшы за кожны водар на зямлі — не нанюхаўся б і за ўсё жыццё. Таму што гэта быў — хлеб…