Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
Ён ледзь не заплакаў ад крыўды, але злосць зрабіла яго мацнейшым, ён устаў і павалокся чаротам да далёкага Дняпра.
"A поп Васіль казаў, што ніводзін хрысціянін не будзе страляць y знак святога крыжа… A гэтыя стралялі…"
Злосць нарастала, і гэта давала яму змогу рухацца. Ён ішоў і ішоў на дрыготкіх нагах. Толькі б выжыць, ён ім тады пакажа…
Але як выжыць?
I тады ён успомніў, што ў Азярышчы жыве сваяк Цыпрук Лапата. Пэўна, ён і не ведае аб падзеях y Півошчах, можа, і ўратуе. Значыць, трэба праставаць на Дняпро, пастарацца пераплысці яго і схавацца ў Азярышчы.
У галаве ягонай усё часцей цямнела. Ён ішоў чаратамі, лугам і зноў чаратамі, падаючы ў карычневую гразь.
…Цыпрук Лапата, які затрымаўся на рацэ і плыў дадому, выпадкова заўважыў аблепленага гразёю чалавека, які плазаваў да вады. Чалавек поўз, a потым абмяк, стаў нерухомы. I, паспяшаўшы да яго, Лапата ледзь пазнаў сваяка.
Лапата ўжо ведаў пра падзеі ў Півошчах і таму не здзівіўся. Але ён разумеў і тое, чаго не разумеў паранены Корчак: уцекачоў будуць шукаць y сваякоў і знаёмых. I таму, перавёзшы ўначы сваяка цераз Дняпро і зрабіўшы яму ў хаце сякую-такую перавязку, ён, з дапамогаю сына, ускінуў яго на воз і выехаў з двара: вырашыў за ноч перавезці яго на млын жончынага дзядзькі, Грыня Паківача. Млын стаяў y лесе, за восем вёрст ад Загоршчыны.
Грынь ведаў травы і мог памагчы. Акрамя гэтага, была і яшчэ адна выгода: на Паківачоў млын людзі стараліся не ездзіць, бо ў гаспадара была незайздросная слава чараўніка і ведзьмара.
…Вёска спала, калі Лапата ехаў вуліцай. Толькі ў акенцы Кагутоў свяціўся агеньчык: сям'я дапозна працавала і цяпер, відаць, вячэрала.
Лапата дзякаваў богу, што вёска спіць. Але ён не быў бы такі спакойны, каб ведаў, пра што гаварылі Кагуты за вячэрай. A рашылі яны праз некалькі дзён ехаць на Паківачоў млын з першым збожжам, бо ў сваім, азярышчанскім, млыне было завозна.
X
Раніцай назаўтра госці раз'язджаліся. Праводзячы іх стрэламі з гармат, зноў бурчаў на Фельдбаўха Кірдун. I зноў Алесю даводзілася стаяць на тэрасе, аддаваць развітальныя паклоны.
Вось спыніўся перад ім Басак-Яроцкі. Спакойна глядзіць y вочы пастрыжнога сына наіўна-сінімі вачыма:
— Бывай, сынок… Будзе сумна — заязджай лiсiц пастраляць… Кгм…
I дадае шэптам:
— A калі будзе цяжка, ды яшчэ, крый божа, знойдзецца вораг — помні: ёсць дзядзька Яроцкі, які ўмее трымаць пісталет.
— Дзякуй вам.
Пан Мнішак збіраецца ў дарогу. Глядзіць на Алеся разумнымі вачыма. Гэты не запрашае, гэтаму, уласна кажучы, няма куды і запрасіць.
— До відзэня, млоды пан.
— До відзэня, — чырванеючы, з жахлівым акцэнтам кажа Алесь.
Ён ніколі не наважыўся б на такое ўніжэнне, каб не жаданне зрабіць старому прыемнае.
…Віцэ-губернатар падыходзіць да яго, зусім не такі румяны і свежы, як учора, хаця стараецца трымаць гонар.
— Бывайце, князь! Старайцеся быць вартым сынам Расіі. Многа вам дадзена — многа з вас і чакаецца.
"Трымайся проста, будзь ласкавы, будзь велічны, стары ваяка, але гэта ты гаварыў y далоні незразумелыя і страшныя словы, і я цяпер невыразна адчуваю, якія прорвы, якія безнадзейна мёртвыя пустэчы за кожным спакойным дарослым тварам, які адчай за кожнай паспяховай кар'ерай.
Але я не пакажу табе гэтага. У мяне таксама няма нічога, акрамя магіл. Так мяне вучылі".
Едуць Хаданскія. Паблажлівая ўсмешка старога графа, занадта ласкавая, каб ёй можна было шчыра верыць. A Ілля нічога сабе звярок. Так і не сышліся бліжэй.
Хлопчык праводзіць вачыма кожную сям'ю, быццам яна знікае навекі, і не ведае, што ўсё гэта — ніці таго кіліма, які яму давядзецца ткаць усё жыццё, доўгім ці кароткім яно будзе. Некаторая нітa будзе ісці амаль суцэльным фонам, шэра-зялёным, як дажджлівы панядзелак. Некаторая сустрэнецца палоскай, вузкай, на дзень працы. Некаторая прамільгне чырвонай адзінай нітачкай, але праз усё жыццё.
Людзі прыйшлі — людзі і знікаюць. I яму здаецца, што знікаюць назаўсёды.
I Майка з Мсціславам сёння таксама знікнуць.
A вось накіроўваецца да сходаў лічба "20", браты Таркайлы.
— Бывай, князь, — басам кажа Іван. — Глядзі, Тодар, які хлопец расце. Сапраўдны прыдняпроўскі лыцар. Як вырасце — лепей з ім не звязвайцеся, розныя там англічане ды туркі. Дасць — лужына застанецца. Го-го-го-гык!
Тодар кіславата ўсміхаецца. A Іван басіць далей:
— Наш… Наш… Прыязджай, брат, да мяне — ажаню. Мы такога героя нейкім сушаным рыбам і панюхаць не дамо…