Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
— Зноў не спіць, — сказаў Паўлюк.
— Ніколі не спіць, — уздыхнуў Андрэй. — Чакае.
Цяпер блізняты ішлі першыя, поплеч. Каб першымі, у выпадку чаго, сустрэць бяду.
Гарэў над паплавамі далёкі, вельмі самотны ў цемры агонь. І дзеці ішлі на яго.
Шаты выраслі над галавою зусім нечакана. То былі ўсё далёка, далёка, а то раптам насунуліся на дзяцей і навіслі над галовамі. І агонь знік.
Агароджа з тоўстых жалезных прутоў ішла ў левы і правы бок, і ёй не было відаць канца.
— Пойдзем направа, — шэптам сказаў Андрэй. — Не можа быць, каб дзіркі нідзе не было.
Але iм давялося iсцi даволi доўга, пакуль Кандратава рука, якой ён увесь час вёў па прутах, не натрапiла на пустое месца. Нехта выламаў адзiн прут.
Трэба было лезці. Але парк цямнеў так страшна, што яны міжвольна марудзілі.
З парку даляцеў крык, ціўканне птушкі, якую, відаць, заспеў у сонным гняздзе нейкі начны драпежнік. Можа, то куніца гаспадарыла па чужых кублах, а можа, соўка-начніца. І гэтае ціўканне быццам абудзіла ўсіх.
— Ну-к што ж, — перахрысціўся Андрэй. — Палезлі…
Яны пералезлі, і цёмныя паркавыя шаты прагна накрылі іх.
…Крокі былі бязгучныя. Густая трава глушыла іх. Цемра востра, па-начному, пахнула грыбамі, вільготнай лістотай, моцным дубільным духам дубовых хмызоў і трошкі душным, лазенным водарам бяроз.
Нябачная сцежка, якой яны ішлі, прывяла да высокай зламанай бярозы над самым адхонам. Бяроза зламалася, але не ўпала, затрымаўшыся на суседніх дрэвах, і цяпер жорстка бялела ў цемры сваім мёртвым ствалом.
Адсюль было відно даволі далёка. Сцежка тут раздвойвалася. З левага боку яна ішла да кучаравага ўзгорка, на вяршыні якога невыразна бялела дзвюма званіцамі раўбіцкая царква.
Другі адрожак сцежкі спускаўся з адхону, вёў кудысьці ніжэй, відаць, да другіх белых будынкаў, якія вольна раскінуліся ў чашападобнай лагчынцы, што пачыналася адразу ля падножжа царквы. І, замыкаючы лагчынку з другога боку, паўколам ляжала ў нізіне падкова свінцовага возера.
— Пойдзем па правай, — сказаў Кандрат. — Ну яе да д'ябла, царкву. Раўбіцкія казалі, стаіць, як труна.
Сцежка спускалася па схіле наўскос і неўзабаве вывела на адкрыты з двух бакоў выступ узгорка. На выступе густа раслі дрэвы, а між дрэў шарэла вузкая будыніна, падобная на царкву без барабанаў[47] і купалаў. Гэта была, відаць, старая камяніца, вежа пры доме. Такіх многа ў той час было раскідана ля прыдняпроўскіх маёнткаў. Заўсёды трошкі наўздалёк ад новых дамоў, старыя прыбежышчы роду на выпадак вайны, цяпер ужо нікому непатрэбныя, халодныя, як склеп, бо сонца не паспявала за лета прагрэць і высушыць двухсажнёвую таўшчыню муроў, яны павольна разбураліся, раняючы з кладкі на траву паточаныя каменным слімаком валуны. З часам камяніцы пачыналі нагадваць чорна-жоўтыя соты, мёртвую вашчыну без пчол.
Калісьці былі пісталетныя стрэлы, калісьці былі аблогі і пчаліны гуд стрэл. Цяпер — нічога, акрамя разбурэння.
Дзеці, павольна пасоўваючыся ўздоўж аднаго боку будынка, убачылі яр, што рассякаў лагчыну, а за ярам панскі дом. Дом быў зусім цёмны — ніводнага светлага акна.
— Адкуль жа святло? — шэптам спытаў Паўлюк.
Андрэй паціснуў плячыма. І як толькі яны мінулі рог камяніцы, такой, здавалася, нежывой, такой безнадзейна мёртвай, яны ўбачылі адбітак гэтага святла на кроне волата-дуба, што рос ля сцяны…
…Свяцілася акенца ў верхнім паверсе камяніцы. Свяцілася нежывым, сінім, нейкім зіхоткім агнём: часам мацней, часам слабей.
— Зазірнуць бы, — сказаў Кандрат.
— Потым на дуб палезем, — сказаў Андрэй. — А зараз абыдзем камяніцу. Чорт яго ведае, дзе тут дзверы. Часам нехта выйдзе і схопіць… Я ж казаў, нячыста тут.
Яны рушылі далей, павольна абышлі ўжо тры бакі будыніны і цяпер павінны былі выйсці на чацвёрты бок, што выходзіў на стромы адхон.
Дзвярэй не было i тут, як быццам той, хто палiў агеньчык, прылятаў сюды паветрам. Але затое тут было акно на ўзроўнi зямлi, вiдавочна прабiтае пазней у глухiм муры, i з гэтага акна падала на строму чырванаватае святло.
Яны ўбачылі гэтае святло і адначасова пачулі нягучнае і рэдкае пастукванне жалезам аб жалеза, учулі саладкаваты серны смурод.
З заміраючымі ад цікаўнасці і жаху сэрцамі яны плазавалі да гэтага акна. Паўлюк застаўся з Янькай у хмызах, а хлопцы паўзлі бліжэй, бліжэй. Чырванаватыя ўспышкі рабіліся больш яркія, пастукванне — больш трывожнае і выразнае.
47
Барабан — круглая надбудова, якая трымае купал.