Шляхам жыцьця
- Автор: Купала Янка
- Год: 1913
- Язык: белорусский
- Год: Друкарня Ю. Н. Эрліх
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Шляхам жыцьця». Краткое содержание книги:
Зборнік уключае больш за 200 вершаў пераважна 1910–1913 гг., паэмы «Курган» і «На Куццю», драматычную паэму «На папасе», пераклады з польскай мовы твораў А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі і інш. Творы, змешчаныя ў зборніку, сталі найбольшым дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, вылучаліся маштабнасцю лірычных і эпічных вобразаў, паказу жыцця як гістарычнага руху народа з часоў мінулых праз сучаснае ў будучыню. У іх яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і нацыянальнай свядомасці беларускага народа.
Перейти на страницу:
*
Песьні гэтай знаём і палац мураваны,
Што ў хмяліных бялее повоях,—
На пачэсным кутку заседае жаданай—
Мілай госьцей ў багатых пакоях.
I ў засьценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай
Тую-ж долю-нядолю гадуе,
Гэта песьня плыве над ліповой калыскай—
Гэтак маці над дзіцем бядуе.
З маткай рэчка і вецер па свойму запелі,
Зашумеў бор зялёны, сасновы,
Як-бы тые напевы яны зразумелі,
Што злажыў чуйны Лірнік вясковы.
*
А калі ты, гаротнік, тулач беззямельны,
Будзеш долей закінут у горад,—
Ты пачуеш і там голас той непаддзельны,
Што спаткаці, пачуць быў даўно рад.
Ці сіроткі, к сьцяне прытуліўшысь халоднай,
Ноч праводзюць, усходу чэкаюць,
Ці нешчаснаго ўбачыш, як гнецца галодны—
Ты спытай — яны Лірніка знаюць.
Там і сіняя мгла, як настануць марозы,
На муры сее пух брылянтовы,
Быццам тые праўдзівые сьветлые сьлёзы,
Што калісь выліў Лірнік вясковы.
*
Ўсюды Лірнік сваей чарадзейскаю лірай
Думкі-чары, як кветкі разсеяў,—
I ці ўмёр, ці жыве між людзьмі далей шчыра—
Адгадаці малая надзея.
Час патрапе усё пакрышыць, адалеці,
Путы нават змарнеюць у плесьні,—
Покі-ж будзе душа хоць адна жыць на сьвеце,
Будуць жыці і лірнікаў песьні.
Будзеш жыць! Будуць векі ісьці за векамі.
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як і слоў беларускіх жывучы між намі
Не забыўся ты, Лірнік вясковы.
Перейти на страницу: