Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Сотнікаў
Сотнікаў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сотнікаў

Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:

Аповесць Сотнікаў - аповесць-разважанне аб вечных філасофскіх пытаннях - цане жыцця і смерці, баязлівасці і гераізме, вернасці абавязку і здрадзе, - пытаннях, з усёй варожасцю зададзеных героям Васіля Быкава вайной.
1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 67
Перейти на страницу:

- А той, Кульгаёў, ці як яго. Пры лесе.

- Праўда. Кульгаёў спалены. Немцы спалілі. А Кульгай і ўсе кульганяты расстраляны.

«Слава Богу, не давядзецца ўзяць грэх на душу», - задаволена падумаў Рыбак.

- А як апынуліся ў Лясінах?

- Ды так. Напаткалі ўначы, ну і... Зайшлі да старасты.

- Так, так, зразумела, - аб чымсь раздумваючы, прыкінуў следчы. - Значыць, ішлі да старасты?

- Не, чаму? Ішлі на хутар, я ж сказаў...

- На хутар, зразумела. А хто камандзір банды? - раптам запытаў следчы і, поўны ўвагі, замёр, утаропіўшы ў яго жорсткі, уважлівы позірк.

Рыбак падумаў, што тут ужо можна схлусіць - хай праверыць. Хіба што Сотнікаў...

- Камандзір атрада? Ну, гэты... Дубавы.

- Дубавы? - чамусьці здзівіўся следчы, і Рыбак працягла паглядзеў у яго вочы. Але не затым, каб упэўніць следчага ў праўдзівасці свае хлусні, - важней было зразумець, вераць яму або не. Аднак на востранькі, як бураўчык, позірк следчага набег цень задуменнасці.

- Прахвост! Ужо і з Дубавым знюхаўся! Я так і ведаў. Увосень не ўзялі - і вось, калі ласка...

Рыбак не зразумеў, каго ён мае на ўвазе? Старасту? Але як жа тады? Відаць, ён тут штосьці наблытаў... Аднак разважаць не было калі - Партноў імкліва вёў далей допыт.

- Дзе атрад?

- У лесе.

Тут ужо ён адказаў без затрымкі і нават прама і бязгрэшна паглядзеў у сцюдзёна насцярожаныя вочы следчага - хай упэўніцца.

- У Баркоўскім?

- Ну.

(Дурныя яны, ці што, сядзець у Баркоўскім лесе, які хоць і вялікі, ды пасля ўзрыву моста на Іслянцы абложаны з чатырох бакоў. Хопіць таго, што там асталася група гэтага Дубавога, рэшткі ж іхняга атрада перабраліся за шаснаццаць кіламетраў на Гарэлае балота.)

- Колькі чалавек у атрадзе?

- Трыццаць.

- Лжэш! У нас ёсць звесткі, што болей.

Рыбак паблажліва ўсміхнуўся. Ён адчуў патрэбу прадэманстраваць лёгкую пагарду да недасведчанасці следчага.

- Было болей. А цяпер трыццаць. А астатнія выбылі. Ведаеце, баі, страты...

Следчы задаволена паёрзаў у крэсле.

- Што, пашчыпалі? Во-во! Скора пух-пяро паляціць ад усіх вас.

Рыбак памаўчаў. Ягоны настрой пайшоў угору - здаецца, ад Сотнікава яны не многа даведаліся, значыць - можна набаяць баек - хай правяраюць. Зноў жа падобна на тое, што следчы пачаў дабрэць у сваіх адносінах да яго, і Рыбак падумаў, што гэтую добрасць трэба неяк умацаваць, каб можна яшчэ і пакарыстацца ёю.

- Так! - следчы адкінуўся ў крэсле. - А цяпер ты мне скажы, хто з вас двух страляў ноччу? Нашы бачылі - адзін пабег, а другі страляў. Ты?

- Не, не я, - сказаў Рыбак, не надта, аднак, рашуча. Тут ужо яму проста няёмка было апраўдвацца і тым самым перакладваць віну на Сотнікава. Але што ж, браць яе на сябе?

- Значыць, той? Так?

Гэтае пытанне асталося без адказу - Рыбак толькі падумаў: «Каб ты здох, сволач! Так спрытна ловіць». Ды і на самай справе, што ён мог яму сказаць?

Зрэшты, Партноў не надта настойваў.

- Так, так, зразумела. Як яго прозвішча?

- Каго?

- Напарніка.

Прозвішча! Навошта б яно ім здалося, гэтае прозвішча?

Але калі Сотнікаў не назваў сябе, тады нягожа называць яго і яму. Мабыць, трэба было б неяк схлусіць, ды Рыбак не мог знайсці як.

- Не ведаю, - урэшце сказаў ён. - Я нядаўна ў гэтым атрадзе, яшчэ не ўсіх знаю па прозвішчах.

- Так, не ведаеш, - з лёгкай прытворнай прыкрасцю канстатаваў Партноў. - А стараста гэты, кажаш, Сыч? Так ён у вас значыцца?

Рыбак напружыў памяць - здаецца, ён не чуў нават і прозвішча старасты, не толькі ягонай мянушкі.

- А не ведаю. Чуў - у вёсцы яго завуць Пётра.

- Ах, Пётра.

Яму на хвіліну здалося, што Партноў гэты нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго.

- Так, так. Значыць, родам адкуль? З Магілева?

- З-пад Гомеля, - цярпліва паправіў Рыбак. - Рэчыцкі раён.

- Прозвішча?

- Чыё?

- Тваё.

- Рыбак.

- Дзе астатнія з банды?

- На... У Баркоўскім лесе.

- Колькі да яго кіламетраў?

- Адсюль?

- Ну, адкуль жа яшчэ?

- Не ведаю точна. Кіламетраў васемнаццаць будзе.

- Правільна, будзе. Якія вёскі радам?

- Вёскі? Дзягцярня, Уклеіна. Ну і гэта, як яе... Драгуны.

Партноў зазірнуў у паперку, што ляжала перад ім на стале.

- А якія ў вас сувязі з гэтай... Вокунь Аўгінняй?

- Дзёмчыхай? Яй-богу, ніякіх. Проста зайшлі перахавацца, паесці. Ну а вашыя хлопцы...

- А хлопцы і награнулі! Малайцы хлопцы! Дык, кажаш, ніякіх?

- Абсалютна. Аўгіння тут ні пры чым.

Следчы борздзенька ўскочыў за сталом, локцямі смыкнуў угору - мусіць, велікаватыя ў паясніцы штаны.

- Не вінавата! А вас прымала? На гарышча хавала? Што, думаеш, не знала, каго хавала? Добра знала! Пакрывала, значыць. А па законах ваеннага часу за гэта што палагаецца?

1 ... 41 42 43 44 45 46 47 48 49 ... 67
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)