Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Вёска. Нічые. Рэвізія - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Вёска. Нічые. Рэвізія

Электронная книга - «Вёска. Нічые. Рэвізія». Краткое содержание книги:

Аповесці Нічые, Вёска і раман Рэвізія, што складаюць чарговую кнігу лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа Андрэя Федарэнкі, яшчэ падчас часопісных публікацый атрымалі шырокі чытацкі розгалас, прычым ацэнкі былі неадназначныя, нават палярныя. Чытаюцца творы вельмі лёгка, яны насычаны дэтэктыўна-прыгодніцкімі элементамі, разам з тым аўтар прытрымліваецца строгай дакладнасці гістарычных фактаў.
1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 198
Перейти на страницу:

І не было ім пра што гаварыць, як і ніколі не было пра што. Падняцца б і пайсці, — але Васкевічу раптам нясцерпна захацелася выпіць, проста напіцца, як учора, і ён усё сядзеў, чакаў, пакуль Валер запросіць яго ў хату.

— Да мяне ўчора сябар з Менску прыязджаў, расказваў, мітынгуюць там... Праўда?

— Мітынгуюць... а-а! — пазяхаючы, адказваў Валер. — А што яшчэ рабіць?

— Метро, я чуў, другую лінію пусцілі?

— Пусцілі.

— Якой маркі машына? — спытаў Антон.

— Пяты «жыгуль», — адразу ажывіўся аднакласнік. — Дурны я, прашляпіў сам, можна было «дзевятачку»...

Адчыніліся дзверы веранды і высунулася дзявочая галава. Васкевіч павітаўся, галава не адказала, нават, здалося, і не кіўнула. Валер хуценька падхапіўся:

— Ну, давай, — працягваў Антону руку. «Лепш — бывай», — падумаў Васкевіч, выходзячы на вуліцу. Ён быў проста раздушаны. Усё яго жыццё ўспомнілася яму, пранеслася этапамі перад вачыма... Маленства, школа, армія, інстытут, «адраджэнства», бібліятэка, каханне яго... І такім будзённым, пустым, нікому непатрэбным, «жалким» паўстала перад ім гэтае жыццё! Што каму з таго, што Валер — хітры, кар’ерыст, калі трэба падліза, калі трэба — хцівы і жорсткі? Што з таго, што ён хам, неначытаны, самалюбівы? Каго з іх дваіх вяскоўцы, маткі, дзеўкі, увогуле людзі будуць больш паважаць, пра каго скажуць: «Во, гэты ўмее жыць! І сам не прападзе, і дзяцей сваіх у людзі выб’е»?

«Не, без пляшкі тут не разбярэшся!» — падумаў Антон, беручы знаёмы курс на Двароўку. Нябось, Ручка не будзе хваліцца сваім трактарам, а ўзрадуецца і пабяжыць шукаць самагонку.

ХХІІІ

Канчаўся май — дажджлівы, са страшнай камарэчай і машкарою, занадта халодны для гэтай самай паўднёвай часткі Беларусі, май — прадвеснік таго гарачэннага пажарыстага лета, за якое выгарэла мо трэцяя частка лясоў Гомельшчыны.

Раніцамі Васкевіч браў кош і сыходзіў у лес, па лісічкі. Кожны раз ішоў аднымі мясцінамі — утравянелымі дарогамі, верасовым бярэзнічкам — і кожны раз набіраў поўна. Не спяшаўся, калі налазіў на цэлую жоўтую порасль, аж у вачах жаўцела, патрошку, як стары дзед, прысеўшы, падразаў сабе лісічкі, знаходзячы асалоду ў гэтай аднастайнасці, у ледзь чутным чырканні нажа па карэньчыках, абдуваў грыбы, акуратна складаў у кош. І шкада было, што той хутка напаўняецца. Не хацелася вяртацца дамоў, не хацелася слухаць дакучнага буркатання маткі, якая ўсё не магла ўняцца з таго дня, як прыязджаў Рамановіч і Антон напіўся. Ён разумеў, што п’янка была для яе толькі прычынаю. Проста тады, зімою, калі ён вярнуўся з Мінска, маці — што б яна там ні казала — усё ж спадзявалася, што ён пабудзе тут часова. І вось час бяжыць, аднагодкі яго жэняцца, вучацца, купляюць машыны — адзін ён, як быў, так і ёсць.

Бурчэла маці, забралі ў армію Пецю з Двароўкі, жыла недзе ў Гомелі Ірэна, у Мінску — Рамановіч, які цяпер, вядома ж, нават думаць забудзе пра яго, Антона, ні разу не з’явілася ў бібліятэцы Наташа, і Васкевіч нават не ведаў, дзе яна — можа, ужо з’ехалі назад на Магілёўшчыну. Нават брат Сцяпан амаль не паказваецца ў вёсцы, заняты сваёй сям’ёй, сваімі клопатамі. Самае крыўднае, што і Ручка ўрэшце дайграўся, п’яны, ссунуўся трактарам з моста ў рэчку, ледзь выграбся сам, а трактар і па сёння не могуць выцягнуць; прыехаў участковы, за каршэнь, як шкадлівае дзіця, запіхнуў няўдалага трактарыста ў машыну і павёз некуды ў горад.

Хоць нейкія — добрыя ці кепскія, — але былі вакол змены, з усімі Васкевічамі знаёмымі. Толькі ў яго нічога не змянялася. А галоўнае, яму ўжо і не хацелася нечага змяняць, чакаць нечага.

Той дзень, адзін з нямногіх ясных, сонечных, субота, добра запомніўся яму. Субота выхадны, у бібліятэку ісці не трэба. Васкевіч вярнуўся з лесу, паставіў у сенцах поўны да верху кошык з грыбамі. Было яшчэ рана. Маці горбілася на агародзе, акопвала бульбу. Сына памагаць яна не падпускала — «а я што рабіцьму?!» Васкевіч патуляўся па хаце, па двары, потым выцягнуў з дрывотні дзве старыя вуды, памяняў лескі, кручкі і падаўся да сваёй рачулкі. Знайшоў чыстае ад раскі месца ў вечна стаячай вадзе, закінуў, прымасціўся на падмятай траве пад маладым вярбовым кустом. Пасля начнога дажджу стаяла парнасць, машкары не было (нядаўна адцвіла хвоя), трашчалі ў траве, радаваліся сонцу конікі, на вадзе каля паплаўкоў кружылі даўгунцы-вадамеры — як фігурысты на лёдзе... «Я нікуды больш не пайду, ні ў якую бібліятэку, — думаў Васкевіч, гледзячы на нерухомыя чырвоныя шарыкі-паплаўкі. — Ні заўтра, ні праз тыдзень — пакуль не выжануць. Вось так бы і жыць аднаму, з дня ў дзень, з года ў год, ні пра што не думаць... Толькі не тут, а каля вялікай рэчкі, у маленькай хатцы на беразе, без тэлевізара, радыё, газет, кніг... Растварыцца ў прыродзе, быць бакеншчыкам ці паромшчыкам, кожнае раніцы сядзець з вудамі ў лодцы, любавацца, як сонца ўстае, кожным вечарам, пакурваючы на лаўцы пад хатаю, глядзець, як яно заходзіць...»

1 ... 44 45 46 47 48 49 50 51 52 ... 198
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)