Слова сапраўднага лад
- Автор: Сямёнава Ала
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Слова сапраўднага лад». Краткое содержание книги:
Але ж, пэўныя тэндэнцыі ў літаратуры — ад пэўных тэндэнцый у жыцці. Прынамсі, у 20-30-я гады ў Заходняй Беларусі. — ад грамадскага руху. Бо ён, грамадскі рэвалюцыйны рух, быў асновай жыцця тых людзей, пра якіх піша Уладзімір Калеснік. Людзей, што стваралі рамантычных герояў і самі былі героямі, бо, паводле Калесніка, «не выпадкова рэвалюцыйныя дзеячы нясуць у сабе ярка выражаныя рысы рамантычных герояў». А паэты — героі нарысаў Калесніка — барацьбіты, рэвалюцыянеры. Людзі, адданыя высокай ідэі. Не для ўсіх аднолькава яснай. Не ўсімі аднолькава выяўленай у творчасці. Не ўсімі аднолькава баявіта ўзнятай у канкрэтнай дзейнасці. Пра ўсё гэта — у Калесніка. Без згладжвання. Без прылізвання.
Так, Максім Танк, герой рэвалюцыйнага падполля, чалавек легенды, і Максім Танк, творца, паэт рэвалюцыйнага руху,— роўныя кожны самому сабе, «талент... быў на меру характару».
Так, Уладзімір Жылка быў перад усім паэтам, творцай, «не меў схільнасці да арганізацыйна-практычнай работы», «найважнейшай справай у подзвігу ён лічыў маральна-псіхалагічную гатоўнасць да здзяйснення такога ўчынку» («Ветразі Адысея»).
Так, творчасць Алеся Салагуба досыць рытарычная і дэкларацыйная, але сам ён — тыповы заходнебеларускі інтэлігент 20-х гадоў.
І гэта вельмі прыдатна Калесніку. Бо, ствараючы літаратурныя партрэты, прасочваючы эвалюцыю ўсведамлення і творчасці заходнебеларускіх мастакоў, пісьменнік стварае і карціну грамадскага і літаратурнага жыцця Заходняй Беларусі 20-30-х гадоў. Карціну аб'ёмную, дакументальна вывераную, сацыяльна востра акрэсленую, з адчуваннем гістарычнай ролі гэтага краю і філасофскім усведамленнем духоўнага скарбу тых, хто месціўся ў краі, усведамленнем на шырокім фоне духоўнага побыту ўсяго чалавецтва. Карціну яркую, жывую. Са шматлікімі замалёўкамі, што былі б да гонару «чыстаму» празаіку. Яны даюць адчуць каларыт часу, мясцовасці, асяроддзя.
А ісці ж даводзіцца па цаліку, і цалік у хмызняку і выбоінах. Яно-то праўда, культурызаваць пад раллю той цалік не ён адзін імкнецца, нямала дакументальных матэрыялаў пра Заходнюю Беларусь 20-30-х гадоў пабачылі свет, у тым ліку такі адметны твор, як «Лісткі календара» Максіма Танка, прайшлі тут стрыжнявым сваім маршрутам Арэхва і Якуб Міско, адабраў з нябыту многія імёны Арсень Ліс. Але ж час складаны — безліч самых розных палітычных груповак, нацыяналістычныя прывіды і сапраўдная вызваленчая барацьба, да ўсведамлення сутнасці якой таксама не ўсе і не адначасна прыходзілі.
Уладзімір Калеснік сваімі кнігамі па сутнасці стварыў гісторыю літаратурна-грамадскага жыцця Заходняй Беларусі.
Ведучы ж гаворку пра тымчасовае літаратурнае жыццё, самая значная частка якога была адбіткам рэвалюцыйнага вызваленчага руху, нельга абысці гаворкай і авангардысцкую, скажам, плынь у польскай літаратуры, хаця на пралетарска-рэвалюцыйную паэзію яна ўплыву не мела. Але яна існавала, і той жа Максім Танк прыгадваў у «Лістках календара», што «цікавіўся... рознымі школамі і напрамкамі, але асцерагаюся, каб не трапіць на пракрустава ложа іх тэорый». А ўсё, чым цікавіліся яго героі, Калеснік вывучае дасканала, мацёра, каб стварыць для чытачоў поўную карціну. Чым жылі, чаго дасягнулі, чаго пазбеглі яны. Якія творчыя і культурныя сувязі трымаюць — да прыкладу, Максім Танк з класічнай, тагачаснай і сённяшняй замежнай, і ў першую чаргу па абставінах жыцця і часу — з польскай паэзіяй («Максім Танк»).
Не прыпісваючы, як гэта часам здараецца, высокіх памкненняў аднаго ўсім. І не спрашчаючы ні творчых, ні ідэйных пошукаў Жылкі, які няпроста прыйшоў да ўсведамлення марксісцка-ленінскай філасофіі. Не ўзнімаючы да выкшталцонай эрудыцыі Міхася Васілька ці Міколу Засіма. У іх быў свой радыус дзеяння, свой магніт прыцягнення. Шчырасць, палкасць, агульпы шлях з тымі, каму былі адрасаваныя іх вершы. І стойкая намеранасць на рамантычную хвалю творчасці. Што так пасавала гарачым дням барацьбы ў буржуазнай Польшчы і падчас Айчыннай вайны і страціла сваю выносістую моц у размераныя пасляваенныя гады. У Міхася Васілька на тую пару такія дні натхнення толькі выдаваліся, тады «адчуваў сябе маладым, бесклапотным блазнюком і мог прысягнуць, што пачатак свету быў сёння ў ранні» («Міхась Васілёк») і пісаў узнёслыя, шчырыя вершы.
Уладзімір Калеснік стварыў калектыўны партрэт дзеячаў Заходняй Беларусі, што складваецца і з калектыўных замалёвак, і з асобных партрэтаў. Дзе сваё месца займае Максім Танк. Сваё — Валянцін Таўлай. Сваё — Янка Брыль. У Брыля, праўда, літаратурная дзейнасць прыпадае на іншы час. Але станаўленне асобы, усведамленне сябе ў свеце і свету ў сабе, разуменне класавых межаў — у тых, давераснёўскіх гадах. І тэма многіх ягоных твораў — таксама там.