Слова сапраўднага лад
- Автор: Сямёнава Ала
- Год: 1986
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочее научное
Электронная книга - «Слова сапраўднага лад». Краткое содержание книги:
Немалую ўвагу аддае Уладзімір Калеснік чыста філалагічнаму разбору самога перакладу. Не губляючыся ў лексічных прыватнасцях, калі ўваччу стракаціць ад прыкладаў, але ўвесь час помнячы пра слоўную структуру твора.
Як і ў працах «Першы вырай» і «Талент працавіты» — пра польска-беларускія літаратурныя сувязі і ў першую чаргу пра чалавека, які гэтыя сувязі нястомна ладзіць — польскага паэта Яна Гушчу. Тут Калеснік таксама цярпліва, удумліва, тактоўна прасочвае за многімі перакладамі ў анталогіі беларускай паэзіі, якую склаў Гушча («Першы вырай»). Але і ў «Першым выраі», рэцэнзіі на гэту анталогію, і ў нататках «Талент працавіты», пра творчую дзейнасць Яна Гушчы, Калеснік трымае ў полі зроку асаблівасці гістарычнага і культурнага развіцця Беларусі і Польшчы, няпростыя сумежжы беларуска-польскіх узаемаадносін, гаворыць пра нашых перакладчыкаў з польскай мовы.
І выбудоўвае нататкі сюжэтна. Яны маюць не толькі строгае лагічнае развіццё, але і ладную кампазіцыю, свае кантрапункты.
Пры ўсёй шырыні дыяпазону ёсць у Калесніка ўлюбёная, найбольш блізкая яму тэматыка. Гэта літаратура і літаратары Заходняй Беларусі. І ў сувязі з гэтым — праблема рамантызму. Таму што, як даводзіць сам Уладзімір Калеснік, «сучасны рамантызм у мастацтве вырастае не з чыста філасофскіх каранёў, а з глебы больш шырокай — з рамантычных зрухаў у грамадскім жыцці» («Ветразі Адысея»), вызваленчы ж рух Заходняй Беларусі «абвяшчаў героіку эстэтычным ідэалам эпохі» («Алесь Салагуб»). А значыць, і рамантызм — асноўным літаратурным метадам.
Праблема рамантызму ў большай ці меншай ступені разглядаецца ва ўсіх працах пра творцаў Заходняй Беларусі, найбольшую тэарэтычную кандэнсацыю, калі можна так сказаць, набываючы ў нарысе «Старонкі рамантызму» і асабліва ў кнізе «Ветразі Адысея», што падкрэслена і ў падзагалоўку — «Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі». І паралельна з У. Конанам, І. Навуменкам, Р. Бярозкіным, В. Каваленкам на сваім літаратурным абшары распрацоўвае праблему рамантызму.
«Рамантызм у Заходняй Беларусі 20-х гадоў стаў своеасаблівым стылем і нормай...» — адзначыць у «Старонках рамантызму» Уладзімір Калеснік. І пад гэтым узнёслым штандарам будзе разглядаць творчасць і жыццё Валянціна Таўлая, Уладзіміра Жылкі, Піліпа. Пестрака, Гальяша Леўчыка, Міколы Засіма, Міхася Васілька, Алеся Салагуба, Юркі Пружанскага, Аляксандра Гаўрылюка, Петруся Граніта, Васіля Струменя, Герасіма Праменя, Н. Жальбы і інш. Свядома не стаўлю ў гэты шэраг найпершага з заходнебеларусаў Максіма Танка. Яму ці не галоўная ўвага Калесніка. «Паэзія змагання. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура», першая кніга Уладзіміра Калесніка, і нядаўні, 1981 года, нарыс жыцця і творчасці «Максім Танк». І яшчэ — эсэ «Будзённы дзень з Максімам Танкам», надрукаванае ў «Зорным спеве» і ўключанае зараз у выбранае даследчыка «Лёсам пазнанае».
Танкаў творчы метад даследчык трактуе як той, што меў толькі «значную ўдзельную вагу рамантызму» ў давераснёўскі перыяд. Падрахоўваючы ж здабыткі паэта, ён адзначыць: «На дарожнай стрэлцы, якая будзе паказваць агульны кірунак духоўнага і творчага развіцця М. Танка, бясспрэчна, можна напісаць тэрмін рэалізм. Безагаворачна будзе ён стасавацца да характарыстыкі асобы мастака, што ж датычыць творчасці, манеры і стылю паэта, дык тут справа ўскладняецца ўстойлівасцю і нават свядомым замацаваннем рамантычных тэндэнцый». Той самы сінтэз рэалізму з рамантызмам, які ў адносінах да многіх праяў беларускай літаратуры адстайвае беларуская эстэтычная думка.