Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум
- Автор: Шамякина Татьяна Ивановна
- Год: 2007
- Язык: белорусский
- Год: Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы
- ISBN: 978-985-500-101-1
- Жанр: Культурология
Электронная книга - «Кітайскі каляндар і славянскі міфалагічны бестыярыум». Краткое содержание книги:
У папярэдніх раздзелах, прысвечаных жывёлам кітайскага календара, мы імкнуліся дашукацца прычын, паводле якіх тая ці іншая жывёла была ўключана ў задыякальную сістэму і ў далейшым — ужо ў наш час — набыла папулярнасць не толькі ва ўсходнім, але і ў заходнім свеце. Такі ж пошук неабходны і адносна пеўня. Прэтэндаваць на ўвасабленне сонца маглі б шмат якія іншыя птушкі: нават у сям’і тых жа курыных ёсць больш прыгожыя, бліскучыя, ганарлівыя — паўлін, фазан, цэсарка. Але кітайцы выбралі пеўня. Значыць, іх выбар быў абумоўлены і іншымі фактарамі, чым усяго толькі знешні воблік.
Усе курыныя паходзяць з паўднёва-ўсходняй Азіі. Прычым, на думку аўтараў энцыклапедыі «Жыццё жывёл» [34, VІ, 311], прыручэнне курэй у Індакітаі ішло не дзеля яек, а дзеля спартыўных мэт, з-за байцоўскіх якасцей птушак. Версія, на нашу думку, спрэчная. Але ў міграцыях птушак, іх прыручэнні, з’яўленні на тэрыторыі Еўропы ўвогуле шмат загадкавага, незразумелага, нават таямнічага. У прынцыпе спецыялісты-арнітолагі хітра абыходзяць гэтыя пытанні. Таму прыходзіцца выбудоўваць уласныя версіі.
Логіка падказвае, што чым больш аселая птушка і чым больш яна прывучаная да чалавека, тым раней яна з’явілася на той ці іншай тэрыторыі. Звычайныя хатнія куры распаўсюджаны практычна па ўсім свеце. Можна меркаваць, што на тэрыторыю цяперашняй Беларусі, шырэй — Усходняй Еўропы, курэй прынеслі яшчэ барэалы, што ішлі на поўнач услед за адыходзячым ледавіком. Значыць, непасрэдна ў нас куры маглі з’явіцца неўзабаве пасля Патопу (ледавік, безумоўна, астаўляў пасля сябе масы вады). Аднак прыручылі курыных, паводле нашай уласнай версіі, намнога раней — гэта зрабілі людзі дапатопнай цывілізацыі, суперцывілізацыі. Пасля катастрофы яе насельніцтва ў невялікай колькасці ацалела на тэрыторыі Індыі, у Гімалаях. Якія факты сведчаць на карысць гіпотэзы? Чым далей вывучаеш міфалогію народаў свету, тым больш пачынаеш верыць, што міфы ў зашыфраваным выглядзе распавядаюць пра сапраўдныя гістарычныя падзеі — гэта яшчэ знакаміты Канфуцый, прарок кітайскага народа, сцвярджаў. Магчыма, чалавецтва ўзнікла надзвычай рана і эвалюцыянізавала ў сваёй гісторыі не аднойчы, стварала не адзін раз культуру, цывілізацыю, але амаль цалкам гінула ў выніку чарговага буйнога планетарнага катаклізму. Найбольш старажытныя паданні, што дайшлі да нас, распавядаюць пра перыядычныя знішчэнні чалавецтва праз пэўныя адрэзкі часу. Так, у індыйскіх Ведах, у якіх выкладзены, як мяркуюць, самыя архаічныя міфы чалавецтва, гаворыцца пра незлічоныя вякі існавання людзей. Самая маленькая адзінка часу ў чалавечай цывілізацыі, згодна Ведам, Калі-юга, роўная перыяду ў 4320000 гадоў. Калі зыходзіць з такога працяглага існавання чалавецтва, то ясна, што і свойскія жывёлы побач з людзьмі жылі здаўна і былі, хутчэй за ўсё, не прыручаныя, а выведзеныя з дапамогай генетыкі.
Няхай гаворка ідзе нават не пра мільёны гадоў, а ўсяго толькі пра тысячы, усё роўна курэй можна лічыць ледзь не самымі першымі насельнікамі людскіх сядзібаў. Пра тое сведчыць не археалогія, бо курыныя косткі не могуць захоўвацца тысячы гадоў, а, як ні парадаксальна, фальклор, у прыватнасці, так званыя кумулятыўныя казкі.
Згаданыя творы, глыбокі архаізм якіх не выклікае сумненняў, пабудаваны паводле прынцыпу далучэння адно да другога дзеянняў, асоб, прадметаў, прыкмет, інакш кажучы, паслядоўнасці пералічэнняў, апісальнага спосабу паказу (тыпу «Калабок», «Церамок», «Рэпка») [16, 61–69]. Пеўнік і курачка з’яўляюцца тыповымі героямі кумулятыўных казак, прычым, на нашу думку, самых старажытных. Сустракаюцца яны ва ўсіх народаў Еўропы. Так, у «Казках братоў Грым» ёсць некалькі расповедаў пра падарожжа пеўніка разам з курачкай на вазку. Сюжэты — разнастайныя: ясна, што нямецкія даследчыкі змясцілі ў зборніку некалькі найбольш характэрных твораў і пры гэтым з яўнымі адметнасцямі ў фабуле. У адной з казак («Кампанія абадранцаў») Пеўнік майструе вазок з арэхавай шкарлупіны, і да яго з Курачкай у час паездкі падсаджваюцца розныя лясныя жыхары, а далей усе разам яны — пасажыры на дзіва безразмернага вазка — помсцяць ліхому чалавеку [15, І, 66–67]. Часты таксама сюжэт пра смерць Курачкі на Арэхавай гары, дзе яна падавілася арэхам. Пеўнік жонку імкнецца выратаваць, прадпраймае розныя захады, але Курачка ўсё ж памірае. Зноў-такі яе вязуць на вазку, на які падсаджваюцца ўсё больш вялікія па памерах звяры. Нарэшце просіцца падвесці зусім маленькая істота — блаха, і калі яна ўсаджваецца, вазок не вытрымлівае перагрузкі і тоне ў багне [15, І, 359–361]. Навейшай па фабуле, хоць таксама з некаторымі кумулятыўнымі рысамі, з’яўляецца шырокавядомая казка «Брэменскія музыкі»: тут Пеўнік вянчае сабою піраміду з жывёл, якія напалохалі разбойнікаў [15, І, 145–148].