Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы. - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.

Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:

Доўгі час гісторыя Беларусі разглядалася скрозь прызму гісторыі Pacii. Вядомы беларускі гісторык, прафесар, грамадскі дзеяч Анатоль Грыцкевіч адраджае праўдзівую айчынную гісторыю, якая разам з беларускай мовай складае аснову нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў.
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 66
Перейти на страницу:

У Рэчы Паспалітай уся шляхта была роўнай у правох. Тытулы кйязёў і графаў прызнаваліся пераважна як замежныя (у Радзівілаў, Сапегаў і іншых), бо іх звычайна надаваў імпэратар Сьвятарнай Рымскай імпэрыі германскай нацыі. Толькі нашчадкам старадаўніх княскіх родаў захавалі княскія тытулы. Але ўсе гэтыя тытулы не давалі ўладальнікам перавагаў над астатняю шляхтай. Нават самы бедны шляхціц, які часам ня меў зямлі й сваіх сялянаў, тэарэтычна быў роўны магнату, напрыклад, Радзівілу. Адсюль зразумела, чаму найбагацейшы чалавек у Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. — князь Кароль Радзівіл (па мянушцы Пане-каханку) — называў шараговага шляхціца «панам-братам». Тэарэтычна кожны шляхціц мог быць абраны каралём. Усё гэта сьведчыла пра шырокую шляхецкую дэмакратыю.

Шляхціц, паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага, ня мог быць арыштаваны й няслушна пакараны без рэчаісных доказаў віны, a судзіць яго маглі толькі роўныя яму, гэта значыць — шляхта. Права асабістай незачэпнасьці, выпрацаванае ў законах Беларускае-Літоўскае дзяржавы, і гарантыі ўласнасьці прычыніліся да стварэньня й захаваньня традыцыі шляхецкай годнасьці ў пакаленьнях беларускае шляхты. Нездарма ў Рэчы Паспалітай існавала выслоўе: «Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе». Пачуцьцё годнасьці выхоўвалася й на вайне. Валоданьне тэхнікай блізкага бою, фэхтаваньне ня толькі халоднаю зброяй, але й агнястрэльнай, тактыкаю коннага й пешага бою з маладых гадоў загартоўвала шляхціца, разьвівала пачуцьцё мужнасьці, адказнасьці, патрыятызму. Шляхецкі гонар быў натуральны й неад'емны для шляхціца.

Калі трэба было вырашыць пытаньні карпаратыўных інтарэсаў, у Рэчы Паспалітай права дазваляла шляхце аб'ядноўвацца ў канфэдэрацыі (узброеныя зьвязы з палітычнымі й сацыяльнымі мэтамі) і дабівацца свае мэты збройным шляхам у караля й сойму.

Яшчэ адна адметная рыса беларускае шляхты, уласьцівая таксама і польскай, і літоўскай — гэта шматлікасьць. Калі ў суседніх дзяржавах — Расеі, Прусіі, Аўстрыі — у XVIII–XIX стст. удзельная вага дваранства складала каля 1 % насельніцтва, то на Беларусі ў канцы XVIII ст. шляхты было 10–12 %, што тлумачыцца пастаяннымі войнамі й неабходнасьцю мець шырока прадстаўленае вайсковае саслоўе.

Менавіта гэтыя абставіны й прывялі да хуткага канфлікту шляхты з царскім урадам Расеі пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772, 1793 і 1795 гг. і гвалтоўнага, захопніцкага далучэньня Беларусі да Расеі. Хоць царскі ўрад і пашырыў на шляхту Беларусі правы дваранскага саслоўя Расейскай імпэрыі, але адначасова скасаваў шляхецкае самакіраваньне, перавёў шматлікую дробную шляхту ў дваранаў 2-га разраду, зь меншымі правамі ў дваранскіх сходах, пачаў праверку гэтага шматлікага вольналюбівага і неспакойнага (з пункту гледжаньня ўраду) саслоўя, намагаючыся выкрасьліць шмат каго з расейскага дваранскага саслоўя або адразу не дапусьціць у ягоныя шэрагі.

Шляхта была асноўным чыньнікам у паўстаньнях 1794, 1831 і 1863 гг. Усе яны былі прагрэсіўнымі, a паўстаньне 1863 г. — наогул дэмакратычным, калі шляхта патрабавала ўтварэньня Беларускае-Літоўскае рэспублікі, незалежнасьці дзяржавы, вольнасьці і роўнасьці правоў для ўсіх грамадзянаў, надзяленьня сялянаў зямлёй. На чале паўстаньня ў Польшчы, Літве й Беларусі ў 1794 г. стаяў нашчадак старадаўняга беларускага шляхецкага роду з-пад Берасьця Тадэвуш Касьцюшка, a пасьля таго як ён, цяжка паранены, трапіў у палон, — іншы прадстаўнік беларускага шляхецтва Тамаш Ваўжэцкі з-пад Браслава. У паўстаньні 1831 г. вызначыліся атрады Ю. Кошыца на Горадзеншчыне. Кіраўніком паўстаньня 1863 г. на Беларусі й Літве быў таксама шляхціц з Горадзеншчыны Вікенці, (альбо Вінцэнт Канстанты) Каліноўскі.

Царызм пасьля паўстаньня 1831 г. нанёс рашучы ўдар па шляхце. Указам Мікалая I ад 19 кастрычніка 1832 г. быў распачаты разбор шляхты, калі ад усіх дваранаў-шляхты патрабавалі ў якасьці доказаў шляхецтва толькі арыгінальныя дакуманты — граматы каралёў, вялікіх князёў ды інш. Копіі дакумантаў, нават пацьверджаныя ў судох даўняй Рэчы Паспалітай, для доказу дваранства не прымаліся. Такім чынам на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў былі выключаныя з дваранскага саслоўя сотні й тысячы. Так, у Менскай губэрні ў канцы XVIII ст. было 10 % дваранаў-шляхты, a ў канцы XIX ст. ужо толькі 3,5 %. Напрыклад, бацька Янкі Купалы трапіў у гэты разрад і лічыўся «недоказанным дворяннном», якому ўвогуле было адмоўлена хадайнічаць аб узнаўленьні дваранства. Такі ж лёс напаткаў і вайскова-служылых людзей у Слуцкім павеце — выбранцаў. Толькі некаторым сем'ям, у якіх захаваліся арыгіналы каралеўскіх граматаў, - Лабановічам, Шпакоўскім ды іншым — удалося пацьвердзіць сваё дваранства. Тыя ж, у каго арыгіналаў дакумантаў не захавалася, былі ўрэшце (пасьля судовых працэсаў у розных інстанцыях, што цягнуліся некалькі дзесяцігодзьдзяў) указам сэнату Расейскай Імпэрыі, зацьверджаным Мікалаем I, залічаныя «не принадлежащими в Крестьянство», але не залічаныя і ў дваранства, хаця ў некаторых сем'ях іншыя галіны роду былі зацьверджаны ў дваранстве. Аналягічная сытуацыя была і ў панцырных баяраў Полацкага й Віцебскага ваяводзтваў, дзе з 6168 чалавек (зь сем'ямі) пры разглядзе справы ў 1772–1807 гг. у дваранстве было прызнана толькі 22. З гістарычнага і юрыдычнага гледзішча, улічваючы традыцыі незалежнае Беларускае-Літоўскае дзяржавы на працягу соцень гадоў, усе абмежаньні й выключэньне тысячаў сем'яў з саслоўя ня маюць праўнае падставы для нашчадкаў гэтых сем'яў, бо Беларусь была далучана да Расеі гвалтоўна й царскі ўрад праводзіў такую палітыку незаконна.

Па-ранейшаму вялікую ролю адыгрывала шляхта на Беларусі ў XIX ст. у разьвіцьці яе гаспадаркі як да сялянскай рэформы 1861 г., так і пасьля яе. Спэцыялізацыя гаспадарак, наём рабочай сілы ў маёнтках, прапанова шляхты царскаму ўраду яшчэ ў першай палове XIX ст. вызваліць сялянаў, як і ў суседніх Польшчы, Прусіі, Прыбалтыцы (што, дарэчы, царскі ўрад адхіліў, - усё гэта стварала ўмовы да пераходу на рынкава-капіталістычныя рэйкі разьвіцьця. Што да дробнай шляхты, якая жыла пераважна ў шляхецкіх ваколіцах і засьценках — шляхецкіх вёсках, дык яе эканамічнае становішча ў XIX ст. набліжалася да сялянскага.

Шмат пацярпела шляхта Беларусі пасьля падаўленьня царскімі войскамі паўстаньняў 1794, 1831 і асабліва 1863 г. Цэлыя шляхецкія вёскі былі выселены ў расейскія губэрні або ў Сібір, a маёмасьць на загад генэрал-губярнатара Мураўёва-вешальніка канфіскавалася. Аднак шляхта Беларусі распачала вызваленчы рух, дваранскі (шляхецкі) пэрыяд якога прыпадае на 1794–1863 гг. Менавіта шляхта пачала барацьбу за вызваленьне Беларусі ад расейскага прыгнёту. Са шляхты пераважна выйшлі і кіраўнікі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і Адраджэньня канца XIX — пачатку XX ст. — як браты Луцкевічы, В. Іваноўскі, Аляізія Пашкевічанка-Кейрысовая, Янка Купала ды іншыя.

Пасьля буржуазных рэформаў 60–70-х гг. XIX ст. расейскае дваранства мела кіраўнічыя пазыцыі ў губэрнскіх і павятовых земствах — органах абмежаванага мясцовага самакіраваньня. Аднак царскі ўрад ня ўводзіў земстваў у беларускіх губэрнях, не давяраючы мясцоваму дваранству. I толькі ў 1911 г. у беларускіх губэрнях і паветах было ўведзена яшчэ больш абмежаванае самакіраваньне. Але было зроблена ўсё, каб ня даць перавагі ў земствах мясцоваму дваранству каталіцкага веравызнаньня. Земствы не пасьпелі разгарнуць тут шырокай дзейнасьці.

Дваранства ў Расейскай імпэрыі ў апошняе чвэрці XVIII ст. мела карпаратыўныя структуры па губэрнях і паветах. Такая ж арганізацыя была ўведзена і на Беларусі: дваранамі губэрні і адпаведна павету выбіраліся губэрскі дваранскі дэпутацкі сход і павятовы дваранскі дэпутацкі сход, падпарадкаваны губэрскаму. На чале сходаў стаялі губэрскія й павятовыя маршалкі («предводители дворянства»). I маршалкі, і дэпутаты выбіраліся на сходах на альтэрнатыўнай аснове закрытым галасаваньнем, балатыроўкай белых (за) і чорных (супраць) куляў у адмысловыя скрынкі. Дваранскія дэпутацкія зборні і вырашалі ўсе саслоўныя пытаньні, у тым ліку радаводныя. Губэрская зборня мела дачыненьні з губарнатарам, міністрам нутраных справаў і ў разе патрэбы з самім Імпэратарам, адстойваючы свае карпаратыўныя Інтарэсы. Такая структура захавалася да 1917 г.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. у Paceі пазбавіла дваранскія арганізацыі ў губэрнях і паветах палітычнага ўплыву. У заходняй частцы Беларусі, акупаванай у верасьні — кастрычніку 1915 г. нямецкім войскам, яны таксама ня дзейнічалі. Пасьля паразы змовы генэрала Л. Г. Карнілава і абвешчаньня 1 верасьня 1917 г. Расеі дэмакратычнай рэспублікай наступілі зьмены і ў становішчы дваранскіх арганізацыяў. Міністэрства нутраных справаў Расеі цыркулярам ад 5 верасьня 1917 г. паведаміла пра хуткае скасаваньне дваранскага саслоўя і зьліквідаваньне дваранскіх установаў (праўда, гэтага зрабіць не пасьпела). У кастрычніку 1917 г. у Менскай губэрні быў створаны «Зьвяз асобаў, запісаных у радаводныя кнігі Менскай губэрні» са старшынёй Георгіем Эмэрыкавічам Чапскім, уладальнікам Станькава (каля Койданава). Сход маршалкаў і дэпутатаў дваранства Менскай губэрні 16 кастрычніка 1917 г. перадаў гэтаму зьвязу ўсю маёмасьць, капіталы, архіў і радаводныя кнігі, a таксама будынак Менскага губэрскага дваранскага сходу і дваранскі клюб. Даходы ад маёмасьці й капіталаў мелі йсьці на культурна-асьветніцкую й дабрачынную дзейнасьць дзеля запісаных у радаводныя кнігі. 11 (24) лістапада 1917 г., пасьля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе і ўстанаўленьня савецкае ўлады, ЦВК і Савет народных камісараў дэкрэтам скасавалі дваранскае саслоўе і ягоныя карпаратыўныя арганізацыі ў губэрнях і паветах. У Менску, напрыклад, за 100 дзён (да пачатку нямецкай акупацыі ў лютым 1918 г.) мясцовыя органы савецкае ўлады на чале з бальшавікамі спынілі дзейнасьць дваранскіх арганізацыяў. Але толькі фармальна, бо на большае ў іх пакуль што не хапіла часу: арганізацыі не былі зьліквідаваныя, маёмасьць не канфіскавалі.

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 66
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)