Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
- Автор: Грицкевич Анатолий Петрович
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.». Краткое содержание книги:
Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі.
Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.
Гісторык XVII ст. Шымон Старавольскі ў сваёй кнізе пра Рэч Паспалітую, выдадзенай у 1632 г., пісаў: «Ніколі захопніцкіх войнаў з суседнімі народамі ня вядзём, калі толькі іх сілай спачатку нас не справакуюць, і то толькі, каб адпомсціць за крыўды і вярнуць захопленыя землі, а не для заняцця іх уладанняў і панавання над імі». Гаворачы пра ўсю Рэч Паспалітую, аўтар заўважыў: «Таму наша войска больш да абароны айчыны прыстасаванае, чым для здабывання гарадоў іншаземных… Таму таксама войска наша ў большасці складаецца з конніцы, амаль выключна са шляхты, і служыць для бітвы ў адкрытым полі, каб, ідучы наперад, супрацьстаяць непрыяцелю раней, чым ён прыйдзе да нашае граніцы».
Са старажытных часоў адной з вайсковых традыцыяў у беларусаў была конная атака. Таму з маленства шляхціцы рыхтаваліся да ваенных дзеянняў, пераважна ў конных шэрагах і ў паядынках на полі бою. Пачуццё годнасці выхоўвалася не толькі ў доме, але й на вайне. Валоданне тэхнікай блізкага бою, фехтаванне, уменне карыстацца агнястрэльнаю зброяй, тактыка коннага і пешага бою загартоўвалі шляхціца з маладых гадоў, развівалі пачуццё мужнасці, адказнасці, патрыятызму.
Менавіта гэтыя рысы беларускае шляхты й дапамагалі перамагаць колькасна большага ворага. Класічным прыкладам ёсць перамога беларускага войска на чале з гетманам найвышэйшым Канстанцінам Астрожскім над маскоўскімі ваяводамі й войскам у бітве пад Воршай 8 верасня 1514 г. У ёй і падчас уцёкаў маскоўскае войска страціла палову свайго складу — 40 тыс. чалавек з 80 тыс. А К. Астрожскі меў толькі 30 тыс. вайскоўцаў. У гэтай бітве праявілася маральная падрыхтоўка вайскоўцаў. Так, гетман найвышэйшы князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі вёў сваё войска ў бой са сцяжкамі-вымпеламі (на дзідах) бел-чырвона-белага колеру, пра што сведчыць першая батальная карціна ва Ўсходняй Еўропе пра Аршанскую бітву (1520). Такім чынам, беларускія вайскоўцы ішлі ў бой са старадаўнімі баявымі сцягамі нацыянальных колераў. Войска Беларускае-Літоўскае дзяржавы выступала паддзяржаўным чырвоным сцягам з сярэбранаю выявай Пагоні на адным баку і выявай Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам — з другога. Побач быў і гетманскі сцяг блакітнага колеру. З аднаго боку на ім была Пагоня ў чырвоным полі, з другога — абраз святога Станіслава.
Як сведчыць гісторык XVI ст. М. Стрыйкоўскі, а 9 гадзіне раніцы ў пятніцу 8 верасня 1514 г., «на Рожество Пресвятыя Богородицы», князь К. Астрожскі паставіў войска ў баявых парадках. Як заўсёды тэта рабілася, праваслаўныя святары правялі багаслужбу за перамогу, бо бальшыню беларускага войска складалі праваслаўныя баяры-шляхта, але было нямала і каталікоў, то імшу служылі і ксяндзы.
Адзін з элементаў падрыхтоўкі — «гарцы» на пачатку бітвы. Гэта асобныя паядынкі паміж коннікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх вайскоўцаў да бою.
I, урэшце, перад наступам Канстанцін Астрожскі звярнуўся да свайго войска з заклікам ісці наперад. У адказны момант бою, калі войска Івана Чалядніна пайшло ў атаку й нечакана было расстраляна з гарматаў, пра якія не ведала, К. Астрожскі павёў войска ў контратаку. Скачучы на кані перад коннікамі, гетман звярнуўся да рыцараў: «Вось цяпер наперад, дзеці!» (яму было ўжо 54 гады). Ён казаў маладым рыцарам пра недалёкую перамогу і трыумф, што непрыяцель ужо «млее». Ён заклікаў «мілых братоў» аднавіць мужнасць у гэтай хвілі: «Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля паблыталіся ўжо. На нашым баку стаіць сам Бог і дадае нам з неба абарону». Астрожскі заклікаў усіх смела ісці ў бой за ім, бо ён першы ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку з шабляй у руцэ, каб яе акрывавіць. Ён напомніў рыцарам пра слаўныя бітвы продкаў і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Гэтая прамова славутага палкаводца псіхалагічна ўздзейнічала на беларускіх-літоўскіх вайскоўцаў, і яны рушылі ў пераможную атаку.
На наступны дзень пасля праваслаўнае багаслужбы ў «гонар святое Тройцы і на хвалу Госпада Бога» і каталіцкай імшы падчас урачыстага абеду, на які прывялі палонных, К. Астрожскі павіншаваў сваіх ваяводаў, ротмістраў і рыцараў з перамогай. Калі князь вярнуўся ў Вільню, ён зрабіў багатую фундацыю царкве Свята-Духаўскага праваслаўнага манастыра ў падзяку Богу за дараваную яму пад Воршай перамогу «над непрыяцелем і супастатам Праваслаўнае Царквы» — вялікім князем маскоўскім Васілём III. У памяць прымацавалі дошку з надпісам па-беларуску пра фундацыю К. Астрожскага.
Меншымі сіламі беларускія вайскоўцы выйгравалі й іншыя бітвы. Так, падчас Лівонскае вайны ў бітве на Іваньскіх палях над ракою Улай (на поўнач ад Чашнікаў), у сераду вечарам 26 студзеня 1564 г., гетман вялікі Мікалай Юр'евіч Радзівіл Руды са сваёю конніцай у 4 тыс. рыцараў і каля 6 тыс. казакоў і сялянаў напаў знянацку на лагер маскоўскага войска князя Пятра Шуйскага. Падчас бою загінулі 25 тыс. маскоўскіх вайскоўцаў, а 5 тыс. уцяклі ў Полацк. Ваяводу Пятра Шуйскага забіў сякерай просты селянін. У бітве пад Кірхгольмам (Саласпілсам) 26 верасня 1605 г. коннае войска гетмана вялікага Яна Караля Хадкевіча з 8 тыс., з іх 1 тыс. пяхоты, цалкам разграміла войска шведскага караля Карла IX з 14 тыс. чалавек. Пры гэтым вызначылася конніца Яна Пятра Сапегі на правым крыле. 9 тыс. шведаў загінулі, некалькі сотняў узялі ў палон. Перамога была дасягнута дзякуючы ўдарам у флангі й тыл шведскае пяхоты разам злабавой атакай. Яшчэ адзін прыклад перамогі малымі сіламі — гэта бітва пад Клушынам 4 ліпеня 1610 г., калі 35-тысячная армія няздатнага палкаводца князя Дзмітрыя Шуйскага (брата цара) пацярпела паразу ад арміі гетмана Станіслава Жулкеўскага, з амаль цалкам коннага войска з 6,5 тыс. чалавек, у якое ўваходзілі атрады польскае і беларускае шляхты і ўкраінскіх казакоў. У выніку ў Маскве адбыўся дзяржаўны пераварот. Дваране на чале з Захарам Ляпуновым скінулі са стальца цара Васіля Шуйскага, і ў Маскве ўсталявалася ўлада сямібаяршчыны на чале з князем Ф. Мсціслаўскім.
У абарончых войнах бралі ўдзел і гараджане. Беларускія гарады апаясвалі моцныя фартыфікацыі, якія вытрымлівалі абарону на працягу некалькіх месяцаў. Для абароны выкарыстоўваліся гарнізоны з вайсковых людзей і наёмнае пяхоты. У буйных гарадах з мяшчанаў ствараліся палкі, якія баранілі вызначаныя ўчасткі гарадское сцяны й бліжэйшыя кварталы падчас штурму. Палкі падзяляліся на сотні й дзесяткі. Мяшчане ўзбройваліся мушкетамі, пісталетамі, бердышамі, шаблямі, а бедныя рыхтавалі і кідалі на штурмуючых вялікія камяні. Падчас штурму забаранялася крычаць і лаяць ворага, а трэба моўчкі змагацца, слухаючы каманды прыкамандзіраваных да апалчэння афіцэраў. У мірны час для гараджанаў ладзіліся вучэбныя стрэльбы з вызначэннем пераможцаў і ўзнагародамі для іх (напрыклад, вызваленне на год ад усіх падаткаў). Пераможцам спартовыя суддзі выдавалі адмысловыя атэстаты. Такія спаборніцтвы праводзілі рэгулярна (устава Слуцка 1621 г., у Нясвіжы згодна дэкрэту Міхала Казімера Радзівіла Рыбанькі ў 1731 г., у Быхаве ў XVIII ст. і г.д.) 11. Асабліва актыўна гараджане абаранялі гарады падчас вайны паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Калі гарады захопліваў вораг, то гараджане паўставалі і знішчалі варожыя гарнізоны (у 1661 г. у Магілеве, Дзісне й Себежы).
Падчас ваенных дзеянняў, якія суправаджаліся рабаваннем і масавым знішчэннем насельніцтва, супраць ворага паўставалі звычайна ціхія й паслухмяныя сяляне. Так, ужо з першых месяцаў вайны 1654–1667 гг. маскоўскім ваяводам прыйшлося ліквідаваць сялянскія паўстанцкія атрады, якія дзейнічалі партызанскімі метадамі (паводле расейскай тэрміналогіі — «шышы»). Гэтыя атрады часта аб'ядноўваліся з шляхоцкімі атрадамі й рабавалі й білі тую частку шляхты, якая падчас вайны прыняла прысягу на імя Аляксея Міхайлавіча. Яны дзейнічалі разам з казакамі, асабліва пасля Гадзяцкае вуніі 1658 г. 12 Некаторыя камандзіры сялянскіх атрадаў тады ж атрымалі ад сойму Рэчы Паспалітае шляхоцтва, напрыклад, браты Дзяніс і Андрэй Мурашкі, Карпелій і Яўдоксій Драні (у шляхоцтве — Дранеўскія)13.