Ціша
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1519-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Ціша». Краткое содержание книги:
Як звычайна робяць у такіх выпадках — для формы, з ветлівасці — Адольф пачаў ламацца і мямліць:
— Не спраўлюся… Вопыту не маю… Такіх камп’ютараў ніколі не бачыў…
— А вы рабіце рукою, на ватмане. А мы потым унясем у камп’ютар. Мы вам таму і даем выпрабаваўчы тэрмін на авалодванне камп’ютарам. Прыйдзе ад нас чалавек, паставіць спецыяльную праграму. Будзеце дома вучыцца. А калі што незразумела, якія пытанні: званіце, прыязджайце — падкажам, раскажам.
— Ну, калі так…
— Праўда, ёсць адно але. Вы на паўстаўкі, таму грошы невялікія. Мы можам прапанаваць усяго толькі…
І хлопец назваў суму, у пяць разоў большую за Адольфавую камвольна-камбінатаўскую поўную стаўку з усімі яе прэміяльнымі, за стаж, па кантракце і інш., і інш.
— Але гэта часова! А там усё наладзіцца!
І, нібы баючыся, каб Адольф не адмовіўся, пачаў расхвальваць, якія ў іх выдатныя ўмовы: дружны калектыў, карпаратыўнасць, ніякага дыктату, зрабіў за гадзіну — вольны чалавек.
Адольф і марыць не мог пра такую працу, нават не ўяўляў, што яны такія бываюць на свеце. І гэта афіцыйна, з запісам у працоўнай кніжцы, каб стаж ішоў, з графікам, як знарок падагнаным для творчага чалавека. Хочаш — сюды прыходзь, хочаш — дома рабі. Ну цуд, проста рай, як пляменнік Талян кажа. Адно слова — сталіца.
— Усё? — спытала Тома, калі ён выйшаў.
— Няўжо гэта праўда? І я цяпер нібыта працую? Афіцыйна? Сорамна нават…
Тома смяялася.
— Прывыкай! Галоўнае, ніхто ж не гоніць. Проста авалодвай камп’ютарам, калупайся ў інтэрнэце, потым паставяць спецыяльную праграму… А не хочаш, надакучыць, няма ахвоты — малюй акварэлькі.
Адольф папрасіў яе пачакаць і прайшоўся па калідоры, асцярожна заглядваючы ў расчыненыя дзверы. Якія чыстыя, светлыя, прасторныя кабінеты… Офісная прыемная строгая мэбля, чысціня, святло, у кожнага свой столік з новенькім камп’ютарам. І недзе тут, варта яму толькі захацець, знойдзецца і яму месца.
Толькі цяпер, калі было з чым параўноўваць, зразумеў Адольф, як у іх на камвольным камбінаце ўсё было шэра, прымітыўна. Дабітыя вірусныя камп’ютары стаялі хутчэй для антуражу, а так — кульман, ватман і рэйсшына. Аблезлае памяшканне, выпіўка ўціхую… Вечнае прыніжэнне, адчуванне абдзеленасці, абыйдзенасці цябе іншымі, непавага з боку начальства, якое само толькі тым і было заклапочана, каб яго паважалі і хвалілі.
Дома Тома адвяла Адольфу ўвесь вялікі пакой. Мальберт, камп’ютар. Вось гэта праца! Якая раскоша: ведаць, што ты сам сабе гаспадар, свайму часу, свайму целу! Нікому не трэба тэлефанаваць, хлусіць, прыніжацца, выдумляць, адпрошвацца. Пішы шэдэўр, малюй акварэлькі, авалодвай праектнай камп’ютарнай праграмай.
Але трэба ж — менавіта цяпер, калі з’явіліся ўсе ўмовы для душы і цела, калі славутага «вольнага часу» аказалася хоць адбаўляй, дзяваць не было куды — не тое што шэдэўр, нават машынальна не атрымлівалася намахаць акварэльку з Дняпром, полем і асіннікам.
Усё валілася ў Адольфа з рук. Ні да чога не было ахвоты. Дні два ён туляўся з кутка ў куток, не разумеючы, чаму так? Потым зразумеў — жонка Ірына Бацькаўна. Яна завочна па-ранейшаму не давала яму спакою. Яна нібы адсочвала кожны эпізод яго новага жыцця, як адзняты на відэакамеру. І гэтай сваёй нябачнай прысутнасцю яна непакоіла, бянтэжыла яго, сарамаціла. Перашкаджала яму забыцца, не давала расслабіцца, каб ён мог адчуць усю асалоду такога багатага, новага, шырокага, поўнага жыцця. І цяпер ён вымушаны жыць так, нібы трымае перад ёю справаздачу.
Усё гэта прыгнятала Адольфа псіхалагічна.
Ён кожны дзень званіў ёй. А яна не абзывалася. Не падымала трубкі, званкі на мабільны скідвала. Тады Адольф набіраў сяброў, знаёмых, суседку — тую самую, у якой ключы ад кватэры. Пытаўся. Яму адказвалі хутка, як пра неабавязковае, што жонка яго жывая, здаровая, працуе — і, выпаліўшы гэта, з прагнасцю пачыналі яго ў сваю чаргу дапытваць, прычым малолі неверагодную лухту — нібы з падколкамі, іранічна, а на самой справе з непрыхаванай правінцыйнай зайздрасцю, аблізваючыся на тым канцы трубкі, — пыталі, ці праўда, што ён па Еўропе раскатвае? алігархам зрабіўся? грошы грабе граблямі? як сыр у масле плавае?
Адольф адказваў:
— Ды не — я ў зат эс-пэ-эм.
— А што ты там робіш?
— Авалодваю камп’ютарам.
— Ух, ты! Вось жучара!
Зрэдзьчас Адольф званіў дачцэ. Але ёй званіць было без толку, яна ведала пра маці яшчэ менш, чым Адольф; гаварыла надрыўна, плаксіва, а калі і крыкліва, і ўсё скардзілася, ныла, ва ўсіх сваіх бедах вінавацячы бацькоў. Да таго ж адзін раз яе мабільнік узяў зяць-азербаджанец — відаць, спадзеючыся наляцець на жончынага палюбоўніка. Пачуўшы ў трубцы грубы голас з акцэнтам, Адольф так перапалохаўся, што сам змяненым голасам пачаў прасіць прабачэння — маўляў, памылка, не той набраў нумар.