Ціша
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1519-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Ціша». Краткое содержание книги:
— Тут, вам, дзядзя, не Парыж! Жывем самі бачыце як — як у раі! Усё ёсць. Грэх скардзіцца. Тут, на прыродзе, лягчэй. Натуральная гаспадарка. Карова, кабан… Ні ад кога не залежыш. А грошы? — мамчына пенсія ды яшчэ бібліятэка, мае армейскія… Льготы ж у мяне ёсць. Я на льготы жыву… Лёнік…
Талян закашляўся.
— Сэрца спыняецца, задышка, — вінавата сказаў. — Б’ецца — а тады раз, і ўніз падае… Лёнік, вы ж ведаеце, дастане ўсё з лесу, дзічыну, рыбку здабывае… Ого-го, наш Лёнік… Усё ведае! Дзе табе глушэц, дзе цецерук, дзе ліна паймаць, дзе сазана… Да нас толькі і пад’язджаюць машыны! Бачыце, якая дарога? — Талян тупнуў нагою. — Машыны так і шнуруюць, так і гойсаюць туды-сюды! Кожную ноч, лічы. Пакажы кабана! пакажы глушца! пакажы курапатак!
— І Лёнік паказвае?
— Не ўсім. І не адразу. Лёніка так проста не купіш. Ён жа шкадуе, як не шкадаваць? — павыбівалі ўсё, курапаткі на знойдзеш, а раней як галубы на гарадскіх вуліцах — ідзеш па лесе, пырх з-пад ног штук дваццаць! — за спінаю зноў селі. А цяпер знайдзі курапатку! У саміх вудкі за тысячу даляраў, сеткі, электравуды… Стрэльбы дарагія, з оптыкай… А толку, калі не ведаеш, куды страляць? Вось і пруцца ўсе да Лёніка. Грошы дастаюць — я столькі не бачыў, і ніхто столькі грошай не ўбачыць! У далоні пачкі не ўмяшчаюцца! Але ён да грошай абыякавы, паперкі і ўсё. Яму прырода даражэй.
— А не баіцца ён? — спытаў Адольф. — Гэтыя ж браканьеры страшныя людзі. На ўсё здатныя.
— Лёнік? Ну вы сказанулі, дзядзя! Вось толькі мы з мамкай Нінкай баімся за яго, — уздыхнуў Талян.
— Усё-ткі пагражаюць?
Талян вытрымаў паўзу, як і тады, калі расказваў пра рысь. Прамовіў значна:
— Усяляк бывае. Толькі, дзядзя — маўчок! Я вам нічога не казаў!
— Ну вось бачыш, — сустрэла Адольфа Тамара, — нічога страшнага, з’ездзіў, праведаў… Як яны?
— Кажуць, як у раі.
— А на самой справе?
— На самой справе — які там рай? Два здаровыя хлопцы, нежанатыя, не працуюць. Хіба гэта нармальна? І гэтыя наезды браканьерскія…
Адольф таксама палічыў патрэбным расказаць пра Таляна — інтымна падзяліўся, што нешта не ладзіцца ў хлопца з жанчынамі; відаць, схапіў добра радыяцыі, ну, і нешта не тое.
— Я, канечне, пра такія рэчы не распытваю, а сам ён не кажа…
— Нічога! — рашуча сказала Тамара. — Мы гэта выправім. Цяпер гэта не праблема. Камп’ютар кішыць аб’явамі: «сама з дзіцям, шукаю чалавека, які дзяцей мець не можа»… Такіх мора-акіян, з дзецьмі і без бацькоў. Ты запрасіў іх?
— Адрас даў, і нумар тэлефона…
— Уладкуем цябе — возьмемся за хлопцаў. Мы павінны памагаць адно аднаму, бо мы цяпер адна сям’я!
Раздзел трэці
І
Праца, якую Тома абяцала Адольфу некалі ў санаторыі, знайшлася ва ўстанове пад назвай ЗАТ «СпецПрадМаш», або проста эс-пэ-эм.
— А чым яны займаюцца?
— Табе ўсё скажуць. Кніжку працоўную не забудзь.
Тома прывяла яго за руку ў офіс, зазірнула ў кабінет («дзе там наш Касперскі?»). Застаўшыся адзін, Адольф нагнуўся і пачаў разглядаць бокам прыстаўлены да сцяны макет, вялікі, памерам з більярдны стол — выразаныя з пенапласту белыя, з чырвоным дахам домікі, авал стадыёна, блакітная палоска ракі, зялёныя дрэўцы, машынкі на акуратных стаяначках, трамвайчык з «рожкамі», які пад’язджае да прыпынку, дзе стаяць фігуркі людзей: мужчыны, жанчыны, дзеці… Усё малюсенькае, ліліпуцкае, але да таго натуральнае, праўдападобнае, што Адольф міжволі прыжмурыў вочы, шукаючы каго знаёмага. Выйшла Тома:
— Заходзь, я пачакаю на калідоры, а вы пагаварыце.
«Касперскі» (Адольф, канечне, адразу здагадаўся, што гэта не сапраўднае прозвішча), зусім малады хлопец, яшчэ маладзейшы, можа, за Адольфавага сына, сустрэў яго з ветлівасцю, рэдкай нават для Мінска, не кажучы аб правінцыі. Адольф, як пан, сядзеў у мяккім фатэлі, а хлопец стаяў перад ім, нібы гэта Адольф бярэ яго на працу, а не наадварот.
«…Займаемся распрацоўкай праектаў. У асноўным тыпавых. Але стараемся ўносіць дызайнерскія, стылявыя навінкі… Рыхтуем разліковую дакументацыю, складаем смету для будаўніцтва ад нулявога цыклу да камунікацый, інфраструктуры і азелянення… У асноўным, спартыўныя аб’екты, лядовыя палацы… Але таксама паркавыя ансамблі, і…»
— Для вас, — падкрэсліў хлопец, — у нас ёсць вакансія. Мы можам прыняць вас праекціроўшчыкам фрагментарных распрацовак. Напрыклад, будзеце рабіць толькі аўтастаянку. Альбо зялёную зону.