Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
— Ну як? Трохі падсохла?
— Падсохла. Толькі спаднічка макраватая яшчэ.
— Высахне. На марозе ўсё хутка сохне. Слухай, а паесці ў цябе няма?
— Няма нічога, — вінавата сказала Зоська. — Я ж у Азярках дняваць меркавала. Там бы і пакармілі.
— Го! Азяркі яшчэ вунь дзе! Да Азяркоў паўдня топаць трэба.
— Цяпер ужо што. Усё роўна спазнілася.
— А табе ад Азяркоў куды? — запытаў ён і трошкі пакасіў на яе свае шэрыя на грубаватым абветраным твары вочы.
— Далей. У бок Нёмана. Слухай, а ў Лунна гарнізон, кажуць? — з трывогай запытала яна.
— Гарнізон, ага. У Лунна хадзіць нельга.
— Мне і сказалі — нельга. А я думала…
— Няма чаго і думаць. Цераз Нёман у другім месцы трэба перабірацца. Табе ж сказалі, у якім?
— Сказалі, — ціха зазначыла Зоська.
— Во там і пераправімся. Пароль жа ведаеш, мусіць?
— Пароль ведаю, — сказала Зоська і з трывогай у голасе загаманіла: — Слухай, давай схаваем наган. Во ў стажку. А пасля возьмеш, га?
— Ну, прыдумала! Нашто хаваць? Яшчэ спатрэбіцца.
— А раптам вобыск? Бо калі знойдуць, дык усё прапала. I як Дазорцаў табе дазволіў наган браць?
— Буду я пытацца ў Дазорцава. Яшчэ на плячах сваю галаву маю.
— Ой, баюся я, — ціха сказала Зоська.
— Не бойся. За мяне няма чаго баяцца. Калі я сам за сябе не баюся.
— Дарэчы, кепскі сон бачыла.
— Ну і дзівачка! — развесяліўся Антон, надзяваючы рукавіцы. — Не раўнуючы, як баба якая. А яшчэ студэнтка, у тэхнікуме вучышся.
— Пры чым тут тэхнікум, дзівак. Проста сон кепскі. Непрыемны.
— Я во ніякіх сноў не прызнаю. Калі б я снам верыў, даўно б капыты адкінуў.
— I табе нічога не сніцца?
— Сніцца, чаму. Рознае. Але я нуль увагі. Куды ноч, туды і сон.
Зоська засунула рукі ў маленькія кішэнькі сачка, нявесела пазіраючы ўдалячынь, куды пралягаў іхні шлях. Усё ж ёй было холадна на ветры ў непрасохлай апратцы, і яна, міжвольна скаланаючыся, ледзьве стрымлівала дрыжыкі. Вядома, сны — забабоны, але ў іхнім становішчы гэтыя забабоны вельмі проста маглі ператварыцца ў злую рэальнасць. Месяц назад дажджлівай непагоднай ноччу ў Селіцкім лесе Зосьцы прыснілася, што яе даганяе аўчарка; закрычаўшы ў сне, яна разбудзіла Аўдоніну, з якой яны спалі ў будане, і тая, пасмяяўшыся над яе дзіцячым спалохам, сказала, што немцы ў такую непагадзь наўрад ці ў лес сунуцца. А яны ранічкай якраз і сунуліся, ледзьве не захапіўшы знянацку сонны атрад, добра, што хлопец-вартавы стрэліў на ўзлеску, і Кузняцоў паспеў вывесці атрад за балота.
— Што сны! — уздыхнуўшы, сказаў Антон. — У жыцці горш бывае. Вунь учора каля сталовай страчаю Куманца, пісара, кажа: рыхтуйся, Галубін, на гарнізон пойдзем. — На які гарнізон? — На Дзярэчын, кажа, паліцаяў выкурваць, памагаць першамайцам. — Ты чула: зноў, значыць, батрачыць на дзядзю. Ды яшчэ з такім камандзірам.
Антон гаварыў расстроена, амаль злосна, і Зосьцы стала няёмка за ўвогуле някепскага, хоць, можа, і не дужа віднага і не заўжды ўмелага новага камандзіра атрада, які ласкава клікаў яе дачушкай.
— Дык яму ж загадваюць. Міжрайцэнтр загадвае, што ён, сам усё выдумляе? — паспрабавала яна абараніць Шаўчука.
— Загадваюць, канешне. I Кузняцову загадвалі. Аднак Кузняцоў быў такі, што дзе на яго сядзеш, там з яго і злезеш. Умеў адбрыкацца. Людзей паберагчы. А гэта цюха-мацюха: загадалі — ёсць, будзем выконваць. А як — у яго і ў паняцці няма.
— Во ты і падказаў бы, — не стрывала Зоська. — Ты ж стары партызан, з самай вясны ў атрадзе.
— З вясны, ага. Наваяваўся ўжо, во, — адмераў ён сабе даланёй да шыі. — Ды я што? Я радавы. Мая справа цялячая.
— Канешне, які з яго камандзір! Усё ж ён ваенны чалавек. Хаця і старшынёй быў.
— З немцамі ваяваць — не вераб’ёў страляць. Умець трэба. Іх вунь колькі напёрла. Сіла!
Зоська прамаўчала. Сіла. Гэта, вядома, яна ведала, бачыла і на сабе адчувала гэтую сілу. Але як справіцца з ёй, гэтай чужаземнай сілай, якая захапіла палавіну Расіі, як вярнуць усё назад — гэтага яна не магла сабе ўявіць. Затое яна выразна адчувала, што ў гэтай вайне, апроч як выстаяць і перамагчы, іншага выбару не існуе. Інакш не варта і жыць, лепш адразу галавой у прорву, каб не ашукваць сябе, не пакутаваць.
Яна была маленькі чалавек на гэтай зямлі — да вайны яшчэ толькі вучылася ў Навагрудку, некалькі месяцаў працавала піянерважатай у глухой сельскай школцы, жыла труднавата, ледзьве зарабляючы на якую-ніякую апратку, перабіваючыся з бульбы на хлеб. Але яна верыла ў лепшую будучыню, а яшчэ болей — ва ўсвоены ёю з кніг ідэал дабра і справядлівасці, які так нахабна растапталі фашысты. Яна іх ненавідзела, як толькі можна ненавідзець сваіх асабістых ворагаў: за тое, што яны расстралялі яе швагра-настаўніка, пазнішчалі ўсіх яе яўрэйскіх сябровак у мястэчку, папалілі хутары і прычынілі столькі неспатольнага гора яе разбуранай акупаванай зямлі. I яна сказала сабе, што жыць на адным свеце з гэтым звяр’ём немагчыма, што яна будзе ім шкодзіць, як толькі льга, калі толькі яны не заб’юць яе раней. Каб не спазніцца, вясной, як толькі растаў снег, яна згаварылася з сяброўкай і пайшла ў лес, і вось ужо некалькі месяцаў для яе няма іншага лёсу, апроч ляснога жыцця атрада з яго небяспекамі, голадам, сцюжай, з мноствам іншых нягод — апрача вайны.