Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Хапаючыся за нізка навіслае з берага сучча і няпэўна ступаючы па слізкім ламаччы, яны перабраліся па завале амаль да сярэдзіны ракі і спыніліся. Далей было метры два чорнай вады, якая імкліва імчала каля крайніх, глыбока ўтопленых палак; з таго берага было відаць прытопленае гнілое бервяно, канец якога ціха пагойдваўся на плыні. Антон прымерыўся, прыкінуў адлегласць да канца бервяна, спрытней уладзіў нагу на ўпоры.
— Будзем сігаць.
— Ой! А раптам сарвемся?
— Зрывацца не трэба. Першы скакаць буду я. I падтрымаю цябе. Ну!
Уся куча палак і голля аднабока хіснулася, пляснуўшы вадой, штось пад нагамі хруснула, Антон узмахнуў рукамі і, лёгка наступіўшы на прытоплены канец бервяна, апынуўся на тым баку.
— Ну?
Ён шырэй расставіў ногі і чакаў, гатовы падхапіць яе, але Зоська раптам згубіла рашучасць, адчуўшы, што для такога скачка ў яе проста не хопіць сілы.
— Не дапрыгну…
— Ну, ну! Дапрыгнеш, давай, не бойся! — падганяў Антон з таго берага. Яна ў каторы раз прымервалася да страшнай вадзяной шырыні, кідаючы вінаватыя позіркі на ажыўлены, поўны нецярпення Антонаў твар, і не магла адважыцца.
— Не магу. Не дапрыгну…
— Ну што ж мне, назад вяртацца? — урэшце зазлаваў Антон. — Я ж во дапрыгнуў, ты бачыла?
— Дык гэта ж ты!
— А ты? Галоўнае — смела! Ну, скачы, я падхаплю!
Зоська слухала яго і сама ўсё разумела: трэба адважыцца і скокнуць. Але спярша трэба было разлічыць штуршок з адлегласцю, і каторы раз, зрабіўшы тое, яна разумела, што да бервяна не дастане, значыць, зноў апынецца ў ледзяной вадзе. А новае купанне ніяк не ўваходзіла ў яе планы — даволі з яе ўчарашняга, ад якога яшчэ не высахла апратка.
— Ах ты, такую тваю мацер! — вылаяўся на тым беразе Антон і, ломячы ботамі лёд, рашуча сігануў у ваду. Яна не зразумела яшчэ, навошта ён так зрабіў, і спалохалася, убачыўшы яго па калені ў вадзе, адкуль ён патрабавальна працягнуў да яе рукі.
— Прыгай, ну!
Зоська скокнула — не на бервяно, а ў гэтыя выстаўленыя да яе рукі, ён пахіснуўся, але ўтрымаў яе, пераступіў, ледзьве сам не паваліўшыся ў ваду, і дужа штурхнуў нагамі наперад, да самай ледзяной закраіны ля берага. Яна ўпала на адно калена, але хутка ўскочыла і, запэцкаўшы рукі, узлезла на невысокі тут, аблытаны карэннем бераг.
— Дзякуй, — ніякавата сказала яна, пазіраючы, як выбіраўся з вады Антон. Мабыць, спяшацца яму ўжо не было патрэбы, абедзве ягоныя нагі да самых калень былі мокрыя, з левай палы кажушка лілася на бот вада.
— Набраў, ага? У абодва? Ну во… Ты мне даруй, калі ласка.
— Што рабіць! Зялёная ты яшчэ разведчыца. Напэўна, зялёная, падумала яна, выразна ўсведамляючы сваю віну і з непрыемнасцю адчуваючы трохі прыкрытую яго незадаволенасць. Стоячы збоку, яна моўчкі глядзела, як ён з сілай сцягнуў з левай нагі бот і выціснуў на снег брудную дзіравую анучу.
— Во так! Цяпер абое купаныя, — упершыню падняў ён да яе яшчэ строгі, але трохі падабрэлы позірк, і яна зразумела, што ён ужо не сярдуе.
— Так шырока, што я не магла, — сказала яна. — А ў другім боце як? Суха?
— У другім суха, — сказаў ён. — Левы дзіравы, даўно ваду прапушчае.
Тым не менш Антон сцягнуў з нагі і правы бот, сухую анучу з правай нагі накруціў на пачырванелую ад сцюжы левую ступню.
— Каб крыўдна не было. Мокры бот, затое сухая ануча. Ён зусім ужо не злаваў, і ў Зоські адлягло ад душы — усё ж ён малайчына, гэты Антон Галубін.
— Напэўна, змёрз? Давай прабяжым, — прапанавала яна, але Антон не згадзіўся і нетаропка падняўся з берага, старанна выцер аб снег запэцканыя ў гразі рукі.
— Сагрэюся. Мароз невялікі.
— Куды цяпер — не зразумею нават. Пушча там быццам, так?
— Там, — пацвердзіў ён. — Недзе тут павінна быць дарога. А табе куды — на Астравок?
— Ага, на Астравок. Дазорцаў сказаў. Там хлопцы на заставе перавязуць цераз Нёман.
З гэтага боку рэчкі куп’сты балотны бераг густа зарос кустоўем, сярод якога ледзьве не да калень тапырылася ссохлая, перасыпаная снегам трава, і яны ішлі, пракладваючы паміж кустоў і купін дзве пары глыбокіх слядоў. Напэўна, гэтыя сляды трэба было б маскіраваць неяк, але Зоська не ведала, як тут іх можна было замаскіраваць, і не здзівілася, калі Антон загадаў:
— Ты ідзі за мной. Каб у адзін след.
— Правільна.
Балота ўсюды добра прамерзла і няблага трымала чалавека, у траве было суха, дробныя лужыны павымярзалі да дна, і пад нагамі часам хрумсцела — нятоўсты лядок лёгка ламаўся ў траве.
— Зося! — нейкім асаблівым голасам сказаў раптам Антон і азірнуўся. Яна ледзьве не наткнулася на яго ззаду і спынілася, пазіраючы ў яго заклапочаны, нават азмрочаны чымсьці твар. — Зося, я павінен табе сказаць…