Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Цяпер ён не ведаў нават, калі ўсё пачалося. Можа, з тых вечарын у Заглядках, калі ён танцаваў з ёю «страданіе», або з таго тлумнага дня, калі атрад Кузняцова, пакінуўшы абжыты лагер у Селіцкім лесе, паспешна перабазіраваўся за Шчару. На новым месцы іх напаткала прамозглая глуш старога замшэлага ельніку. Уцякаючы ад даганятых, яны суткі не елі, былі галодныя і знемаглі, як чэрці. Пасля кароткага адпачынку камандзір узвода вылучыў трох партызан зрабіць атрадную кухню. Двое пайшлі шукаць чыстую ваду, а Антон пачаў ладзіць топку — пад іх закапцелы таган трэба было выкапаць ямку. Ён адразу ўзяўся за справу, угрэўся, спацеў і, падумаўшы, што трэба здзець кажушок, убачыў Зоську. Дзяўчына нячутна падышла да яго, стала насупраць і ўсміхалася.
— Што, памагчы прыйшла? — запытаўся ён і таксама ўсміхнуўся.
— Ну, такому яшчэ памагаць! Адзін управішся. Во, рукі якія шырокія, бы лапаты, — засмяялася яна, і ён чамусьці ніякавата паглядзеў на свае нямытыя, запэцканыя зямлёй, далоні.
— На пусты жывот і рукі знямогуць.
— Згаладнеў, бедненькі. На, во табе…
Зоська ступіла бліжэй і з маленькага белага кулачка адсыпала яму паўжмені буйнага сухога гароху.
— Мацуйся. Сняданак не скора.
I зноў неяк загадкава ўсміхнуўшыся, нетаропка пайшла ў ельнік, дзе чуліся галасы хлопцаў, што ладзілі буданы для жылля. Ён паўзіраўся ўслед яе зграбнай невялічкай постаці ў боціках, спаднічцы і нейкай шырокай, не па яе росце, куртцы і падумаў з нечаканай зайздрасцю: «Ладная дзяўчынка».
Зоська пайшла, здаецца, тут жа забыўшыся пра яго, адразу акружаная іншымі хлопцамі, маладымі і нават хто быў старэй — усімі, каму карцела звярнуць на сябе хвілінную яе ўвагу, пажартаваць, тым больш што іншых жанчын, апроч яшчэ буркатлівай пажылой Сцепаніды, у атрадзе ўжо не было. Антон не лез перад другімі, хаця некалькі разоў і лавіў сябе на тым, што пачаў думаць аб ёй і не супраць быў бы зноў убачыць яе.
Аднак бачыў ён яе па-ранейшаму рэдка. У кастрычніку два ўзводы з атрада праводзілі аперацыю па знішчэнню Лук’янаўскага льнозавода і больш за тыдзень не былі ў лагеры, а ў пачатку кастрычніцкіх свят ён двойчы з групай Мамыкіна хадзіў на шашу здабываць боепрыпасы і зброю. Па дарозе з другога задання група наскочыла на засаду, іх абстралялі з вясковага выгану, аднаго хлопца забілі, а цяжка параненага Мамыкіна ён нёс на сабе кіламетраў дванаццаць да лагера, дзе той праз дзень і сканаў. Хавалі забітых, настрой быў паганы, стала не да гэтай дзяўчыны, якая прыжылася пры кухні, а затым пры штабе — з яе пачалі рыхтаваць разведчыцу. Аднойчы, праўда, спаткаў на сцежцы, абмяняліся дзвюма-трыма фразамі, і ўсё. Праўда, Антон не надта сумаваў ад таго, бо па натуры быў чалавек з характарам, вытрымкі ў яго хапала. Засады, баі, небяспека загартавалі яго яшчэ болей, і ён не мог нават успомніць выпадак, каб калі разгубіўся або хоць бы надта спалохаўся. Нават на злашчасным тым хутары. Хаця хто-колечы ў атрадзе і не супраць быў спіхнуць на яго смерць камандзіра атрада, але ён не быў ні ў чым вінаваты. Наадварот, сваёй кемлівасцю ён уратаваў чацвярых, калі першы скочыў з гарышча ў крапіву і крыкнуў астатнім: за мной! Хата ўжо гарэла, заняўшыся з другога канца, ад трысцена, яны, задыхаючыся ў дыме, з гадзіну адстрэльваліся ад паліцаяў, што насядалі з трох бакоў, з чацвёртага нічога не было відаць, туды валіў дым. Кузняцоў з ардынарцам рэдка пастрэльвалі з падпола ў хаце, куды паліцаі кідалі гранаты. Напэўна, камандзір быў паранены і не мог выбегчы, а яны, учатырох, што маглі зрабіць супраць трох дзесяткаў нахабных бобікаў? Добра яшчэ, што дзьмуў моцны вецер, які нізка слаў дым па гародзе, гэта і ўратавала іх.
Кузняцова Галубіну было шкада да слёз, гэта быў смелы і талковы камандзір атрада, Антон любіў яго, як толькі можна любіць здатнага камандзіра ў арміі. Ідучы куды-небудзь па справе, у разведку, на баявую аперацыю або гулянку, той заўжды браў з сабой шасцярых партызан, разам з якімі ездзіў таксама і Галубін. Цяпер ад гэтай шасцёркі, здаецца, нікога не асталося.
Вельмі цяжка было ўпачатку: атрад збіраўся з розных людзей — часткова з раённага актыву, партыйцаў, НКУС, частка з параненых чырвонаармейцаў, а таксама прымакоў-акружэнцаў і нават некалькіх зняволеных, якім пашчасціла ўцячы з лагераў. Многія былі без зброі, другія — хворыя ці з адкрытымі ранамі, некаторыя наракалі на партызанскія парадкі і начальства, невядома кім і калі пастаўленае. Быў адзін, які назваўся маёрам і патрабаваў сабе камандзірскай пасады. Кузняцоў у такіх выпадках прытрымліваўся нязменнага для ўсіх правіла: паказаў сябе ў баі — атрымлівай камандаванне. I гэта было добрае правіла, думаў Галубін. Сам ён некалькі год да вайны рабіў падатковым агентам у райфа, у арміі раней не служыў, а давялося пайсці на вайну — стаў камандзірам узвода, затым камандзірам падрыўнікоў, і толькі пасля гібелі Кузняцова зноў панізіўся да радавога. Але ён не крыўдаваў, стала не да камандзірскіх амбіцый, важней было зберагчы цэлай аўчынку, як любіў казаць Кузняцоў.