Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 230
Перейти на страницу:

Яна зноў палезла пад цёплую палу кажушка. Антон, сонна ўздыхнуўшы, блізка прываліўся да яе, і яна соладка прыціхла, ледзьве прыкметна ўздрыгваючы і патроху грэючыся. Яна хутка і моцна заснула, нібыта сіганула адразу ў іншы, маркотна-цягучы свет сну. Чамусьці стала надта трывожна на душы, яна невядома чаго пакутавала, хаця доўга нічога благога з ёй не рабілася, але ў соннай свядомасці ўсё шырылася-расла трывога, прычына якой заставалася для яе невядомай. Нейкі час, нібы памятаючы пра рэальнае, яна недаўменна пыталася ў сябе: чаму так? Усё ж было добра, асабліва благога яшчэ не здарылася, яна не адна, з ёй той, пра каго яна нядаўна яшчэ толькі марыла, праўда, не Антон, нехта іншы і яшчэ невядомы, але несумненна добры, свой чалавек. Але чамусьці ён зрабіўся нейкі няпэўны, нібыта д’ябал і анёл у адной асобе, і самым пакутным для Зоські была гэтая яго няпэўнасць. З цягам часу невыразныя душэўныя перажыванні самі па сабе прытупіліся, пачалася іншая частка сну. Зоська ўбачыла сябе на краі камяністага абрыву ў гарах, дзе яна ні разу ў жыцці не была і нават не ведала, як яны выглядаюць. Але цяпер яна выразна бачыла перад сабой голыя шархоткія камяні з вострымі краямі разломаў, за якія яна з усяе сілы чаплялася пальцамі, каб неяк утрымацца на абрыве і не зрынуцца ў бездань. Яна не азіралася, але спіной выразна адчувала за сабой правалле, куды ўсё болей спаўзала. Ёй трэба было хоць на што-колечы ступіць, абаперціся нагамі, яна шкрэбла па камянях, але ступіць не было на што. Тады яна паспрабавала крычаць, але голасу не было, з грудзей вырывалася незразумелае глухое мычанне, і ніхто не ішоў памагчы ёй, хоць, ведала яна, той чалавек быў дзесь побач. I вось нарэшце ён паявіўся над безданню, але яна не пазнала яго, гэта быў хтось іншы, чужы і агідны, да яе выпнулася яго рука-лапа з чорнымі, як у мядзведзя, кіпцюрамі. Зоська спалохалася гэтай лапы болей, чым бездані, глуха крыкнула і сарвалася з абрыву. Некалькі секунд перад тым, як разбіцца ў праваллі, яна выразна ведала, што гіне, але за імгненне да пагібелі раптам прачнулася.

Праз разварушанае сена ў нару пранікала цьмянае святло хмарнага ранку і дзьмуў вецер. Зоська ўспомніла, дзе яна, адкінула палу кажушка і памкнулася выскачыць, але толькі села, прыгнуўшы зацярушаную сенам галаву. Антона ў стажку ўжо не было. Усё яшчэ перажываючы свой страшны сон, Зоська прыслухалася, дзесь паблізу чуліся крокі, і яна ціхенька паклікала:

— Антон!.. Галубін…

— Што? Прачнулася? Ану, уставай! Выхадзі на зарадку!

Паволі вызваляючыся з-пад улады соннага страху, яна стала таропка збіраць сваю ўтаптаную ў сена апратку, якая амаль ужо высахла, толькі спадніца і боты былі яшчэ макраватыя. Лежачы, як-колечы надзела на сябе спадніцу і з ботамі ў руках выскачыла са стажка.

Займалася позняя зімовая раніца, над поплавам віднела, выплывалі з прыцемку невыразныя ўначы плямы, якімі аказаліся зараснікі, зводдаль цямнела паласа хвойнага лесу. На прысыпанай свежым снегам траве стаялі чатыры стажкі, і ў суседнім з іх Зоська пазнала той іх стажок, дзе яны ўчора спрабавалі ўладкавацца на ноч. Каля яго з падкасанымі рукавамі сподняй кашулі націраў снегам шыю Антон. Як толькі яна вылезла з нары, ён скамячыў дужымі рукамі снежку і жартам шпурнуў у яе. Зоська міжволі ўхілілася, снежка мякка шлёпнулася аб стажок і рассыпалася.

— Хутка мыйся, соня! — грубавата пажартаваў Антон. — А то разаспалася, не дабудзішся. Быццам вайна скончылася.

— Учора ўжо вымылася, — сказала Зоська, таропка нацягваючы на панчохі макраватыя боты.

— Учарашняе не ў залік. Хто першым снегам памыецца, усю зіму без прастуды абыдзецца. Ану!

Ён падчапіў рукой жменю свежага снегу і, падышоўшы да Зоські, нацёр ёй лоб і пераноссе мокрым, сцюдзёным снегам.

— Ой, ой! Не трэба!

— Нічога, прывыкай! Спатрэбіцца.

Зоська завязала цёплую шэрую хустку, крадком пазіраючы на Антона. Ёй было трохі ніякавата перад ім за іх не зусім звычайны начлег, яго дамаганне і сваю рэзкасць учора, але Антон трымаў сябе дзелавіта проста, быццам яны толькі цяпер спаткаліся, і гэта супакоіла Зоську. Абое быццам дамовіліся не ўспамінаць пра маленькі інцыдэнт, робячы выгляд, быццам нічога між імі не здарылася. Зосьцы, праўда, гэта ўдавалася горш, у яго ж выходзіла як найлепш. Быццам ён і не начаваў з ёй у гэтым стажку.

Антон падперазаў ваеннаю дзягай свой руды сялянскі кажушок, прыдзірлівым позіркам зверху ўніз акінуў Зосьчыну постаць, і ў ягоных шэрых вачах з’явіўся клопат.

1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)