Горад Б* цяжка назваць Венецыяй. Нават сіняй травеньскай ноччу, калі яго вулкі затапляе мора веснавога водару, а цёмная лістота бэзу і язміну са светлай пенай квецені і самаму беднаму ўяўленню нагадвае хвалі.
Не, ніхто і ніколі не параўноўваў горад Б* з Венецыяй! А між тым хіба дзесьці яшчэ на свеце ёсць такія галасістыя дзяўчаты, хіба дзесьці так працінае цёплае вечаровае паветра чыстая, як месяцовы прамень, песня? А зухаватыя хлопцы горада Б*, хіба не падобныя яны да венецыянскіх гандальераў, калі плывуць іх постаці ў святочных вышыванках ля прысадаў дома, дзе жыве асабліва прыгожая паненка, і лунае над імі вечная песня вясны і кахання, якая не змянілася ад часоў Саламонавых?
Таму нікога не здзівіла, калі Апякунства народнай цвярозасці горада Б* аб'явіла аб стварэнні хора. Акрамя дабратворнага ўплыву песеннага мастацтва на тутэйшыя норавы, хор мусіў стацца крыніцай дабрачыннага збору сродкаў на падтрыманне тых жа нораваў на адпаведнай гордаму гораду Б* вышыні.
Друзлая сцэна летняга тэатра, на якой з прычыны працякання даху і правальвання пад нагамі дошак ужо гады тры не было ніякіх тэатральных імпрэзаў, з багавейлівасцю сустрэла пятнаццаць жаўронкаў горада Б*, самаадданых прыхільніц мастацтва і, вядома ж, народнай цвярозасці.
А самаадданае служэнне мастацтву (і тым больш цвярозасці) не можа не сустрэць водгуку ў шчырым недасведчаным сэрцы…
Тэлеграфнага служачага восьмага разраду Лютыся ніхто не назваў бы дасведчаным хоць у чымсьці, гэтак жа, як горад Б* не называюць Венецыяй. Нават Лютысяў бацька, тэлеграфіст са стажам, калі глядзеў на свайго нашчадка, які лена перацягваў з кута ў кут стосы паперы, а прыпухлыя, нібыта вечна заспаныя, вочы скіроўваў пры гэтым плённым працоўным працэсэ да столі, нават гэты вытрыманы, паважаны чалавек дасадліва стукаў худым кулаком па стале:
— Пакараў жа Гасподзь мяне, грэшнага, такім ёлупнем…
Бо не выяўляў Лютысь цікавасці ні да чаго карыснага, адно да калдуноў са смятанай. Скончыў ён чатыры класы рамеснай вучэльні і быў уладкаваны бацькам на ніжэйшую пасаду гарадской тэлеграфна-паштовай службы…
У летні тэатр гарадскога парку Лютысь трапіў таму, што пачаўся дождж, што ў кішэні была прыхаваная цыгарэтка і сустракацца ні з кім не хацелася. Бо ўсе сустрэчныя заўсёды нечага ад небаракі Лютыся хацелі — каб ён ветліва павітаўся, зашпіліў каўнер, распавёў, дзе быў учора апоўдні ці заўчора вечарам, і чаму ў яго такі адсутны выгляд… Не, лепш пасядзець у ціхім спакойным месцы…
Але на гэты раз месца не было ціхім… У сырым памяшканні, адбіваючыся ад збуцвелых сцен размытым рэхам, грымнулі галасы хору Апякунства народнай цвярозасці…
Лютысь хацеў быў збегчы, але чамусьці не змог. Яны ўсе былі тут, на сцэне, — і чарнявая паненка Анэля, і бялявая кірпаценькая Юзька, і рудая кучаравая Анця… Яны спявалі для яго, адзінага слухача, недарэкі Лютыся, і як спявалі! Райскія птушкі, аблокі з мігдалавага крэму, залатыя купалы і кедр ліванскі паўставалі на прасторах Лютысевай душы!
Лютысь ніколі не быў у тэатрах, але ведаў, што пасля прадстаўлення трэба пляскаць у ладкі… Удзельніцы хору, заружавелыя, сціпла пакланіліся… Іхняя кіраўнічка, маладая жонка настаўніка літаратуры мужчынскай гімназіі, строга запатрабавала цішыні, узмахнула рукамі, і пад дзіравую столь ускрыліла новая песня…
Так Лютысь пачаў наведваць усе рэпетыцыі новага хору. Вядома, ён і раней чуў розныя спевы. І ад маці, і ад мясцовых дзяўчат… У параўнанні са спевамі хору гэта было што даматканая посцілка ў краткі перад крамным дыванком з чароўнымі пастушкамі ў гірляндах з ружаў… Хто прадугледзіць, як і калі прыгажосць пастукаецца ў ягоную душу? Харысткі пелі дзівосныя песні пра залатыя хмаркі і суровыя скалы, пра няшчасных сіротак і літасцівых пані, нарэшце, пра каханне, такое нябеснае і дасканалае, што Лютысь не разумеў і паловы слоў.
Харысткі хутка прывыклі да адданага паклонніка, які не стамляўся пасля кожнай песні біць у ладкі і так шчыра перажываў за кожную іхнюю ноту. Яго пасылалі купіць лядзенчыкаў ці піражкоў з капустай, прасілі прынесці бутэлечку сельтэрскай вады для чысціні голасу. Ніхто са знаёмых не пазнаў бы тут Лютыся — вечна санлівы, абыякавы твар гарэў такім энтузіязмам, што прыходзіць толькі да непаўналетняга юнака, які ўпершыню патрапіў на рэпетыцыю жаночага хору.
Дзіўна, але хаця Лютысь абагаўляў сваіх спявачак, кожная з іх паасобку як бы не цікавіла яго. Ні чарнявая Анэля, ні бялявая Юзька, ні нават рудая кучаравая Анця… А напэўна ж, кагосьці з іх ён сустракаў, і нават не раз, і па-за сцэнай летняга тэатру. Але яго абыякавы пагляд заўсёды кіраваўся міма, у тую кропку, дзе ззяюць залатыя купалы і спяваюць райскія птушкі… Дзе лунае звонкагалосы херувім з пятнаццаццю прыўкраснымі галовамі…
Вясна з усіх пор года мінае найхутчэй. Здаецца, толькі-толькі закружыла галовы, разгайдала сэрцы ў рытме першых дажджоў, а ўжо абсыпалася квецень і птушкі, прыгнечаныя сямейнымі клопатамі, суцішылі пошчак. Апякунства народнай цвярозасці ладзіла першую вечарыну па дабрачынным зборы сродкаў на… Гісторыя не захавала звестак, на што менавіта, але ж мы з вамі не сумняваемся, што гэта была вартая, плённая ў справе падтрымання народнай маральнасці мэта.
«Цвіком» вечарыны мусіла стацца выступленне хору.
Ах, як яны хваляваліся, як прасавалі бялюткія каўнерыкі і манжэты, а на спадніцы нечакана выяўлялася пляма, якую зараз жа спрабавалі вывесці з дапамогай солі і праса, а ў гэты час з кудзерак выпадала дзве папільёткі, а татка заўважаў, што папільёткі скручаныя з сённяшніх непрачытаных «Губернскіх ведамасцей», і ў давяршэнне брыдкая котка (ці малодшая сястрычка) скідала са стабурка парфуму… А ў горле невыносна казытала, і сціскала, і пякло…
Лютысь сядзеў у чацвёртым радзе амаль дыхтоўнага гарадскога клуба, у мундзіры тэлеграфнага служачага, зашпіленым пад самае горла, і паблажліва пазіраў на стракатую публіку. А публіка сапраўды была стракатай — акрамя актывістаў руху за гігіену, санітарыю і, вядома, народную цвярозасць былі запрошаны прадстаўнікі таго самага народу — рабочыя з мануфактуры і бровара. Лютысю страшэнна не падабалася, што замест таго, каб стаіць дыханне ў чаканні цуду, многія перашэптваліся, перасмейваліся і нават рагаталі.
Але чаму яны не змоўклі, калі заспяваў хор?
— Блеюць, нібы козы някормленыя… — сярдзіта абазваўся нейкі грубіян за Лютысевай спінай.
Лютысь якраз вывучыўся акрым пляскання ў ладкі гучна крычаць «брава!» і «біс!». Але ўсё-ткі не так гучна, каб заглушыць усе незадаволеныя галасы, смех і свістанне. А хор між тым намагаўся з усіх сіл. І панна Анэля, і панна Юзька, і рудая Анця, вытанчана склаўшы белыя ручкі перад сабой, падобна мармуровым анёлкам на каталіцкіх могілках горада Б*, старанна выводзілі рулады пра залатую хмарку і пра бедную сірацінку…
— Ну колькі можна нудзіць? Яшчэ па праграме чытальнік і піяніст. А калі ж танцы? — абураўся несвядомы люд.