Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другие приключения » Сэрца мармуровага анёла
Сэрца мармуровага анёла - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сэрца мармуровага анёла

Электронная книга - «Сэрца мармуровага анёла». Краткое содержание книги:

У кнігу Людмілы Рублеўскай увайшлі прыгодніцкія, дэтэктыўныя і фантастычныя творы. Фантазія аўтара пераносіць чытача то ў таямнічыя старасвецкія маёнткі, дзе жывуць ваўкалакі і захоўваюцца пёры сініх птушак, то ў сучасны студэнцкі інтэрнат для будучых мастакоў, дзе таксама ёсць месца таямніцы і рамантычнаму каханню, то ў фантастычны горад Б*, дзе пераплятаюцца антычныя міфы і беларуская гісторыя. Героям твораў даводзіцца праходзіць праз нялёгкія выпрабаванні, але вернасць, мужнасць і сумленнасць заўсёды перамагаюць хцівасць і падступнасць. Важнае месца ў прозе Л. Рублеўскай займаюць рамантычная гісторыя Беларусі і выхаванне любові да Радзімы.
1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 70
Перейти на страницу:

Пан Рамуальд аж пераступіў ад хвалявання тонкімі нагамі, абцягнутымі тканінай у зялёна-жоўтую клетачку, нібыта зладзіў вытанчаную фігуру прыдворнага танца, і схапіў паненку за абцягнутую карункавай пальчаткай ручку:

— Я з самымі сумленнымі намерамі, панна Зося! Памятаеце, як Алена Фоурман трымала пэндзлі свайго мужа, мастака Рубенса? І мы з вамі… Вы са мной…

Панна Зоф'я выдзерла з мастакоўскіх слабых рук сваю руку і прыўзнялася:

— Ты шо, мазідла, п'яны? Цэлы месяц галаву тлуміў усялякай лухтой — Кліпатры, Ляізы, Біятрычы… Гаварыла татусю, каб не скупідомнічаў, наняў нармальнага мастака. Еканомія, еканомія… Галадранцаў усялякіх толькі ў дом і пушчаць! Татусю, татусю! Шо скажу!

Панна Зося грэбліва штурханула небараку Рамуальда, як прадмет мэблі, і, пазвоньваючы ювелірнымі ўпрыгожаннямі, шырокімі крокамі пакінула імправізаваную майстэрню.

Пан Рамуальд агаломшана сядзеў на раскошным Шкудровічавым дыване з несапраўднымі ружамі, не ў моцы ўсвядоміць сваю паразу.

— Пан Рамуальд, вось ён… Рубенс! Здаецца, той самы, глядзіце!

Таўсманны Ганька пачціва нахіліўся над павержаным мастаком з тоўстай кнігай у руках.

Аптэкарскі Ромка высмаркаўся ў свой аксамітны бант-гальштук і павольна падняўся:

— Не трэба. Нічога ўжо не трэба…

— Вы… скончылі партрэт?

— Так… Скончыў…

Пан Рамуальд хацеў ужо выйсці з пакоя, як Ганька заступіў яму дарогу.

— Стойце, пан Рамуальд! Я мушу вам сказаць… Чуеце?

Пан Рамуальд ачомаўся… Чаго трэба гэтаму мільёншчыку? А, біць будзе… Рамуальдава галава мімаволі ўцягнулася ў плечы. А Ганька працягваў усхвалявана гаварыць:

— Я зразумеў! Я хачу вырвацца з гэтага балота! Грошы — тло, нішто, зло! Наш асяродак — гэта асяродак крывасмокаў і бур… бюргераў, а чалавеку патрэбна духоўная воля! Пачаць жыццё спачатку ніколі не позна!

Адбылася нейкая памылка… Нешта пераблытана… Пан Рамуальд нясмела ўсміхаўся і спрабаваў прасунуцца да дзвярэй. Але Ганька ўзвышаўся на ягоным шляху, як Галіяф.

— Вы адкрылі мне вочы, пан мастак! Вы ведаеце, я таксама… Ну так, па-дылетанцку, вядома… Але малюю. Што тая Зоська, яна дурная, нічога не разумее. Усе Шкудровічы дурні. Нізавошта не ажанюся з гэтай таўстухай. Ніякай паэзіі. Заўтра ж — у Парыж, на мансарду! Як вы там казалі, фіялкі Марма… Манра…

— Манмартра… — аўтаматычна падказаў пан Рамуальд. Ганька ўзрушана схапіў яго за руку:

— Вы столькі гаварылі пра сяброўства між мастакамі.. Дзяліцца апошняй скарынкай… Эксперыментаваць з колерам… Можа, і вы са мной? Там дзяўчынкі… Грызеткі… На тым Мармары…

— Манмартры… — зноў падказаў пан Рамуальд і нарэшце ўсвядоміў увесь трагізм становішча. — Не! Не хачу! Нічога не хачу! Ды адчапіцеся ж ад мяне!

Пан Рамуальд працерабіў сабе шлях да рэтырацыі і кінуўся прэч з праклятага дома, дзе ён так падмануўся, дзе згаслі ягоныя мары, як згасае свечка ад трапнага пляўка. І нагавіцы ў жоўта-зялёную клетачку зноў беспардонна пляміла густая брунатная вадкасць з лужын горада Б*.

Шкудровіч так і не заплаціў за партрэт дачкі.

Ганька назаўтра збег у Парыж. Бацькі доўга бедавалі, што занадта патуралі сыну і ён з'ехаў з глузду. Шле дзіўныя лісты, спрабуе адмовіцца ад спадчыны. Ад цудоўнай мануфактурнай фабрыкі, якая дае гарантаваны даход!

Праўда, сваяк губернатара, які пабываў у Парыжы, казаў, што Ганька, хаця і жыве як нейкі шалапут і нават адгадаваў бараду і доўгія патлы, нешта такі малюе і нават ягоныя карціны купляюць. Хаця адны дурні іх купляюць — бо зразумець, што менавіта на тых карцінах намалявана, — немагчыма, адны пісягі. Сваяк нават парыжскую газетку прывозіў, дзе маленькімі літарамі ў адным абзацы было набрана нешта пра Ганькавы карціны. Відаць, не самае ўхвальнае. Але, як ні кажы, трапіць у парыжскую газету…

Панна Зоф'я выйшла замуж за ўладальніка піваварні горада Б*, самавітага маладога чалавека, які знешне нагадваў збеглага Ганьку, асабліва целаскладам.

Пан Рамуальд па-ранейшаму выкладаў у жаночай гімназіі маляванне і піў мікстуру «Сад маёй бабулі».

Але ніколі больш не браў прыватных заказаў.

Геракл у Адмета

Аднойчы Геракл спыніўся ў свайго сябра, цара Адмета, у якога нядаўна памерла жонка Алкесціда, выкупіўшы сваім жыццём жыццё мужа. Даведаўшыся пра такую акалічнасць, Геракл, расчулены гасціннасцю Адмета, спусціўся ў падземнае царства і прымусіў Таната, бога смерці, вярнуць Алкесціду ў царства жывых.

Старажытнагрэчаскі міф

Наўрад ці ведалі ў багатых дамах-камяніцах горада Б* Мамоньку-шлопака.

Дый такога слова — «шлопак» — няма ў вучоных кнігах.

Але ў прадмесцях горада Б*, у маленькіх дамках пад засенню ліп і яблынь прыходу шлопака радаваліся ўсе. Таму што цэлы вечар у хаце будзе пераказ навін — што цікавага адбылося ў суседніх мястэчках, што і пачым прадаецца на кірмашах, куды лепш ісці, каб купіць новыя калёсы ці парсючка, дзе ў свеце пачалася вайна ці прайшоў землятрус… Карацей, кожны просты жыхар горада Б*, які з прычыны непісьменнасці ці ў мэтах эканоміі не выпісваў газет — а такіх было сярод мешчукоў прадмесцяў пераважная большасць мог атрымаць ад шлопака ўсе цікавыя яму звесткі. А шлопак ніколі нічога не прасіў — пакормяць дык пакормяць, пусцяць пераначаваць — дык пусцяць. Але прытулак і частунак меў заўсёды.

Адкуль быў родам Мамонька — ніхто не ведаў, здавалася, ён вечна хадзіў па навакольных вёсках і мястэчках. Нават узросту ягонага нельга было вызначыць — гэткі празрысты, без расліннасці на твары, дробны чалавечак. «Божы чалавек», — гаварылі пра Мамоньку некаторыя, але іншыя ім пярэчылі: «Хіба Божы чалавек швэндаецца па базарах?» Божы чалавек пяе псалмы і прадае кіпарысавыя крыжыкі ды цудадзейныя абразкі. А Мамонька і выпіць не адмовіцца, калі паднясеш. Але, што праўда, у торбачцы Мамонькі заўсёды ляжала Святое Пісанне — таннае выданне для простага люду, у шэрай папяровай вокладцы, з жыццяпісам Аляксея, Чалавека Божага, і малітоўнікам у дадатак. Калі побач не было сведак, шлопак даставаў запаветны томік і ўслых, па складах, чытаў, задумваючыся над непадсільнымі простаму розуму фразамі.

Але безумоўна, што пры поглядзе ў светлыя-светлыя, дабрэнныя вочы шлопака, даверлівыя да дурасці, а можа — да святасці, кожны мімаволі траціў насцярогу. Мамонька заўсёды выконваў мноства дробных даручэнняў — перадаваў з вёскі ў вёску, з мястэчка ў мястэчка чужыя пазыкі, невялікія гасцінцы і лісты. Пры Мамоньку не саромеліся абмяркоўваць свае хатнія праблемы, не баяліся даручыць яму пакалыхаць дзіця падчас чарговага начлегу.

Не адзін раз спыняўся шлопак у хаце Пётры Памідорчыка, слесара горада Б*. Не сказаць, каб багатай хаце, хаця Памідорчык меў залатыя рукі — мог адрамантаваць любую гаспадарчую прыладу, любы самы тонкі механізм — ад музычнай машыны да залатога швейцарскага гадзінніка. Але свае заробкі спускаў Пётра хутка і бязбольна. А чаго даражыцца тымі грашамі, пакамечанымі смярдзючымі паперкамі ды металёвымі абцерханымі круглячкамі, калі няма нічога даражэй за добры настрой, вясёлую песню ды куфель густога піва, а месца ў царстве нябесным, як вядома, ані золатам, ані срэбрам не купляецца, а толькі праведным жыццём.

І хаця праведнае жыццё Памідорчык прызнаваў за каштоўнасць, жонка ягоная, круглатварая Наста па мянушцы Клёцка, аніяк мужавай філасофіяй не магла задавальняцца. Бо якое ж праведнае жыццё ў карчомцы? Адно марнатраўства. Не для таго яна замуж выходзіла, каб з гліняных талерак есці. Весялун Пётра падміргне сярдзітай жоначцы: «Эгэ, даражэнькая, хоць і з золата з'ясі, усё ў адно месца выкінеш». Плюне бедная Наста, перахрысціцца, а мужык ужо за шапку — у карчомцы музыка зайграла.

Ды не сказаць, каб былі Пятро з Настай найгоршай у свеце парай. Прынамсі, шлопак Мамонька любіў у іх спыняцца. Гаспадыня заўсёды частавала, пакідала начаваць. Гаспадар жа бясконца распытваўся пра ўсё на свеце, прычым найбольш любіў слухаць не пра кошты на базарах, а пра дзівосы — певень знёс яйка, а з таго вылупіўся маленькі чорны цмок, на кірмашы ў суседнім павеце паказвалі васковых людзей — рыхтык жывыя, і нават варушацца і круцяць вачыма.

1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 70
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)