Сэрца мармуровага анёла
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- ISBN: 985-02-0627-6
- Жанр: Другие приключения
Электронная книга - «Сэрца мармуровага анёла». Краткое содержание книги:
Пан медыум зараз жа перастаў махаць рукамі над галавой Аманды і аб'явіў, што ў цела рэцыпіента можа ўсяляцца наступны дух… Вось, напрыклад, той, пра якога так настойліва думае гэты малады пан з вусамі… Пан Вабішчэвіч не паспеў запярэчыць, як з жывата мадам Аманды пачуўся голас, па ўсёй верагоднасці, той, пра каго думаў пан Вабішчэвіч. А думаў ён пра сваё таемнае каханне. Чаму прыгажуня Мэры, якая ў гэты час сядзела за піяніна ці кніжкай у адным з пакояў губернатарскага дома, прамаўляла да яго з таго свету, — Вабішчэвіч і не думаў, ашаломлены хваляй пяшчоты і палкага пачуцця. Аказалася, недаступная Мэры пакутуе без настаўніка Вабішчэвіча, думае пра яго ўвесьчасна і марыць злучыць калі-небудзь свой вечны дух з ягоным…
Цяпер духі пачалі змяняць адзін аднаго ў Амандзіным целе вельмі хутка. Ліхвяру Губерману, які пахаваў чатырох жонак, адна з іх (невядома, каторая) паабяцала адплаціць на тым свеце пяшчотай і клопатамі, якія мела ад яго на зямлі. Губерман збялеў і доўга выціраў вялікай клятчатай насоўкай узмакрэлы лоб. Па настойлівых просьбах прысутных мадэмуазель Гарабец мусіла перамовіцца слоўцам са сваім шаноўным бацькам-палкоўнікам кавалерыі, пра якога кожны дзень чулі з вуснаў мадэмуазель. Як апошняя ні аднеквалася турбаваць гэтак важны дух, ён з'явіўся і самым кранальным чынам пачаў пераконваць дачку ў сваёй пяшчотнай любові, заклікаў адкінуць гонар і забабоны і не адвяргаць любячых яе блізкіх асоб і не ўпускаць свайго шчасця. Аднак мадэмуазель Гарабец чамусьці не расчулілася і, ярасна абмахваючы маленькім веерам пачырванелы твар, сярдзіта глядзела на магнетызёра.
А духі зляталіся, як мухі на мёд. Яны былі красамоўнымі, дабрадзейнымі, велічнымі і перапоўненымі любоўю да жывых. Прысутных ахапіў хваравіты ажыятаж. Кожнаму хацелася прадэманстраваць, што яго памерлыя не горшыя за іншых. Пасля ўзбуджэнне змянілася бояззю. Спакушаныя жыхары горада Б* не ўсвядомілі, але адчулі, што неасцярожна наклікалі ў свой горад сотні мерцвякоў, якія дагэтуль спакойна займалі адведзеныя ім нішы і задавольваліся паніхідамі і вянкамі. Цяпер яны блукалі між жывых і патрабавалі ўвагі да сябе. Мінулае рэстаўравалася, як царква, у якой фрэскі чатырнаццатага стагоддзя, суровыя, строгія, патрэсканыя, замазалі прыемнай воку белай крэйдавай фарбай, на якой добра глядзяцца выявы ружовашчокіх херувімаў з пазалочанымі кудзеркамі.
Але перш чым боязь прысутных выявілася вонкава, вопытны гастралёр перапыніў сеанс, вярнуў душу асістэнткі на законнае месца, яшчэ раз ухваліў прагрэсіўных жыхароў горада Б*, раскланяўся і знік назаўсёды разам з мадам Дэльмар і сакваяжам з грашыма…
Назаўтра горад Б* трэсла ад чутак. Перад царквой, перад касцёлам і перад сінагогай расказвалі, што цётка Крыся зрэзала ўсе ружы ў сваім гародчыку і занесла іх на магілу ветэрынара; што настаўнік Вабішчэвіч уварваўся ў губернатарскі дом з непрыстойнымі крыкамі; што ліхвяр Губерман зварочвае справу…
Адна мадэмуазель Гарабец не каменціравала спірытычныя падзеі.
Горадам Б* уладарылі мерцвякі. Людзі міналі касцёл, сінагогу, царкву і карчму і накіроўваліся на могілкі. Там глядзелі на крыжы, каменныя слупы, папяровыя вянкі, але сувязь між звыклымі прыстойнымі атрыбутамі і тым невядомым, што было закапана пад імі, парвалася. Магілы нагадвалі пустыя коканы, а невядомыя істоты, што вырваліся з іх воляю праклятага гастралёра, лёталі над лопухамі і чарнабылам, над бялявымі галоўкамі дзетак і лысінамі паважных дзядзькоў, дасканалыя, вечныя, любячыя… Адчуванне было як падчас спякоты на лясной сцяжынцы, калі да потнага цела ліпнуць авадні і павуцінне, зумкаюць над вухам камары, а ў вочы лезе нахабная машката…
І горад Б* пачаў вызваляцца ад свайго кашмару. У зале гарадскога тэатра сіламі выкладчыкаў мужчынскай гімназіі і рэальнай вучэльні арганізавалі лекцыю пра шарлатанскую сутнасць спірытызму. Пан Бурдэйка ды ягоная таўсматая пасія — проста шараговыя чэрававяшчальнікі, і ніякіх духаў яны не выклікалі, а гаварылі падрыхтаванымі фразамі, чаму сведчанне — шматлікія недарэчнасці. У храмах усіх канфесій асуджалі тых, хто спрабуе зносіцца з духамі, бо па сваёй грахоўнай зямной існасці дастане толькі візіту дэманаў. І ўрэшце нябесныя сілы спаслалі апошні аргумент — нумар губернскай газеты, у якім паведамлялася, што сярод ахвяр чыгуначнай катастрофы на станцыі Н* быў вядомы спірытуаліст Б-ка са сваёй жонкай і асістэнткай, з якой накіроўваўся на чарговыя гастролі ў Маларасію. Вось вам і «вечная таямніца»…
Жыццё круціла свае нетаропкія жорны, і ўсё сталася друзам, тлом, ценем…
Нябожчыкі вярнуліся ў труны пад папяровымі вянкамі і вершаванымі надпісамі, у карчомцы застукаў келіх аб келіх: «Вечная памяць!»
Памерлыя страцілі голас, веліч і любасць, зноў зрабіліся звычайнымі, хворымі, лысымі, кульгавымі, звяглівымі, ілжывымі, слабымі… Нічым не лепшымі за жывых…
Ліхвяр Губерман ажаніўся пяты раз. Мадэмуазель Гарабец нечакана атрымала спадчыну і пераабсталявала майстэрню, дзе цяпер некалькі мясцовых дзяўчатак страчылі пад яе наглядам на машынках «Зінгер», а сама мадэмуазель, трымаючы ў пульхнай руцэ з пярсцёнкамі кубак з гарбатай, другой раскладала бясконцыя пасьянсы «Піраміда» і «Магіла Напалеона». Пан Вабішчэвіч таксама ажаніўся — з дачкой выкладчыка лацінскай мовы, якую за вочы называлі Верка-Прышчэпка. А цётка Крыся ўдастойвала свайго ветэрынара папяровым вянком на Радуніцу ды паніхідамі ў вызначаныя памінальныя дні.
За вечны супакой у той год было выпіта ўтрая больш звычайнага. Вечная вайна мёртвага і жывога скончылася часовай эфемернай перамогай апошняга. Жыццё паказала бяззубай смерці ружовы язык і садрала з мінулага фальшывыя фальбоны…
Але…
Але ніхто не наважыўся б сцвердзіць, што горад Б» не шкадаваў аб тых нябожчыках, спароджаных у неабдымным чэраве шарлатанкі Аманды, што чорныя страусавыя перы не ўскалыхваюцца час ад часу над ураўнаважаным местачковым жыццём… І што такое тры рублі ў параўнанні з вечнай прагай душы — жаданнем цуда і несмяротнасці…
P.S. Хадзіла яшчэ чутка, быццам былі прысланыя на пошту горада Б* у якасці часткі спадчыны чарнявай мадэмуазель Гарабец шматлікія каробкі і скрыні і быццам быў там сакваяж, надта падобны да таго, які бачылі ў руцэ спірытуаліста Бурдэйкі. А калі адчыніла мадэмуазель вялікую круглую каробку, нібыта калыхнуліся там чорныя страусавыя перы…
Але мадэмуазель Гарабец з плачам схілілася над імі, так што пэўнасці ніхто даць не мог…
Семела і Юштэр
Аднойчы Юпітэр пакахаў зямную прыгажуню Семелу. Па намове раўнівай жонкі Юпітэра Юноны Семела папрасіла, каб каханы паказаўся ва ўсім бляску боскай славы. Невыноснае для зямных вачэй відовішча забіла Семелу.