Сэрца мармуровага анёла
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- ISBN: 985-02-0627-6
- Жанр: Другие приключения
Электронная книга - «Сэрца мармуровага анёла». Краткое содержание книги:
Але злосці больш не было. Шкадоба да Ігара, такая недарэчная, выратавала мяне, выцягнула з дрыгвы адчаю… Мала што з чалавекам можа здарыцца! Я назнарок уяўляла сабе Ігара з агіднымі праявамі хваробы, заняпалага, няголенага… І пераконвалася, што кахаю яго, кахаю ўсякім!
…І ложа, і пошасць, і смерць — адны на дваіх…
Раніцай, пад мірнае пасопванне Рыткі (так незвычайна моцна і салодка яна спала!) я ціхутка апранулася і пабегла на аўтобусную станцыю. З усіх рэчаў прыхапіла толькі сумачку з грашыма.
І вось ізноў вакол мяне гудзе тлумная сталіца, «блудніца вавілонская», здольная сапсаваць самага чыстага і шчырага чалавека. Я пералічыла грошы… Не так многа, але хопіць! Накупляла залацістых апельсінаў, буйных грузінскіх яблыкаў, смуглява-чырвоных… Але ж гэта не ежа для хворага чалавека… Апошняе патраціла на курыцу і паехала ў інтэрнат. Там было ціха і пуста — толькі студэнты апошняга курса яшчэ не з'ехалі на практыку. У інтэрнацкай кухні я першы раз у жыцці зварыла курыны булён, пераліла яго ў тэрмас, а кавалкі курыцы па метаду Ігара схавала між дзвюх місачак…
Ну вось, можна ехаць…
Скурвендыспансер у горадзе адзіны. Вуліцы, на якой ён знаходзіцца, людзі цураюцца. Даехала я да яе без прыгод, а вось самы будынак давялося пашукаць — бо я не асмельвалася папытацца пра яго…
Нарэшце я стаю перад замазанымі фарбай шклянымі дзвярыма і не наважваюся ўзяцца за ручку. Толькі цяпер прыйшло ў галаву, што сёння можа быць непрыёмны дзень, што ў гэты час перадачы могуць не браць, што Ігар увогуле мог ужо выпісацца…
Але стаяць у такім месцы, калі здаецца, што на цябе скіраваны пагардлівыя позіркі, яшчэ горай… І я асцярожна, двума пальцамі ўзялася за ручку (страшна ўявіць, хто да яе дакранаўся!). Дзверы бязгучна адчыніліся.
У холе я адразу нагледзела шыльдачку, якая чырвоным па белым паведамляла, што прыём перадач для стацыянарных хворых штодзённа з 11.00 да 13.00 і з 17.00 да 19.00. Гадзіннік над шыльдай паказваў палову пятай… Давядзецца пачакаць.
Я, адчуваючы, што шчокі мае палаюць, пасунулася да драўляных адкідных, як у старых кінатэатрах, крэслаў…
— Оля?!
З другога канца калідора да мяне дыбаў Ігар. Нейкі разгублены, з няпэўнаю ўсмешкаю на вуснах, а ў руцэ — поўная авоська.
Слёзы непераадольнай крыўды падступілі да вачэй…
— Ты, аказваецца, ужо выпісаўся?
— Адкуль?
— Не прыкідвайся, я ўсё ведаю… Адсюль!
Мы глядзелі адно на аднаго, і недзе на ўзроўні падсвядомасці з'явілася шалёная радасць. Ігар працягнуў мне авоську і ўсхваляваным ад раптоўнай здагадкі голасам прагаварыў:
— Я табе перадачу прывёз. Як атрымаў ад Рыткі ліст, што ты тут лечышся, адразу ўсё кінуў, на самалёт — і сюды…
Я зазірнула ў яго авоську: залацістыя апельсіны, чырванашчокія яблыкі і — дзве знаёмыя місачкі, ад якіх пахне дранікамі… Ды яшчэ — мае любімыя цукеркі, цэлая шыкоўная каробка…
Я дрыжачымі рукамі дастала з сумачкі даведку, адабраную ў Рыткі, і працягнула Ігару. Ён працягнуў мне такую ж — толькі з маім прозвішчам.
Божа, будзь блаславёны Ты і той цудоўны свет, які Ты стварыў! Жалезную Кнопку падвяла, як заўсёды, залішняя стараннасць і адсутнасць фантазіі. Яна ўдала прыдумала напісаць Віктару і «выдурыць» ліст ад яго пад нейкую прыстойную прычыну — здаецца, папрасіла даслаць ёй замалёўку тамтэйшай архітэктурнай дэталі. Удала падрабіла і штамп скурвендыспансера. А далей вырашыла дзейнічаць адразу ў двух напрамках і адначасова: як толькі паслала «выкрывальны» ліст Ігару, аналагічным чынам паведаміла «ўсю праўду» мне. І ўжо, зразумела, не магло ёй прыйсці ў галаву, што мы адразу кінемся адзін аднаму на дапамогу.
У холе скурвендыспансера, пад падазроннымі позіркамі пахмурнай рэгістратаркі і знерваваных наведнікаў мы абдымаліся, як шалёныя, плакалі ад шчасця, нібыта ўратаваліся ад смяротнай небяспекі, нібыта ўбачыліся пасля доўгага-доўгага і безнадзейнага расстання…
Ніякай злосці на Жалезную Кнопку не было — гэта ж дзякуючы ёй мы перажылі такія цудоўныя хвіліны!
З бальніцы мы пайшлі ў інтэрнат і там шыкоўна павячэралі «перадачамі».
А назаўтра раніцай падалі дакументы ў загс.
Пасля летняй сесіі Рытку адлічылі з інстытута за непаспяховасць і прафесійную неадпаведнасць. Больш я ніколі нічога пра яе не чула.
Наша з Ігарам вяселле адбылося ў ваенным гарадку, дзе жыў ягоны бацька-палкоўнік і маці — настаўніца беларускай мовы. На вяселлі гулялі многія з нашых аднакурснікаў, а злашчасны Віктар быў Ігаравым шаферам. З тае пары мінула не так ужо мала гадоў, і дзеці нашы з захапленнем лазяць па вялікай бацькавай майстэрні, на светлай сцяне якой, пад самай столлю — непрадажная карціна: хлапец і дзяўчына, шчасліва-разгубленыя, ідуць адзін да аднаго, трымаючы авоські з залацістымі апельсінамі, а на пярэднім плане чамусьці намаляваная нацэлена вастрыём у прастору звычайная чарцёжная кнопка…