80000 кіламетраў пад вадой
- Автор: Верн Жюль Габриэль
- Год: 1937
- Язык: белорусский
- Год: Джяржаўнае выдавецтва Беларусі
- Переводчик: Янка Мавр
- Жанр: Морские приключения
Электронная книга - «80000 кіламетраў пад вадой». Краткое содержание книги:
І сапраўды, гэты добры дзяцюк, заўзяты класіфікатар, не быў натуралістам, і я не ведаю, ці мог ён адрозніць у натуры тунца ад пузанка. У гэтых адносінах ён быў простай процілегласцю канадца, які адразу называў усіх рыб.
— Гэта спінарог, — сказаў я.
— Прамавугольны спінарог, — дадаў Нэд Лэнд.
— Род спінарогаў, сямейства цвёрдаскурых, атрад зроснасківічных, — прашаптаў Кансель.
Сапраўды, Кансель і Нэд Лэнд, разам узятыя, склалі-б аднаго выдатнага натураліста!
Канадзец не памыліўся. Мноства спінарогаў, з прамавугольнымі, нібы спрасаванымі целамі, з лускаватай скураю, з шыпам на спінным плаўніку, круціліся наўкол «Наўтылуса», варушачы чатырма радамі калючак, якімі ўсеяны іх хвост. Цяжка ўявіць сабе што-небудзь прыгажэйшае за іх луску — шэрую на спіне і белую на чэраве, залатыя плямы якой блішчэлі агнямі ў цёмнай вадзе. Побач са спінарогамі плылі скаты, нібы палотнішчы, узнятыя на ветры. Сярод іх я заўважыў кітайскага ската з жаўтаватай спіною, квола ружовым чэравам і трыма шыпамі над вокам; гэтая рознавіднасць надзвычайна рэдка сустракаецца. У часы Ласепеда[33] ў існаванні кітайскіх скатаў нават наогул сумняваліся, бо ён бачыў іх толькі ў адным зборы японскіх малюнкаў.
На працягу двух гадзін цэлая падводная армія суправаджала «Наўтылус». Сярод прыгажэйшых адна за адну і спрытнейшых рыб я распазнаў зялёнага губана, султанку з падвойнай чорнай рыскай на спіне, японскую макрэль з сінім целам і срэбнай галавою, блішчастых лазоравых рыб, адна назва якіх замяняе цэлае апісанне, паласатых спараў з сіне-зялёнымі плаўнікамі, спараў з чорнай паласою вакол хваста, спараў з шасцю «паяскамі», бекасавых рыб, з якіх некаторыя дасягалі цэлага метра даўжыні, японскіх саламандраў, мурэн даўжынёю ў шэсць футаў, з маленькімі жывымі вочкамі і шырокім ротам, усеяным зубамі.
Мы не пераставалі захапляцца. Нэд называў рыб, Кансель зараз-жа класіфікаваў іх, а я прыходзіў у экстаз ад хараства іх форм і хуткасці руху. Нідзе мне яшчэ не даводзілася бачыць жывых, вольных рыб у іх натуральным асяроддзі.
Не буду пералічаць усе рознавіднасці, прамільгнуўшыя перад нашымі вачыма, усю гэтую калекцыю рыб японскіх і кітайскіх мораў. Прывабленыя, відаць, яркім электрычным святлом, яны сцякаліся зграямі, больш шматлікія, як птушкі ў паветры.
Раптам салон асвятліўся. Жалезныя акяніцы засунуліся. Цудоўнае відовішча знікла, але я доўга яшчэ быў ахоплены марамі, пакуль вочы мае выпадкова не спыніліся на прыборах, вісеўшых на сцяне. Стрэлка компаса па-ранейшаму паказвала кірунак на ўсход — паўночны ўсход, манометр — ціск у пяць атмасфер, што адпавядала пяцідзесяціметровай глыбіні, а электрычны лаг — хуткасць у пятнаццаць міль у гадзіну.
Я чакаў капітана Нэма. Але ён не з’яўляўся.
Хранометр паказваў пяць гадзін пасля поўдня.
Нэд Лэнд і Кансель вярнуліся ў сваю каюту. Я таксама пайшоў у свой пакой. Абед чакаў мяне на стале. Ён складаўся з чарапахавага супу, смажанай султанкі, пячонка якой, прыгатаваная асобна, была на дзіва далікатнай стравай, і філею з круглагаловага шыпаглаза, больш смачнага, як сёмга.
Вечар я правёў за чытаннем, пісаннем і ў разважаннях. Калі сон пачаў авалодваць мною, я расцягнуўся на ложку і моцна заснуў, у той час, як «Наўтылус» хутка рухаўся па «Чорнай рацэ».
Раздзел пятнаццаты
Пісьмовае запрашэнне
На другі дзень, 9 лістапада, я прачнуўся толькі познім ранкам, пасля дванаццацігадзіннага сну. Кансель прыйшоў, як зазвычай, запытацца, «як гаспадар правёў ноч», і прапанаваць свае паслугі. Ён пакінуў свайго сябра-канадца які спаў так моцна, як быццам нічым іншым той усё сваё жыццё і не займаўся.
Я прадставіў слаўнаму Канселю балбатаць, колькі яму ўздумаецца, адказваючы яму абы як і абы што. Мяне клапаціла адсутнасць капітана Нэма на ўчарашнім спектаклі, і я спадзяваўся, што ўдасца пабачыць яго ў гэты дзень.
Я апрануўся ў свой гарнітур з вісона. Выгляд гэтай тканіны выклікаў у Канселя рад заўваг. Я сказаў яму, што тканіна зроблена з шаўкавістых валокнаў, якімі прымацоўваюцца да скалаў некаторыя міжземнаморскія ракушкі. Даўней з гэтых валокнаў вырабляліся прыгожыя тканіны, панчохі, пальчаткі, бо вісон дае вельмі мяккую і вельмі цёплую тканіну. Такім чынам, само мора забяспечвала каманду «Наўтылуса» адзеннем, і яна не мела патрэбы ні ў баваўнянку, ні ў воўне, ні ў шаўкавістых чарвяках.
Апрануўшыся, я выйшаў у салон. Там нікога не было.
Я аддаўся разгляду каштоўнасцей, сабраных пад шклянымі вітрынамі. Я капаўся ў гербарыях, запоўненых самымі рэдкімі марскімі раслінамі, якія захавалі, не гледзячы на тое, што яны былі засушаны, незвычайнае хараство і яскравасць фарбаў.
33
Ласепед (1756–1825) — вядомы французскі натураліст.