80000 кіламетраў пад вадой
- Автор: Верн Жюль Габриэль
- Год: 1937
- Язык: белорусский
- Год: Джяржаўнае выдавецтва Беларусі
- Переводчик: Янка Мавр
- Жанр: Морские приключения
Электронная книга - «80000 кіламетраў пад вадой». Краткое содержание книги:
Мажліва, што канадзец чуў пра гэты падзел рыб, але Кансель бясспрэчна ведаў аб гэтым непараўнальна болей. Пасябраваўшы з Нэдам, ён шчыра захацеў пашырыць яго веды і таму сказаў:
— Сябра мой, Нэд, вы — страх для рыб, вы спрытны і смелы рыбак. На сваім вяку вы пералавілі безліч гэтых цікавых стварэнняў. Але я гатовы біцца аб заклад, што вы не маеце ўяўлення аб тым, як іх класіфікаваць.
— Нічога падобнага, — сур’ёзна адказаў канадзец. — Рыбы падзяляюцца на ўжыткоўныя і неўжыткоўныя.
— Гэта класіфікацыя абжораў, — рассмяяўся Кансель. — Але скажыце, ці ведаеце вы розніцу паміж касцістымі і храшчавымі рыбамі?
— Мажліва што і ведаю, Кансель.
— А далейшы падзел гэтых класаў?
— Не, пра гэта не маю ўяўлення, Кансель.
— У такім разе слухайце, Нэд, і запамінайце. Касцістыя рыбы падзяляюцца на шэсць атрадаў. Першы атрад — калючапёрыя рыбы з цэльнай і рухомай верхняй сківіцай і з жабрамі, нагадваючымі па форме грэбень. Гэты атрад уключае пятнаццаць сямействаў, г. зн. амаль тры чвэрці ўсіх вядомых рыб. Прадстаўнік атрада — звычайны акунь.
— Даволі смачная рыба, — зазначыў Нэд Лэнд.
— Другі атрад, — прадаўжаў Кансель, — адкрытапузырныя, у якіх брушныя плаўнікі знаходзяцца пад чэравам, ззаду грудных, і не прымацаваны да плечавых касцей. Гэты атрад уключае пяць сямействаў і ў яго ўваходзіць большая частка прэснаводных рыб. Прадстаўнікі атрада: карп, шчупак.
— Фу, — пагардліва сказаў канадзец, — не люблю прэснаводных рыб.
— Трэці атрад, — казаў Кансель, — мяккапёрыя, брушныя плаўнікі якіх размешчаны пад груднымі і непасрэдна прымацаваны да плечавых касцей. У гэтым атрадзе чатыры сямействы. Прадстаўнік атрада — камбала.
— Во гэта дык рыба! — ускрыкнуў гарпуншчык, упарта прадаўжаючы разглядаць рыб толькі з кулінарнага пункту гледжання.
— Чацвёрты атрад, — не слухаючы, прадаўжаў Кансель, — складае адно толькі сямейства вугроў[26], — з падоўжаным целам, пазбаўленым брушных плаўнікоў і пакрытым шчыльнай, нярэдка слізістай скурай.
— Нясмачныя, — уставіў гарпуншчык.
— Пяты атрад, — казаў Кансель, — пучкажабёрныя з цэльнымі рухавымі сківіцамі, але з жабрамі, якія складаюцца з маленькіх пучкоў, размешчаных папарна ўдоўж жаберных дуг. У гэтым атрадзе толькі адно сямейства[27] ігліцавых. Прадстаўнік — марскі канёк.
— Фу, брыдота! — ускрыкнуў канадзец.
— Шосты і апошні[28] — зроснасківічныя, сківічная костка якіх нерухома злучана з паміжсківічнай і паднёбны звод злучаецца з чэрапам. У гэтым атрадзе два сямействы — цвёрдаскурыя і скалазубыя. Прадстаўнік — луна-рыба.
— Якая можа толькі запэцкаць каструлю, — заўважыў канадзец.
— Вы зразумелі мяне, дружа? — запытаў вучоны Кансель.
— Ні д’ябла не зразумеў, Кансель, — адказаў гарпуншчык. — Але прадаўжайце. Тое, што вы гаворыце, вельмі цікава.
— Што датычыць падкласа храшчавых рыб, — спакойна прадаўжаў Кансель, — дык ён уключае ў сябе ўсяго толькі тры атрады.
— Чым меней, тым лепш, — зазначыў Нэд.
— Першы кругларотыя[29], сківіцы якіх злучаны ў адно кальцо, а жабры адкрываюцца, шматлікімі шчылінамі. У гэтым атрадзе толькі адно сямейства[30]. Прадстаўнік — мінога.
— Нядрэнная рыба, — адказаў Нэд Лэнд.
— Другі атрад — акулы і скаты[31] з жабрамі, як у кругларотых, але з рухомай ніжняй сківіцай.
— Як! — ускрыкнуў Нэд. — Акула і скат у адным атрадзе? Ну, браце Кансель, калі вы хочаце, каб скаты ўцалелі, не раю вам змяшчаць іх у адзін атрад з акуламі.
— Трэці атрад, — не міргнуўшы вокам, прадаўжаў Кансель, — асятровыя[32], жабры якіх адкрываюцца адной шчылінай, прыкрытай крышкай. У гэтым атрадзе чатыры сямействы. Прадстаўнік — асётр.
— Ага, Кансель, лепшае захавалі на самы канец! Ці скончылі вы?
— Так, Нэд. Але майце на ўвазе, што вы ўведалі яшчэ самую дробязь, бо атрады падзяляюцца на падатрады, сямействы, падсямействы, роды, віды, разнавіднасці.
— Во, Кансель, акурат некалькі рознавіднасцей, — сказаў канадзец, павяртаючыся тварам да акна.
— Так, рыбы, — усклікнуў Кансель. — Можна падумаць, што знаходзішся ў акварыуме.
— Не, — адказаў я, — акварыум — гэта-ж толькі клетка, а гэтыя рыбы такія-ж вольныя, як птушкі ў паветры.
— Ну, Кансель, назавіце-ж мне гэтых рыб, — папрасіў Нэд Лэнд.
— Гэта не па маёй спецыяльнасці, — адказаў Кансель, — звярніцеся да майго гаспадара.
26
Паводле Брэма вугры не складаюць самастойнага атрада, а ўваходзяць у атрад адкрытапузырных.
27
Паводле Брэма, два — ігліцавыя і трубакрылыя.
28
Прапушчаны атрад зроснаглотачных.
29
Паводле Брэма, не ўваходзіць у падклас храшчавых.
30
Паводле Брэма, два — максіны і міногі.
31
Паводле Брэма, два асобных атрады.
32
Паводле Брэма, адносяцца да падкласа не храшчавых, а косных рыб.