80000 кіламетраў пад вадой
- Автор: Верн Жюль Габриэль
- Год: 1937
- Язык: белорусский
- Год: Джяржаўнае выдавецтва Беларусі
- Переводчик: Янка Мавр
- Жанр: Морские приключения
Электронная книга - «80000 кіламетраў пад вадой». Краткое содержание книги:
— Кажыце, прафесар.
— Вы вельмі багаты?
— Я бясконца багаты і мог-бы лёгка, не збяднеўшы, заплаціць дзесяцімільярдны доўг Францыі.
Я пільна паглядзеў на гэтага дзіўнага чалавека. Ці злоўжываў ён маёй даверлівасцю? Будучыня павінна была паказаць гэта.
Раздзел чатырнаццаты
Чорная рака
Плошча, якую займае вада на зямной паверхні, складае трыста шэсцьдзясят адзін мільён квадратных кіламетраў. Аб’ём гэтай масы вады роўны двум мільярдам двумстам пяцідзесяці мільёнам кубічных міль. Калі-б усю гэтую ваду ўзважыць, дык вага яе раўнялася-б тром квінтыльёнам тон. Каб усвядоміць гэтую лічбу, трэба ведаць, што квінтыльён так адносіцца да мільярда, як мільярд да адзінкі, або, інакш кажучы, у квінтыльёне столькі мільярдаў, колькі ў мільярдзе адзінак. Гэтая маса прыблізна адпавядае той колькасці вады, якую маглі-б выліць усе рэкі зямнога мора на працягу сарака тысяч год.
У дні маладосці зямлі за вогненным перыядам пайшоў перыяд вадзяны. Акіян спачатку пакрываў усю зямлю. Затым паступова, у сілурыйскі перыяд, пачаўся гораўтваральны працэс. З акіяна выступілі верхавіны гор. Потым з’явіліся астравы; яны зноў зніклі ад частковых патопаў, затым зноў з’явіліся, умацаваліся і ўтварылі сухазем’і; нарэшце сухазем’е набыло тыя абрысы, якія мы бачым цяпер. Сухазем’е адваявала ў вады сто сорак мільёнаў шэсцьсот сем тысяч квадратных кіламетраў.
Абрысы кантынентаў дазваляюць падзяліць ваду на пяць галоўнейшых частак: Паўночны ледавіты акіян, Паўднёвы ледавіты акіян, Індыйскі акіян, Атлантычны акіян і Ціхі акіян.
Ціхі акіян выцягнуўся з поўначы на поўдзень, паміж абодвума палярнымі кругамі, і з захаду на ўсход, паміж Азіяй і Амерыкай, на працягу ста сарака пяці градусаў даўгаты. Гэта самы спакойны з акіянаў; ягоныя плыні шырокія і павольныя, прылівы і адлівы ў ім невялікія, дажджы багатыя. Вось такі акіян, з якога пачаліся мае незвычайныя вандраванні.
— Калі хочаце, прафесар, — сказаў мне капітан Нэма, — мы дакладна вызначым наша месцазнаходжанне, адпраўны пункт новага вандравання. Цяпер без чвэрці дванаццаць гадзін. Я зараз загадаю падняць «Наўтылус» на паверхню акіяна.
З гэтымі словамі капітан тройчы націснуў кнопку электрычнага званка. Насосы пачалі выштурхоўваць ваду з рэзервуараў. Стрэлка манометра варухнулася і папаўзла па цыферблату, паказваючы, што ціск усё змяншаецца. Гэта сведчыла аб тым, што «Наўтылус» узнімаецца. Нарэшце, яна спынілася.
— Мы на паверхні, — сказаў капітан Нэма.
Я накіраваўся да цэнтральнага трапа, узняўся па яго жалезных усходцах угару і праз адкрыты люк выйшаў на палубу «Наўтылуса».
Яна выступала з вады не болей як на восемдзесят сантыметраў. Вераценавідныя абрысы «Наўтылуса» сапраўды нагадвалі даўгую цыгару. Я звярнуў увагу на тое, што яго ліставая абшыўка нагадвала луску на целе буйных земнаводных жывёл. Цяпер я зразумеў, чаму ўсе караблі прымалі «Наўтылус» за марскую жывёлу.
Напалову схаваны ў корпус «Наўтылуса» човен трохі выступаў у сярэдзіне палубы. На носе і на карме ўзвышаліся дзве невялікія каморкі з нахіленымі, сценкамі, зашклёнымі тоўстым чачавіцападобным хрусталём. У пярэдняй змяшчаўся стырнавы, што кіраваў «Наўтылусам», у другой — пільны электрычны пражэктар, які асвятляў дарогу.
Мора было надзвычай прыгожае, неба яснае. Доўгае судна ледзь гойдалася на шырокіх акіянскіх хвалях. Лёгкі ўсходні ветрык варушыў паверхню хваль. Нічым не затуманеная, выразная лінія гарызонта дазваляла з поўнай дакладнасцю рабіць назіранні.
Мора было зусім пустыннае. Нідзе астраўка, ні скалы. «Аўраама Лінкальна» таксама не было відаць. Бязмежная, грандыёзная пустыня акружала нас.
Капітан Нэма пачакаў поўдня і, паднёсшы да вачэй секстант, вызначыў вышыню сонца — гэта давала яму шырату месца. У часе назірання ніводзін мускул яго не здрыгануўся, і секстант, мабыць, быў-бы такім-жа нерухомым і ў руцэ мармуровай статуі.
— Поўдзень, — сказаў ён. — Ці не будзеце вы ласкавы, прафесар, спусціцца ўніз?
Я кінуў апошні позірк на мора, вада якога была крыху жаўтаватая ад блізкасці Японіі, і спусціўся ўслед за ім у салон.
Там капітан Нэма вылічыў пры дапамозе хранометра даўгату месца, праверыў свой разлік па папярэдніх вугламерных назіраннях і занёс на карту знойдзенае месцазнаходжанне «Наўтылуса».
— Спадар Аранакс, — сказаў ён, — мы знаходзімся на 137°5´ заходняй даўгаты.
— Лічачы ад якога мерыдыяна? — жвава запытаўся я з надзеяй, што адказ капітана пралье святло на яго нацыянальнасць.
— У мяне ёсць розныя хранометры, — адказаў ён, — пастаўленыя па Парыжскаму, Грынвіцкаму і Вашынгтонскаму мерыдыянах. Але ў гонар вашай прысутнасці я карыстаўся сёння Парыжскім мерыдыянам.