Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:

“Запіскі афіцэра чырвонай арміі” – пераклад з польскай твора Сяргея Пясецкага. Твор напісаны ў Англіі ў 1948 годзе. У ім аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра. Аповяд ідзе ад першай асобы. У ім пісьменнік прадстаўляе свет вачыма свайго героя, разважаючы ягонымі катэгорыямі. Твор таленавіты, густа перасыпаны чорным гумарам, па-сапраўднаму смешны (часам да слёз), часам гэты смех вельмі горкі і нават балючы. У рамане шмат сарказму, абнажэння голай рэчаіснасці, якую гадамі прыкрывалі пад пелерынай “адзіна слушнай” ідэалогіі. Аўтар прыклаў максімум намаганняў, каб мова рамана была як мага больш грубай і прымітыўнай, што яскрава перадае і характар героя, і сітуацыю, час, у якіх ён апынуўся. “Запіскі” – найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага, які найчасцей з усяе творчай спадчыны пісьменніка выдавалі незалежныя выдавецтвы ва ўсім свеце. (Афіцыйныя дагэтуль староняцца гэтай публікацыі, уважаючы яе за злобны пашквіль.) (Н.Г.)
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46
Перейти на страницу:

Я ўжо апавядаў аб тым, як мы зрабілі налёт на пошту ў мястэчку і як я, згодна з камуністычным правам сацыялізацыі, будзільнік у начальніка пошты ўзяў. Але я не ўмеў з чымсьці такім абыходзіцца. Накруціў яго некалі, дык ён пачаў каверзна гудзець якраз тады, калі мы хацелі стратэгічны мост знішчыць. Я тады нават не мог падумаць, што той вэрхал у мяне ў сумцы ўсчаўся. А сёння я зноў, ад няма чаго рабіць, будзільнік накруціў. А ён цяпер пачаў звінець, і з-за яго я ледзьве ў крынічцы не ўтапіўся. Добра, што я быў адзін, бо магла б з-за гэтага звону ці паніка сур’ёзная атрымацца, альбо – калі б маёр здагадаўся што да чаго – саліднае біццё пысы па маім адрасе.

Вынуў я будзільнік з сумкі і са злосці як махнуў яго аб камень, дык ён яшчэ раз дзвінькнуў і ў ваду ўпаў. Аднак жа і небяспечныя тыя буржуйскія вынаходніцтвы! Лепей нічога такога пры сабе не мець. Эх, каб зараз той начальнік пошты мне ў рукі трапіўся! Дорага б ён за такі жарт заплаціў!

Хаця будзільнік я і ліквідаваў, выглядаў, аднак, вельмі блага. Быў увесь мокры, бо па самую шыю ў ручай уваліўся. Акрамя таго, калі бег праз хмызы, падраў адзенне і скрывавіў твар. Не выпадала мне ў такім стане ў атрад вяртацца. Задумаўся я: што рабіць? А пасля здагадаўся, што гэта гісторыя можа быць для мяне нават сур’ёзнай баявой адзнакай і вялікай заслугай.

Вось наблізіўся я троху бліжэй да нашага лагера. Потым кінуў гранату ў нейкі роў. А пасля выбуху гранаты пачаў садзіць ў паветра з пісталета. Высадзіў адзін магазін, усадзіў другі і бягом у лагер. Там ужо ўсе паўскоквалі на ногі і не ведалі, што рабіць, у які бок уцякаць. Я крыкнуў ім:

– Нямецкая аблога лесам ішла, але я іх затрымаў. Забіў некалькіх з пісталету, а некалькіх гранатай разарваў!

Маёр быў вельмі ўражаны. Паціснуў мне моцна далонь і сказаў:

– Вялікі дзякуй, таварыш, за гэты геройскі ўчынак, годны афіцэра Чырвонай Арміі і актыўнага партызана Ванды Васілеўскай! Цяпер вораг нас знянацку не заспее!

Сабраліся мы паспешна і пачалі адыходзіць у накірунку, супрацьлеглым таму, адкуль я прыбег. Толькі пасля таго, як адышлі адтуль на трыццаць кіламетраў, затрымаліся на доўгі адпачынак. Тады маёр і ўставіў у Дзённік мой геройскі ўчынак.

– Колькі гітлераўцаў застрэліў з пісталету? – спытаўся ў мяне маёр.

– Пяцёх дакладна, бо бачыў, як упалі.

– Запішу сямёх, бо мог дваіх не заўважыць.

– Цалкам слушна, – кажу я.

– А колькі разарвалася гранатай?

– Думаю, што вельмі шмат, бо кінуў яе ў самую сярэдзіну натоўпу немцаў.

– З дзесятак іх там было?

– Ну хіба што з дзесятак.

Таму маёр упісаў праўдзіва: дзесяць. Карацей, доказы геройскай дзейнасці нашага атраду ўвесь час павялічваюцца. І я да гэтага істотна спрычыніўся. Вельмі гэта прыемнае самапачуццё.

2 ліпеня 1944 года.

У хмызах.

Мы штораз пакрываемся вялікай славай і адважна нішчым ворагаў Савецкага Саюза, а таксама сацыялізму. За апошнія дні разграмілі дом ксяндза ў мястэчку і два маёнткі крыважэрных польскіх паноў. Вядома, што гэта зацвярдзелыя рэакцыяністы, а таму трэба іх загадзя абясшкодзіць. А для пралетарыяту ад гэтага значная карысць, бо я ўжо тры гадзіннікі маю і пяць пярсцёнкаў, а таксама срэбную папяросніцу. Адзення і абутку мы маглі б фуру набраць, але немагчыма ўсё гэта за сабою цягаць. Наогул, усе хлопцы з нашага атраду істотна палепшылі сваё матэрыяльнае становішча ў часе нашай ідэйнай барацьбы за дабро пралетарыяту.

Акрамя таго нам удалося ў некалькіх месцах, каля лясных дарог, пасекчы драты на тэлеграфных слупах. А найістотнейшай нашай справай было спаленне двух вялікіх стагоў сена ў дзесяці кіламетрах ад Вільні. Можа, цяпер не адзін рэакцыйны конь з голаду здохне.

Заўчора польскія камуністы з нашага атраду пайшлі на разведку ў мястэчка. Вярнуліся яны ўвечары і засведчылі, што немцы з Вільні эвакуіруюцца; што нямецкая армія паспешна адступае; што шмат цывільнага насельніцтва рушыла на захад, не жадаючы заставацца на тых тэрыторыях, якія зоймуць савецкія войскі; што польскія партызанскія атрады мелі вялікія сутычкі з нямецкімі вайсковымі атрадамі і рыхтуюцца апанаваць Вільняй.

Мы правялі нараду наконт цяперашняй сітуацыі. Паколькі атрад наш не меў вайсковых мундзіраў, вырашылі мы дэлегаваць аднаго з польскіх камуністаў у мястэчка, каб купіў там чырвонага матэрыялу на стужкі і чорнай фарбы, каб маглі на іх назву нашага атраду ўвекавечыць.

Я прапанаваў зрабіць для нашага атраду штандар. Як-ніяк гэта мела б вялікае значэнне. Маю прапанову ўсе прынялі са згодай. Маёр даў загад камуністу, які павінен быў ісці ў мястэчка, каб абавязкова набыў там прыгожай матэрыі на чырвоны штандар. Камуніст сказаў, што не ведае, ці атрымаецца ў яго, паколькі крамы ўжо даўно пазачыняліся. На стужкі шмат матэрыялу не трэба, таму гэта як-небудзь уладзіць. Але знайсці нечага адпаведнага на штандар будзе цяжка. Але маёр сказаў яму, што гэта справа дзяржаўнага значэння і што ён мусіць уладзіць яе абавязкова. Даў яму шмат грошай з касы нашага атраду і загадаў тэрмінова выпраўляцца ў дарогу.

8 ліпеня 1944 года.

У лесе.

Заўчора мы рушылі баявым маршам праз лясы ў кірунку Вільні. За дзесяць кіламетраў ад горада сталі лагерам у лесе, каб зарыентавацца ў сітуацыі. Мы чулі моцныя выбухі з боку горада, а ўвечары і ноччу ўсё неба ў тым накірунку было чырвонае ад зарава пажараў. Уначы ж было выразна чуваць і гук гарматаў, выбухі і страляніну. Адзін з камуністаў паведаміў нам, што гэта польскія партызаны адсеклі дарогі для адступлення нямецкай дывізіі і значнымі сіламі атакуюць горад.

Мы правялі таемную вайсковую нараду штаба нашага атраду. Гэта значыць: маёр і я. Разважалі, што рабіць у такой сітуацыі. Я раіў чакаць, пакуль усё не высветліцца і тым часам шукаць сувязі з часткамі нашай рэгулярнай арміі. Маёр падтрымаў маю думку. Таму мы вырашылі не соваць носа ў гарачыя справы, а адпачыць тут. І тым часам якраз маглі зрабіць баявы штандар нашага атраду.

У нас было шмат чырвонай матэрыі, і мы зрабілі стужкі на рукавы для нашага атраду. Вымалявалі чорнай фарбай на кожнай стужцы вялікія літары “В.В.”. Гэта азначала першыя літары імя і прозвішча шаноўнай апякункі нашага атраду Ванды Васілеўскай. А па баках ад літар намалявалі чарапы і скрыжаваныя косткі. Атрымалася пагрозліва, значна і на сто працэнтаў сацыялістычна.

Цяжэй было зрабіць штандар, бо адпаведнага матэрыялу ў нас не было. Камуніст прынёс з мястэчка толькі чырвоную спадніцу. Сказаў, што нічога іншага дастаць не мог. Агледзілі мы спадніцу з усіх бакоў. Яна была вельмі брудная і падраная. Але маёр палічыў, што гэта нават добра, бо будзе выглядаць як стары баявы штандар геройскага атраду, якім мы, улічваючы нашы партызанскія подзвігі, безумоўна, і з’яўляемся. Распаролі спадніцу, выпаласкалі ў вадзе і расцягнулі на траве для сушкі, каб складкі выраўняліся. Потым, калі высахла, выразалі з яе адпаведны кавалак матэрыялу на штандар. На адным баку яго намалявалі чонай фарбай скрыжаваныя серп і молат, пяціканцовую зорку, а таксама вялікія літары “СССР”. Зверху змясцілі словы: “ЗА АЙЧЫНУ! ЗА СТАЛІНА!” А ўнізе: “СМЕРЦЬ ВОРАГАМ РАСІІ!” На другім жа баку штандара намалявалі пасярэдзіне чэрап са скрыжаванымі над ім косткамі, а па баках вялікія літары: – “В” “В”. Такім чынам штандар наш атрымаўся цалкам сацыялістычны і ўтрымліваў галоўныя ідэйныя лозунгі камуністаў усяго свету.

Калі фарба высахла, мы ўмацавалі штандар на моцным, доўгім дрэўку. Выглядаў ён салідна, і мы былі ў захапленні ад сваёй прыдумкі. Правялі пастраенне атраду. Маёр стаяў перад яго фронтам. Я каля яго. Атрад пашыхтаваўся трыма парамі. А справа асобна стаяў баец са штандарам як сцяганосец. Выглядала гэта прыгожа. Цяпер наш атрад быў грозным і ідэйным!… Савецкі Саюз, БАЦЬКА Сталін і польскі геній Ванда Васілеўская могуць ганарыцца сваімі змагарамі-героямі.

14 ліпеня 1944 года.

Горад Вільнюс.

Учора мы даведаліся ад мужыкоў, што польскія партызаны занялі горад і што немцы капітулявалі. Нашы салдаты таксама выйшлі да горада. Таму мы вырашылі таксама накіравацца туды. Дабраліся да прадмесця ўвечары, але было ўжо запозна, таму ў кожным польскім доме, у які мы зазіралі з мэтай сацыялізацыі, ужо шмат байцоў пабывала і лепшыя рэчы былі ліквідаваны. Таму нам мала чаго з добрых рэчаў у рукі трапіла. Я толькі два дамскія гадзіннікі здабыў і адзін заручальны пярсцёнак. Гэта вялікае расчараванне!

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)