Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Песьня пра зубра - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Песьня пра зубра

Электронная книга - «Песьня пра зубра». Краткое содержание книги:

«Песьня пра зубра» (1521—1522) — паэма напісаная на класічнай лацінскай мове. Спачатку твор быў прысвечаны папу Льву X, у пазнейшым выданні (Кракаў, 1523) — каралеве Боне. Паэма лічыцца непераўзыйдзенай у эпічным паказе Беларусі і беларускага народу да з'яўлення паэмы «Пан Тадэуш» А. Міцкевіча. У паэме яскрава выражаны патрыятычны заклік да яднання і дружбы розных па веры і культуры еўрапейскіх народаў перад пагрозай турэцкага і татарскага нашэсця, услаўленне дзейснай, свабоднай, гарманічна развітой і мужнай асобы, ідэя патрыятызму і антываенны пафас, рэнесансава-утапічная канцэпцыя гарманічных узаемадачыненняў чалавека, грамадства і прыроды, міждзяржаўных адносін.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 14
Перейти на страницу:

4

Хай хіжаком не раўня, ўсіх іх наш зубар люцейшы, Але людзей не кране, як яго не зачэпяць: Толькі няспынна глядзіць, рух найменшы цікуе, Пільна на варце стаіць і сябе, і сямейкі. Створаў сьмялейшых няма ў гушчарох нашых родных. Бачыш часьценька — пасецца спакойна, а вочы Сочаць усё, касавурацца ўправа і ўлева. Ты аж замёр, зьвералоўца, ты шчэз між кустамі, Дзе там! Ён бачыць! Міргнеш — і прыкмеціць адразу! Шоргат слабенькі, няўзнак трэсьне сучок пад нагою, — Вушы свае нашатырыць, уміг страпянецца! Калі не зазьзяе твой меч і ня бліскае дзіда, Сьмела мінай у яго на ваччу — не зачэпіць, Толькі ўтаропіцца тупа й стаіць нярухома, Вокам праводзіць цябе, аж пакуль не схаваўся. Розна бывала… Здаралася зь ім сутыкнуцца: Спыніць хаду, гляне скоса — і болей нічога. Але як собіць на самку зь цялём напароцца, Ледзь зварухнешся, ухопіш за зброю з гарачкі, — Ўвомірг разьярыцца й бор агалосіць рыканьнем, Знакам шалёнага гневу: як сьмееш трывожыць! Ды як адбой ты заб'еш і прабуеш уцёкаў, Выйдзеш зь бяды непамяты, ўздагон ён ня рыне! Люба сачыць зубранят: скачуць, малечча, дурэюць, Маці й падлеткаў сваёй жвавай гульнёю лякаюць. Зубар — ён кемлівы зьвер, хай сабе вось і цяляты: Зь першага кроку ва ўсім маці яны пераймаюць, Бегаюць сьледам, заўжды пасьвяцца побач старэйшых, Скачуць праз выкратні, пні, дробныя рожкі прабуюць, Як напаткаюць зьвера, згледзяць карча ў бураломе, І — у гульні й барацьбе — целы з маленства гартуюць. Бо ж і спачыну, як трэ, хіба ніколі ня знаюць. Хай волат наш трывалкі, намаганьняў вялікіх Зьверу каштуе пыніць сваё ймкненьне да руху. Ўсьцешна глядзець, як ляціць ён у бегу імклівым Рэдкім узьлесьсем або балацянай сьцяжынай, Зь месца ірве, як падкінены нечаю прашчай, І у імгненьне, ўсё цела назад павярнуўшы, Ловіць нагамі памёт, што яшчэ ў паветры, Ды зазьбівае яго, каб сьлядоў не пакінуць. Але нічым не зраўнаць гэтак частыя ў статку Бойкі быкоў за саміцаў у гульнях бяскроўных. Сьвята Вэнэры спраўляюць зубры ў лістападзе Кожнае восені, часта вясельлі трываюць Тыдзень ці больш. І у часе такой насалоды Чуецца толькі, як скрозь, заклікальна й пяшчотна Пушча рыкае, а ў подыху кволым паветра Лістам трапёткім шасьцяць векавыя дубровы… Хто гэта бачыў і чуў — будзе сьветчыць напэўна: Музыка нашых лясоў саладзей, чымся лера, З поклічам ейным ня ў лік нат грымотныя трубы, Хорам жа-ж гукаў лясных строга й стройна кіруе Голас нястрымнай крыві, мне за ўсё наймілейшы! Як доўга зубар жыве, не скажу, бо ня знаю, Хто ж вядзе ўлік даўгавечнасьці гэткага зьвера? Пішуць аднак, быццам недзе, памечаны ў статку Быў правадыр двухсотгодні, прыкметны із грывы Чорнай, як ноч, зь сівізною бялявай на чолцы. Гэткай прыкметаю нібы назвалі ўвесь статак. Калі паданьні даўнейшыя праўдзяць дакладна, Вока згубіў у сутычцы ён, быў аднавокі. Гэта магчыма. Ці ж з правам сумлеўным — бо дужы — Бой ці адзін пачынае, а спрэчкі прычына Аж праз гады толькі робіцца яснай, хай шрамаў Уладалюбы ня могуць пазбыцца да скону… Я не скажу й колькі год, няпрызнаны, у статку Зубар той жыў, але ў гэных народных паданьнях Ёсьць напаміны занадта ўжо доўгага часу: Выдумкай погалас часта вушам дагаджае. Я ж тутка права ня маю пісаць, што ня знаю: Тым, для каго я пішу, да душы толькі праўда.

5

Шлях, мой чытач, быў намечаны загадзя намі. Шлях у лясы, што хінуцца пад подыхам ветру, На лугавіны расьцьвілыя, дзе на прывольлі Мірна пасуцца зьвяры, карыстаючы з права. Стойбішча дружна бароняць зубры, і старожа Пільна глядзіць, каб у статку быў добры парадак. Дужы зь нядужым уладай дзяліцца ня будзе, Моц бо й дазнаньне — адны могуць даць панаваньне. Ўсюды, у статку зубровым, загоне, дарозе, Пэўне ж, адольвае ў бойцы сьмяротнай дужэйшы І без трывогаў ні ймгненьня ў барох не мінае. Смыль панаваньня злабу скрозь крывавую родзіць, Кожны таму паядынак, а кончыцца сьмерцяй. Той, хто слабога пабіў, дастае ўзнагароду, Ну, а пабіты, калі не сканаў, невясёлы Разам із жонкай са статку ідуць у выгнаньне. Зубар, што статак пакінуў, адгэтуль баіцца Нават рагаціны, ў статку ж заўжды быў спакойны. Часам ня грэбуюць статкі й самотнікам-зубрам, Гэткіх прыймаюць чароды блізу без замінкі. Калі ж у бойцы лясной памірае сужонак, Вернасьць сяброў нечаканая сьмерць парушае: Ўдоваў выгнаных узноўкі у статак прыймаюць. Княжы наказ, што бароніць і маці, і нашчадзь, Множыць тым самым багацьце ды скарбы краіны.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 14
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)