Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
Можа, варта было паспрабаваць кінуцца са звязанымі рукамі? Але на гэта патрэбна больш зручнае месца; не роўнядзь, а якая-небудзь паваротка, роў з хмызам, які-небудзь абрыў або лес. Тут жа, як на бяду, было поле, пагорак, потым дарога пайшла логам. Трапіўся масток, але раўчук пры ім быў зусім неглыбокі, адкрыты, у такім не схаваешся. Стараючыся не дужа круціць галавой у санях, Рыбак тым не менш пільна азіраўся навокал, шукаючы хоць колькі-небудзь прыдатную для ўцёкаў мясціну, і не знаходзіў нічога. І чым болей мінала часу, і чым яны бліжэй пад'язджалі да мястэчка, тым усё большы неспакой, амаль разгубленасць апаноўвалі Рыбака. Станавілася ўсё болей зразумела: яны прапалі.
У тым, што яны прапалі, Сотнікаў не сумняваўся ні на хвіліну, намеру ўцякаць у яго не было, надзеі на літасць паліцаяў таксама. І ён напружана маўчаў, прыдушаны цяжарам свае віны, што вісела над ім падвойным грузам. Асабліва яго непакоіла Дзёмчыха. Пакуль, аднак, невядома было, што дазналіся пра яе паліцаі і наколькі сур'ёзнае іх падазрэнне адносна яе сувязі з лесам. Ён думаў таксама і пра начную перастрэлку, у якой, мяркуючы па ўсім, дасталося некаму з гэтых бобікаў. Нейкаму Хадаронку. Вядома, падстрэліў яго Сотнікаў, тут ужо ні Рыбак, ні тым болей Дзёмчыха ні пры чым.
Яны ўязджалі ў мястэчка. Дарога ішла між прысадаў - два рады крывых вербаў стылі абапал гасцінца, пасля пачалася вуліца. Было ўжо не рана, але сям-там дымілі каміны, невысока пад заінелымі стрэхамі ў марознай смузе вісела зімовае сонца. Наперадзе цераз вуліцу таропка перайшла кабета з каромыслам на плячах. Адышоўшыся па сцежцы да дома, прыпынілася, пільна паглядзела на гэтыя двое саней з паліцаямі. У двары насупраць выскачыла з хаты проставалосае, у галёшах на голых нагах дзяўчо, пляснула на снег памыямі, таксама зыркнула на дарогу і хуценька схавалася ў дзвярах. Недзе гаўкаў сабака, мітусіліся вераб'і ў голым галлі дрэў. Тут ішло сваё - трывожнае, палахлівае, але ўсё ж мірнае жыццё, якога даўно не ведалі, а цяпер ужо ніколі не ўведаюць яны.
Сані пераехалі масток і каля драўлянага двухпавярховага дома павярнулі ў бакавую вулічку. Мусіць, яны пад'язджалі. Як ні дзіўна, Сотнікаву хацелася як найхутчэй прыехаць, ён пакутна намёрзся на ветры ў полі; паселішча, як заўжды, абяцала які-ніякі прытулак, хоць гэты раз, вядома, прытулак іх не парадуе. Але ўсё роўна карцела хутчэй у якое памяшканне, каб хоць трохі сагрэцца.
Яшчэ здаля Сотнікаў угледзеў вароты і ля іх паліцая ў кажусе з вінтоўкай, побач месцілася ладная цагляная дамоўка, пэўна - колішняя крама ці якая ўстанова, з чатырма закрачанымі вокнамі. Калі яны пад'ехалі бліжэй, паліцай закінуў за спіну вінтоўку і расчыніў вароты. Абое саней уехалі на даволі прасторны, ачышчаны ад снегу двор са старой абгрызенай конавяззю, нейкім хляўком і дашчанай шпакоўняю-прыбіральняй у куце. На ганку з'явіўся яшчэ адзін паліцай - франтаваты малады хлапец у нямецкім кіцелі з белай павязкай на рукаве.
- Прывезлі?
- А то як жа! - ахвотна азваўся Стась. - Мы ды каб не прывезлі. Во, прымай галубчыкаў!
Ён лёгка саскочыў з саней, паддаў локцем вінтоўку - тут ужо ў ёй не было пільнай патрэбы, тут не ўцячэш. Пакуль возчык і Рыбак вылазілі з саней, Сотнікаў паныла аглядаў будыніну, дзе, мяркуючы па ўсім, ім хутка давядзецца сербануць ліха: мураваныя сцены, высокі ганак з паддашкам, крутыя прыступкі ў склеп. Адно з закрачаных вокнаў было пабіта, а ніжнія шыбы застаўлены жоўтымі фанерынамі з абрыўкамі нейкага гатычнага надпісу. Усё тут было прыбрана, падмецена. Тым часам паліцай у кіцелі дастаў ключ і па сходках пайшоў уніз да дзвярэй пад ганкам - там на пагрэбчыку віднеўся здаравенны вісячы замок з перакладзінай.
- Давай усіх сюды!
Ужо ўсе павылазілі з саней - Стась, Рыбак з возчыкам, воддаль паліцаі з тых развальнёў і Дзёмчыха, ад выгляду якой у Сотнікава жаласна сцялася сэрца: яе за што? Са звязанымі ззаду рукамі яна згорбілася, угнулася, хусцінка спаўзла на патыліцу, а ў роце дзіка і недарэчна ўсё тырчала суконная рукавіца - відаць, яны не спяшаліся вызваляць яе ад гэтага кляпа.