Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
- Будзе ведаць, за што!
Сотнікаў пакрысе саўладаў з сабой, пачаў аддыхвацца і спакойнець.
Усё было вядома, проста і надта звычайна - яны самі аддалі сябе ва ўладу вылюдкаў - чаго было іншага ад іх чакаць. Калі не застрэляць адразу, трэба рыхтавацца да допытаў, катавання, пакутнай, зняважлівай смерці. На які паратунак ён ні разлічваў, усе яго шансы-надзеі ўжо беззваротна скончыліся.
У сенцах іх абшукалі - выграблі ўсю драбязу з кішэняў, патроны, раменнымі супонямі туга звязалі рукі - Рыбаку ззаду, а Сотнікаву спераду - і пасадзілі на шурпаты гліняны дол. Потым той, старшы, са звераватым абліччам паліцай пайшоў у хату да Дзёмчыхі, а другі, якога называлі Стасем, астаўся на ганку іх пільнаваць.
Марознае паветра апякала хворыя грудзі Сотнікава, у галаве яго блажліва кружылася, пашчыпвала ад сцюжы падмёрзлыя вушы - пілотку ён недзе згубіў, мабыць, на гарышчы. Мерзла і таму яшчэ болей балела яго параненая нага. Калена распухла, ён проста не мог варухнуць ім, а босая ступня ссінела і азызла. Мусіць, трэба было б папрасіць бурак, але ён уявіў, як балюча будзе надзець яго, і перадумаў: чорт з ім! Цяпер ужо ўсё адно, хай мерзне нага, мабыць, хутка яна яму будзе ўжо без патрэбы. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы, ён пазіраў на свайго канваіра - маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з'яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Адчувалася ў ім нешта людскае і нібы знаёмае, вайсковае, ці што; можа, таму, што той быў у вайсковым бушлаце і ботах - спраўных хромавых ботах, у якія былі запраўлены, аднак, чорныя цывільныя штаны. Стась трымаў на плячы вінтоўку, другім прысланіўся да шула і, палузгваючы гарбузныя семкі, паглядваў то на палонных, то некуды на вуліцу - мусіць, чакаў транспарт. Але транспарту пакуль не было, і ён, патаптаўшыся крыху, сеў на парозе, паставіў між ног вінтоўку. Зблізку пільна, але без злосці, хутчэй насмешліва агледзеў абодвух.
- За пакулле залезлі, ха! Як прусакі!
Яны маўчалі, толькі Рыбак, з пакутнаю спробай нешта зразумець, зірнуў на яго і патупіўся.
- Цяпер вас памыюць, папрасуюць і таго - трошкі павесяць! Пасушыцца, ха-ха! - засмяяўся паліцай так дабрадушна і натуральна, што Сотнікаў аж схамянуўся - так гэта было падобна на прыяцельскі, нахабнаваты, але добразычлівы жарт. Але смех гэты раптам абарваўся, і ўжо зусім іншым тонам, ад якога нельга было не здрыгануцца, паліцай вылаяўся.
- Такія-сякія нямазаныя! Хадаронка ўгробілі? Цяпер мы вам разматаем на плоце кішкі.
- За што матаць? Не ведаем мы ніякага Хадаронка, - паныла сказаў Рыбак.
- Ах, не ведаеце? Можа, гэта не вы ноччу стралялі?
- Мы не стралялі.
- Вы ці не, а рэбры ўсё роўна вам ламаць будзем. Паняў?
Стась пасур'ёзнеў, вочы яго пагрозліва засцюдзянелі, і ўсё тое чалавечае, што маладою добрасцю ляжала на твары, неяк дзіўна знікла з яго, саступіўшы месца злой бяздушнай рашучасці.
Яны ненадоўга змоўклі, паліцай - пазіраючы на іх са злосцю, а палонныя - непрыемна перажываючы яго жахлівую пагрозу. Пэўна, каб хутчэй пазбыцца яе, Рыбак запытаў пра іншае:
- У арміі служыў?
- У якой арміі?
- Чырвонай хаця б.
- С... я хацеў на вашу армію! - яшчэ больш вызверыўся паліцай і зрабіў страшныя вочы. Потым неяк паступова твар яго перамяніўся, на ім з'явілася ўсё тая ж паблажлівая ўсмешка. Адставіўшы ўбок нагу, ён наском бота размерана пацепаў па зямлі. - Ось так!
- А бушлат? - паказаў позіркам Рыбак.
- Ах, бушлат! У аднаго жыдка-камісара ўзяў. Таму не спатрэбіўся, - сказаў паліцай і, заўважыўшы яго запытальны позірк, спакойна дадаў: - Твой паўшубачак таксама прыбяром. Будзіла возьме, ягоная чарга. От так.
- А не падавіцеся? - раптам цвёрда, трошкі стрымліваючы хваляванне, сказаў Сотнікаў.
Стась ускінуў галаву.
- Што?
- Не падавіцеся, кажу? Паўшубачкамі, і наогул!
- Гэта чаму нам давіцца? За нас Германія - паняў ты, чмур? А вот вам точна капут! Будзьце ўпэўнены, у бога душу маць! - свірэпа закончыў Стась.
Што ж, і гэта было зразумела і натуральна. Рыбак задумліва апусціў галаву, Сотнікаў асцярожна паспрабаваў варухнуцца - дранцвела сцягно, вузкая сырамятная супонь рэзала яго тонкія рукі.
Урэшце паліцай прыгнаў двое саней. Адны асталіся на вуліцы, а другія са скрыпам і конскім тупатам пад'ехалі пад самы ганак, і Стась усхапіўся з парога. Першага ён упіхнуў у развальні Рыбака, потым дужым рыўком за каршэнь падняў з долу Сотнікава. Калі той, дастыргікаўшы, неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Возчык - стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху - боязна прыткнуўся ў перадку. Змёрзлую босую нагу Сотнікаў патроху падапхнуў пад сена, зверху прыкрыў палой шыняля. Яму зноў рабілася надта дрэнна, але неяк трэба было трываць. Цяпер трэба было толькі адно: трываць. І ён трываў, ашчадна выдаткоўваючы не надта багаты запас гэтага свайго трывання.