Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
- Слухаю вас!
Гаспадар пакоя набычыў велікаваты для яго тхарынага тварыка выпуклы, з глыбокімі залысінамі лоб.
- Што такое? Пачаму зноў грубасць? Пачаму на пол? Пачаму без мяне?
- Вінават! - як дураслівы, варухнуў локцямі і яшчэ больш выцягнуўся Стась.
Але па той бяздумнай стараннасці, з якой ён рабіў гэта, таксама як і па бясстраснай строгасці яго начальніка, Сотнікаў адразу западозрыў, што перад ім пачынае разыгрывацца бяздарны імправізаваны фарс.
- Хіба такая была інструкцыя? Так нас вучыць германскае камандаванне? - нібы крывымі цвікамі да падлогі, прыбіваў ён паліцая сваімі пытаннямі, а той з фальшывай бояззю толькі пяў грудзі.
- Вінават! Болей не буду! Вінават!
- Да палонных належаць адпаведныя адносіны. Нямецкія ўлады гатовы шанаваць тых, хто сам здаўся...
Не, годзе! Як нямецкія ўлады шануюць палонных, Сотнікаў ужо ведаў, і не стрымаўся, каб не разбурыць усёй гэтай наіўнай самадзейнасці.
- Дарма стараецеся!
Паліцэйскі трохі паспешліва павярнуўся, азадачана нахмурыў лоб.
- Што вы сказалі?
- Што чулі. Развяжыце рукі. Я не магу так сядзець.
Паліцэйскі нешта разважыў, свідруючы яго насупленым позіркам, але, мусіць, зразумеў, што баяцца няма чаго, і сунуў руку ў кішэню. Падчапіўшы кончыкам нажа тры столкі супоні, ён адным махам перарэзаў яе і схаваў нож. Сотнікаў разняў набрынялыя рукі, на запясцях якіх чырванелі рубцы.
- Што яшчэ?
- Піць! - сказаў Сотнікаў. Ён рашыў, пакуль ёсць магчымасць, пакарыстацца паблажлівасцю гэтага чалавека, каб пасля ўжо трываць.
Паліцай кінуў Гаманюку:
- Дай вады!
Той выскачыў у калідор, а паліцай зайшоў за стол і нетаропка ўмясціўся ў сваё крэсла. Увесь час ён паводзіў сябе падкрэслена стрымана, нібы таіў штось важнае для арыштанта. Позірк яго вострых, чымсь заклапочаных вачэй амаль не сыходзіў з Сотнікава.
- Можаце сесці на стул.
З дапамогай рук Сотнікаў перабраўся да крэсла і прысеў там, адставіўшы ўбок нагу. Хоць трошкі, ды стала зручней, так ужо можна было трываць. Ён уздыхнуў і паглядзеў за печ, у кут ля акна, не адразу зразумеўшы, што шукае не што іншае, як прылады катавання - мусіць жа, яны павінны тут быць. Але нічога здатнага для таго тут не было відаць. Між тым адносіны яго з гэтым паліцаем перайшлі за мяжу ўмоўнасці. Сотнікаў адчуваў: паколькі гульня не ўдалася, неўзабаве пачнецца размова па сутнасці, якая абяцала мала прыемнага. І ён стараўся сабраць свае сілы, падрыхтавацца ўнутрана, каб вытрымаць да канца.
Тым часам Стась Гаманюк прынёс кварту вады, падаў Сотнікаву, і той выпіў усю. Паліцай з-за стала падазрона сачыў за кожным ягоным рухам, нешта ўсё разважаў ці, можа, стараўся што адгадаць.
- Ну, пазнаёмімся, - даволі міралюбна сказаў ён, калі Стась выйшаў. - Маё прозвішча Партноў. Следчы паліцыі. Вось так.
- Маё вам нічога не скажа.
- А ўсё ж?
- Ну Іваноў, дапусцім, - сказаў Сотнікаў праз зубы - балела нага.
- Не настойваю. Хай будзе Іваноў. Так і запішам, - пагадзіўся следчы, хоць нічога і не запісваў. - З якой банды?
Ого, так адразу ўжо і пра банду? Перш чым адказаць на такое больш чым непрыемнае пытанне, Сотнікаў памаўчаў. Партноў, свідруючы яго позіркам, узяў са стала запэцканы чарнілам драўляны прэс, пакруціў у руках. Сотнікаў невідушча пазіраў на яго пальцы і не ведаў, як лепш: гуляць у паддаўкі ці адразу адмовіцца ад паказанняў, каб не блытацца ў хлусні. Тым болей што ў хлусню гэту, мабыць, не надта павераць.
- А вы думаеце, я вам скажу праўду?
- Скажаш, - проста і з такой натуральнай упэўненасцю сказаў следчы, што Сотнікаву стала не па сабе, і ён спадылба запытальна паглядзеў на паліцэйскага. - Скажаш!
Пачатак не абяцаў нічога добрага. На гэта пытанне ён, вядома, адказваць не будзе, але і іншыя, мабыць, не будуць лягчэйшыя. Следчы чакаў, гуляючы з прэсам. Рухі ягоных рук былі спакойна-ўпэўненыя і неспяшлівыя, аднак гэтаю самай неспяшлівасцю і выдавалі стоеную да пары напружанасць. Дзіўна, што з выгляду ён быў зусім мала падобны на ката-следчага, які меў на рахунку, відаць, не адно загубленае жыццё, а хутчэй нагадваў сціплага сельскага служачага. І ўсё ж нешта ў ім таілася невядомае, загадкавае і страхавітае. Сотнікаў чакаў, калі яно выбухне з лютасцю, ён толькі не ведаў, за якім пытаннем здарыцца тое.
- Якое мелі заданне? Куды ішлі? З якога часу ў вас агентам гэтая жанчына?