З людзьмі і сам-насам
- Автор: Брыль Янка
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0603-9
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:
* * *
Гістарычнасць часу. Пачынаеш разумець яе не па сваіх дзядах, якіх не памятаеш жывымі, не па бацьках, хоць i ix ужо даўно няма, а па сестрах ды па братах, якім, як у мяне, каму — па смерці лічачы—107, каму 105, каму 100, каму толькі на два гады менш... Дый самому тым часам сабралася... Але ж я тут жывы назіральнік, думаю зводдаль.
* * *
Калі б ён пачаў хваліцца мне сваім прыёмам у Яна Паўла И, я мог бы ледзь не таксама паганарыцца, як у 1983-м ляцеў з Познаня ў Шчэцін на тым самым анельска-белым верталёце, які абслугоўваў святога айца ў час яго нядаўняга перад гэтым гасцявання ў Польшчы. Духам ягоным верталёт той яшчэ ўсё поўніўся, вядома ж, асабліва ў паветры, якое — неба!..
Усмешлівае лезе ў галаву. А сам чытаю пра Башкірцаву i яе раннедзявочы дзённік, у якім загуста ад непамернага арыстакратызму i ўсебаковай таленавітасці.
* * *
Сонечна. У сцягах нашых многа святла. Мноства людзей, якія ведаюць, што да чаго. З цынічнай дыктатурай, з авантурнымі «саюзамі», з небяспекай вялікай, ці не апошняй вайны, з пакутамі i смерцямі, імя якім чарнобыльскія...
Калі мяне з калоны заўважылі, прыязна замахалі рукамі, заўсміхаліся, кінулі «жыве Беларусь!» — голас мой у адказ слёзна ўздрыгнуў...
Так было ўчора. А сёння ўранні, толькі прачнуўся, адразу падумалася: колькі ў гэтым маім узрушэнні свайго, асабістага, a колькі агульнаграмадскага? Ну, а як гэта трэба i ці трэба дзяліць? Радасна, патрэбна мне адчуванне прыналежнасці да народнага, прыемна ад пашаны людзей, якіх я i сам паважаю. Добра было таксама прысесці на сходках шырознага ганка Палаца спорту, побач з незнаемым мужчынам, у руцэ якога старчма стаяў высока i светла наш бела-чырвона-белы, а з гутаркі неўзабаве выявілася, што гэта рабочы, ужо на пенсіі, што ў яго таксама ногі баляць, хоць ён i маладзейшы аж на семнаццаць гадоў.
Мітынгу, які быў падрыхтаваны, не адбылося, бо ўлады прадумана арыштавалі машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай, а авалодаць увагай шматтысячнай грамады пры дапамозе ручнога рупара было немагчыма. Але свята адбылося. Toe, што агульнае i што ў кожным. Малітвенны настрой душы: дай Бог выжыць, каб без слязы ў душы сказаць, што Яна, Беларусь, жыве.
* * *
Усё расказваць, дазвання ўсё? А трэба ж нешта i для сябе пакінуць. З чалавечым правам на НЗ — недатыкальны запас.
* * *
Учора ў тэлеперадачы «Зеркало» — сюжэт пра Сахалін.
Пастарэлы Валодзя Сангі: «Сахалин не японский и не русский, он нивхский. Русские пришли сюда без приглашения...»
Якая цярплівая ветлівасць або яшчэ ўсё асцярожнасць!.. Бедны народзік, бедная мова, што памірае, што амаль i памерла. Бедны Сангі, як гаварылася, Ламаносаў свайго некалькітысячнага народа, самаахвярны асветнік, які не толькі алфавіт павінен быў наладзіць, але i «Онегина» пераклаў. Сумна, балюча было слухаць яго, глядзець на так даўно ўжо не бачанага, не чутага, міжволі думаючы не проста пра лёс слабейшых, але i пра нас, хоць нас i непараўнана больш, чым яго, Валодзевых, суайчыннікаў. Няхай сабе i ніўхаў — чалавекаў, а не гілякаў — сабак, як ix называлі тыя, што прыйшлі «без запрашэння»...
* * *
Нагала астрыжаны, вымуштраваны біцца, у моцных падкаваных чаравіках, каб «ворагу» балела як наймацней (капытам!). A гадоў, відаць, i васемнаццаці няма.
Фота ў газеце: два такія напалі на польскага журналіста. У нас.
Аказваецца, калі па Мрожаку, не толькі «дзядэк хцэ стшэляць», але i ўнукі таксама. Мінскія «баркашоўды», змагары за «русский порядок» у Беларусі.
Яшчэ, здаецца, ці не пазалетась бачыў гэта ў газеце, а час ад часу ўспамінаецца. Як штосьці сімвалічнае, знак часу.
* * *
Ад ілюстрацыі ў дзіцячай кніжцы, дзе голуб на краечку драўлянага вядра з вадой да самага верху, захоплены хлапчук i таксама босая стомленая нестарая маці, што любуецца i голубам, i сынком.
Горка-балючыя думкі пайшлі да маладых пасляваенных удоў-салдатак, так жа нядаўна вясёлых дзяўчат, крута агрубелых ад гора i непамернай, i сваёй, i мужчынскай працы, ад галечы з малымі дзецьмі...
* * *
Перад ад'ездам з Мінска названіўся сябрам ды сяброўкам, зрабіў усё, што трэба было зрабіць у хатняй i літаратурнай гаспадарцы. Будзем уваходзіць, ужывацца ў сваё «ссыльнае», што камусьці іншаму ад гарадское тупіковасці бачыцца справядліва зайздросным.
Хоць вясна тут, пасля халадоў i яшчэ ў холадзе, бачыцца, адчуваецца ледзь не прастуджанай, сумнаватай у гэтай прастудзе.