Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
З людзьмі і сам-насам - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

З людзьмі і сам-насам

Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:

Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 92
Перейти на страницу:

* * *

Абагдарыць снеданне, абед, вячэру ці так які пачастунак,— абы-як падрыхтаваць тое, што з Божага дару. Такое чуецца ў гэтым слове з маіх родных мясцін. Няма яго ні ў тлумачальным, ні ў паўночназаходнім слоўніках. А вось узяло ды само прыйшло з дал ёкай памяці.

* * *

«Пісаць для вечнасці» — гэта не з думкай пра вечнасць твайго слова, а з належнай настройкай на тое, што па-сапраўднаму жывое i застанецца жыццём.

I няма чаго кпіць з тых, хто ў гэтым паслядоўныя, не мітусяцца.

* * *

Недаперачытаная з дзён свежай жалобы кніга Навума Кісліка «Лестница лет».

Паспрабаваў нібы чапляцца: мова вывучаная, месцамі кніжная, не ўсюды ад сэрца, больш ад розуму. А потым i такое:

Льнут к стеклу любопытные листья, тень нетерпенья дрожит на стене: праздник предвидится в скромном жилище — добрая книга лежит на столе.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Выключим радио, двери закроем, ясного света побольше дадим, чтобы ничто не мешало — запоем праздновать встречу один на один.

Строфы — першая i апошняя, але адчуванне ўсё. I так добра, люба вядомае.

Можна i з іншых вершаў выпісаць падкрэсленае на палях. Паэзія. Немітусліва-ціхая паглыбленасць у яе. I робячы сваё, i памагаючы другім добрымі перакладамі. За што i ад мяне ў душы паўтарылася: «Дзякую!»

* * *

«Якое жыццё, такая i літаратура» — у сэнсе адлюстравання.

Значыцца, жыццё як мага ніжэй апусціць i туды ўжо цягнуць літаратуру?..

* * *

Пасмяротны Поўны збор твораў. На тое, каб пакараць маю памяць доказамі, колькі непатрэбнага i шкоднага я напісаў?..

* * *

Ноч. Уключыўшы святло.

Каб хацеў паплакаць па тых, што адышлі, дык i паплакаць няма з кім.

Апошні з найбліжэйшых — Шура, пляменнік, але амаль равеснік i блізкі, як брат, пра якога думаю, якога бачу прыступамі, зноў ды зноў. Штуршкі бываюць i такія, што ўспамінаецца евангельскае: «Душа моя скорбит смертельно». На такой ужо, здаецца, набліжанасці. I неяк нібы ненатуральна не страшна ад гэтага. Відаць, таму, што яшчэ не на ўзмежку.

* * *

Паэзію Пушкіна я любіў заўсёды. Вось перачытваю «Анегіна», упрыкуску два пераклады, Куляшова i Тувіма, час ад часу заглядваючы ў арыгінал. I адчуваецца — не перачытваю, а чытаю зноў як новае, з дакорам самому сабе, што не так, як належыцца, чытаў гэта, хоць i неаднойчы, але не ўчытваючыся ў глыбіню.

* * *

...Плачу ад Танінай закаханасці, ужо з дарослай унучкай, з яе чыстай красою параўноўваючы тую, душой паэта народжаную барышню, якая сутыкаецца юнай душой з суровай ды глыбокай, мудрай пяшчотнасцю нянінай народна-жаночай душы, якую Пушкін даваў нам, напэўна ж, бачачы сваю Арыну Радзівонаўну. Недзе ж чытаў я, што Радзівоніха была беларускай, што зусім верагодна ў тым этнічным паграніччы. А памятаючы яшчэ i пра эфіопскае паходжанне Аляксандра Сяргеевіча, чытаючы цяпер яго на трох мовах адразу, хораша адчуваецца агульналюдское.

Вельмі шкада, што якраз на тым XV раздзельчыку, дзе маэстра Тувім усклікнуў, як на развітанне: «Tatiano, o Tatiano miła!», пераклад яго незваротна абрываецца, а далейшы, Важыкаў, гучыць не так дасканала ў паэтычнай адэкватнасці.

* * *

Інтэграцыя, аб'яднанне пагражае нам не толькі цынкавымі трунамі ды «отдельными фрагментами тел» з гарачых пунктаў недаразваленай імперыі, але i раепраеторамі Поўначы i Сібіры, якія засумавалі па новых «нацдэмах» — катаржанах ды ссыльных...

* * *

Цытаваць належыцца звычайна класікаў, а мне вось спадабалася ў маладзейшага ды знешне нягучнага рускага сябра па прафесіі такое, што нават i перакладу:

«Для таго, хто піша, што б ён ні пісаў, самае цяжкае — не сацыяльны прыгнет, не цэнзура, не безграшоўе, не пахворванне, а час, калі не пішацца. A калі пішацца — няма ні хваробаў, ні безграшоўя, ні цэнзуры ці сацыяльнага прыгнёту, цяпер яму — дарогу дай! — ён зноў шчаслівы».

Паэт Федзя Яфімаў. Калі я званіў яму, мы гэтай мудрасцю, гэтым крэда падзяліліся весела, кожны, вядома ж, успомніўшы ў душы сваё.

* * *

Адчуваючы патрэбу i абавязак сказаць пра тое добрае ў бліжнім, што не павінна разам з ім пайсці ў нябыт, трэба ці ўмець, ці вучыцца асцярожна абыходзіць ягоную гразь, ці моўчкі, цярпліва перабрыдаць цераз яе, i думаючы пра блізкі надзейны бераг, зямлю, апору пад сабой, i падмацоўваючыся разуменнем, што гразі, такой самай ці большай, нямала i ў цябе самога, але ж не ўвесь ты ў ёй, а ёсць яно, добрае, светлае i ў табе, як i ў тым другім, пра каго ты хочаш сказаць неабходнае. Памагай табе Бог у цярплівым маўчанні!

1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 92
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)