Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Пікнік на ўзбоччы
Пікнік на ўзбоччы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пікнік на ўзбоччы

Электронная книга - «Пікнік на ўзбоччы». Краткое содержание книги:

«Пікнік на ўзбоччы» («Пикник на обочине») — найвядомейшы і найпапулярнейшы твор клясыкаў сусьветнае навуковае фантастыкі Аркадзія і Барыса Стругацкіх, які сярод усіх іхных кніг стала трымае першае месца па колькасьці выданьняў і перакладаў на іншыя мовы. Аповесьць напісаная ў 1971 годзе і ўпершыню апублікаваная праз год у ленінградзкім часопісе «Аврора». У 1991 годзе быў выданы аўтарскі варыянт, пазбаўлены правак, зробленых пад ціскам савецкае цэнзуры.
У цэнтры сюжэту — таямнічая і небясьпечная Зона, якая засталася пасьля наведваньня Зямлі прадстаўнікамі іншаплянэтнай цывілізацыі, а таксама жыцьцё людзей, якія воляй лёсу апынуліся побач зь ёю і вымушаныя змагацца за сваё існаваньне ня толькі са страшнымі нечалавечымі зьявамі, але й з ня менш непрыемнымі асаблівасьцямі чалавечага грамадзтва.
Кніга мела вялікі культурны ўплыў. Дзякуючы ёй у расейскую мову трывала ўвайшло слова «сталкер», якое замацавалася за аматарамі наведваць закінутыя аб'екты і гарады-здані, а сама субкультура набыла большую папулярнасьць. Фільм «Сталкер», які лічыцца адной з найлепшых кінастужак рэжысёра А. Таркоўскага, быў зьняты па матывах твору. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і ўтварэньне там закрытае Зоны Адчужэньня шмат у чым перагукалася зь «Пікніком» і дало нагоду выявіць у кнізе пэўныя прароцкія матывы. Тэмы ўразьлівасьці чалавека перад магутнымі сіламі, якія ён здольны вызваліць, а таксама неабходнасьці адказнага і далікатнага стаўленьня да навакольнага сьвету выявіліся як ніколі актуальнымі.
Па-беларуску «Пікнік на ўзбоччы» да гэтага моманту ніколі не выдаваўся. Гэты пераклад — першая публікацыя аповесьці на беларускай мове, і другі перакладзены на яе твор братоў Стругацкіх.
1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 68
Перейти на страницу:

— Паўсталым з магіл шляхі дамоў закрытыя, таму яны маркотныя й сярдзітыя, — сказаў ён услых.

Так, хацеў бы я ведаць, чым усё гэта скончыцца. Дзесяць гадоў таму я цалкам дакладна ведаў, чым гэта павінна скончыцца. Непераадольныя кардоны. Пояс пустаты шырынёй у пяцьдзесят кілямэтраў. Навукоўцы і жаўнеры, больш нікога. Страшная язва на целе маёй плянэты мусіць быць заблякаваная намертва. І гэта ж трэба, быццам бы ўсе так лічылі, ня толькі я. Якія прамаўляліся прамовы, якія прапаноўваліся законапраекты… І цяпер ужо нават не згадаеш, якім чынам гэтая ўсеагульная сталёвая рашучасьць расплылася раптам кісялём. З аднаго боку — нельга не прызнаць, з другога боку — нельга не пагадзіцца. Здаецца, усё пачалося, калі першыя сталкеры вынесьлі з Зоны першыя «этакі». «Батарэйкі»… Так, здаецца, з гэтага й пачалося. Язва выявілася не такой ужо язвай, і нават ня язвай зусім, а скарбніцай… А цяпер ужо ніхто і ня ведае, што гэта. Карыстаюцца памаленьку… Дзесяць гадоў кірачацца, мільярды ўгацілі, а арганізаванага рабунку наладзіць так і ня могуць. Кожны робіць свой маленькі бізнэс, а вучоныя лбы з важным выглядам паведамляюць: з аднаго боку, нельга не прызнаць, а з другога боку, нельга не пагадзіцца, паколькі аб’ект такі і такі, будучы апраменены рэнтгенам пад вуглом васемнаццаць градусаў, выпускае квазіцеплавыя электроны. Ну іх да д’ябла. Усё роўна да самага канца мне не дажыць…

Машына праехала паўз асабняк Сьцярвятніка Барбрыджа — ва ўсіх вокнах з нагоды праліўнога дажджу гарэла сьвятло, відаць было, як у вокнах другога паверху, у пакоях красуні Дзіны, рухаюцца танцуючыя пары. Ня тое зранку пачалі, ня тое ніяк з учорашняга скончыць ня могуць. Мода такая пайшла ў горадзе, танчыць суткамі напралёт. Моцную мы вырасьцілі моладзь, фэнамэнальная трываласьць.

Нунан спыніў машыну перад несамавітым будынкам зь непрыкметнай шыльдай: «Юрыдычная кантора Корш, Корш і Саймак». Ён выняў і схаваў у кішэнь «этак», зноў нацягнуў на галаву плашч, падхапіў капялюш і стрымгалоў кінуўся ў пад’езд, паўз швэйцара, які цалкам паглыбіўся ў газэту, па сходах, пакрытых пацёртым дываном, загрукаў абцасамі па цёмным калідоры другога паверху, насычаным спэцыфічным пахам, прыроду якога ён у свой час марна намагаўся высьветліць, ды так і адступіўся, расчыніў дзьверы ў канцы калідора і ўвайшоў у прыёмную. На месцы сакратаркі сядзеў незнаёмы, вельмi смуглы малады чалавек. Ён быў без пінжака, рукавы ягонай кашулі былі закасаныя, і ён капаўся ў вантробах нейкай складанай электроннай прылады, усталяванай на століку для пішучай машынкі. Рычард Нунан павесіў плашч і капялюш, абедзьвюма рукамі прыгладзіў рэшткі валасоў за вушамі і запытальна зірнуў на маладога чалавека. Той кіўнуў. Тады Нунан адчыніў дзьверы ў кабінэт.

Пан Лемхэн цяжка падняўся яму насустрач зь вялікага скуранога крэсла, што стаяла ля завешанага парцьерай акна. Прамавугольны генэральскі твар яго сабраўся ў складкі, якія азначалі ня тое прыветлівую ўсьмешку, ня тое смутак з нагоды благога надвор’я, ня тое зь цяжкасьцю ўтаймаванае жаданьне чхнуць.

— Ну, вось і вы, — павольна прамовіў ён. — Заходзьце, распалагайцеся.

Нунан пашукаў позіркам, дзе б распалажыцца, і не знайшоў нічога, акрамя жорсткага крэсла з прамой сьпінкай за сталом. Тады ён прысеў на стол. Вясёлы настрой ягоны чамусьці пачаў зьнікаць — ён і сам не разумеў чаму. Раптам яму стала ясна, што хваліць яго ня будуць. Хутчэй, наадварот. Дзень утыкаў, філязафічна падумаў ён і падрыхтаваўся да найгоршага.

— Закурвайце, — сказаў Лемхэн, зноў апускаючыся ў крэсла.

— Дзякуй, не куру.

Пан Лемхэн паківаў галавой з такім выглядам, нібы пацьвердзіліся найгоршыя ягоныя здагадкі, злучыў перад тварам кончыкі пальцаў абедзьвюх рук і некаторы час уважліва разглядаў фігуру, што зь іх утварылася.

— Мяркую, юрыдычныя справы фірмы «Міцубісі дэнсі» мы абмяркоўваць з вамі ня будзем? — прамовіў ён нарэшце.

Гэта быў жарт. Рычард Нунан з гатоўнасьцю ўсьміхнуўся і сказаў:

— Як вам будзе заўгодна.

Сядзець на стале было страшэнна нязручна, ногі не даставалі да падлогі, рэзала зад.

— Са шкадаваньнем павінен паведаміць вам, Рычард, — сказаў Лемхэн, — што ваш рапарт выклікаў наверсе надзвычайна спрыяльнае ўражаньне…

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 68
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)