Пікнік на ўзбоччы
- Автор: Стругацкий Аркадий Натанович, Стругацкий Борис Натанович
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: mikhed.ru
- Переводчик: Юрый Барысавіч Міхед
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Пікнік на ўзбоччы». Краткое содержание книги:
У цэнтры сюжэту — таямнічая і небясьпечная Зона, якая засталася пасьля наведваньня Зямлі прадстаўнікамі іншаплянэтнай цывілізацыі, а таксама жыцьцё людзей, якія воляй лёсу апынуліся побач зь ёю і вымушаныя змагацца за сваё існаваньне ня толькі са страшнымі нечалавечымі зьявамі, але й з ня менш непрыемнымі асаблівасьцямі чалавечага грамадзтва.
Кніга мела вялікі культурны ўплыў. Дзякуючы ёй у расейскую мову трывала ўвайшло слова «сталкер», якое замацавалася за аматарамі наведваць закінутыя аб'екты і гарады-здані, а сама субкультура набыла большую папулярнасьць. Фільм «Сталкер», які лічыцца адной з найлепшых кінастужак рэжысёра А. Таркоўскага, быў зьняты па матывах твору. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і ўтварэньне там закрытае Зоны Адчужэньня шмат у чым перагукалася зь «Пікніком» і дало нагоду выявіць у кнізе пэўныя прароцкія матывы. Тэмы ўразьлівасьці чалавека перад магутнымі сіламі, якія ён здольны вызваліць, а таксама неабходнасьці адказнага і далікатнага стаўленьня да навакольнага сьвету выявіліся як ніколі актуальнымі.
Па-беларуску «Пікнік на ўзбоччы» да гэтага моманту ніколі не выдаваўся. Гэты пераклад — першая публікацыя аповесьці на беларускай мове, і другі перакладзены на яе твор братоў Стругацкіх.
— І ўсё, — сказаў ён. — І квіта.
Ён залез у распаленую сьпякоту будкі, апусьціў манэту і набраў нумар.
— Гута, — сказаў ён. — Ты, калі ласка, не хвалюйся. Я зноў папаўся. — Яму было чуваць, як яна сутаргава ўздыхнула, і ён пасьпешліва сказаў: — Ды глупства гэта ўсё, месяцаў шэсьць-восем… і са спатканьнямі… Перажывем. А бяз грошай ты ня будзеш, грошы табе дашлюць. — Яна ўсё маўчала. — Заўтра цябе выклічуць у камэндатуру, там убачымся. Мартышку прывядзі.
— Ператрусу ня будзе? — спытала яна глуха.
— А хоць бы і быў. Дома чыста. Нічога, трымай хвост трубой. Пайшла за сталкера, цяпер ня скардзіся. Ну, да заўтра… Май на ўвазе, я табе не тэлефанаваў. Цалую ў дупку.
Ён рэзка павесіў слухаўку і некалькі сэкундаў стаяў, зажмурыўшыся з усіх сілаў, сашчаміўшы зубы так, што зазьвінела ў вушах. Потым ён зноў кінуў манэтку і набраў іншы нумар.
— Слухаю вас, — сказаў Хрыпаты.
— Гаворыць Шугарт, — сказаў Рэдрык. — Слухайце ўважліва і не перабівайце…
— Шугарт? — вельмі натуральна зьдзівіўся Хрыпаты. — Які Шугарт?
— Не перабівайце, я кажу! Я папаўся, уцёк і зараз іду здавацца. Мне дадуць гады два з паловай ці тры. Жонка застаецца бяз грошай. Вы яе забясьпечыце. Каб яна ні ў чым ня мела патрэбы, зразумела? Зразумела, я вас пытаю?
— Працягвайце, — сказаў Хрыпаты. — Ну і псых тэлефануе, — сказаў ён камусьці ў бок. — Ачмурэць можна.
— Фарфор ляжыць пад тэлефоннай будкай нумар трыста сорак сем, гэта ў самым канцы Гарняцкай вуліцы, дзе закінутая бэнзакалёнка. Трыста сорак сем, у самым канцы Гарняцкай. Хочаце — бярыце, хочаце — не, але жонка мая каб ні ў чым ня мела патрэбы. Нам яшчэ працаваць і працаваць. А калі я вернуся і даведаюся, што вы згулялі нячыста… Я вам ня раю гуляць нячыста. Зразумела?
— Я ўсё зразумеў, — сказаў Хрыпаты. — Дзякуй. — Потым, памарудзіўшы трохі, спытаў: — Можа быць, адваката?
— Не, — сказаў Рэдрык. — Усе грошы да апошняга медзяка — жонцы. З прывітаньнем.
Ён павесіў слухаўку, агледзеўся, глыбока засунуў рукі ў кішэні і нетаропка пайшоў уверх па Гарняцкай вуліцы паміж пустымі пазабіванымі хатамі.
Рычард Г. Нунан, прадстаўнік «Сайман кібэрнэтыкс», «Міцубісі дэнсі» і «АҐ Электронэнвіртшафт» пры Гармонцкім філіяле Міжнароднага інстытуту пазазямных культураў, сядзеў за сталом у сваім кабінэце і маляваў чорцікаў у велізарным нататніку для дзелавых занатовак. Пры гэтым ён лагодна ўсьміхаўся, ківаў лысай галавой і ня слухаў свайго суразмоўцу. Суразмоўца рабіў, дакладней, уяўляў, што робіць яму ўтык.
— Мы гэта ўлічым, Валянціне, — сказаў, нарэшце, Нунан, дамаляваўшы дзясятага для роўнага рахунку чорціка і зачыняючы нататнік. — Насамрэч — бязладзьдзе.
Валянцін працягнуў тонкую руку і акуратна строс попел у попельніцу.
— Што менавіта вы ўлічыце, Дыку? — ветліва запытаўся ён.
— Усё, што вы сказалі, да апошняга слова, — весела адказаў Нунан, адкідваючыся ў крэсьле.
— А што я сказаў?
— Гэта ня важна, — сказаў Нунан. — Што б вы ні сказалі, усё будзе ўлічана.
Валянцін сядзеў перад ім у крэсьле для наведвальнікаў, маленькі, зґрабны, акуратны, на замшавай куртачцы — ні плямкі, на падшморгнутых штанах — ні зморшчынкі, асьляпляльная кашуля, строгі аднакаляровы гальштук, зіхатлівыя чаравікі, на тонкіх бледных вуснах — дзіўная ўсьмешка, велізарныя чорныя акуляры хаваюць вочы, над шырокім нізкім ілбом — чорныя валасы жорсткім вожыкам.
— Па-мойму, вам дарма плацяць ваша фантастычнае жалаваньне, — сказаў ён. — Мала таго, па-мойму, вы сабатажнік, Дыку.
— Чш-ш! — вымавіў Нунан шэптам. — Богам прашу, ня так гучна.
— Насамрэч, — працягваў Валянцін. — Я даволі даўно сачу за вамі: па-мойму, вы зусім не працуеце.
— Адну хвілінку, — перарваў яго Нунан і памахаў ружовым тоўстым пальцам. — Як гэта — не працую? Хіба хоць адна рэклямацыя засталася без адказу?
— Ня ведаю, — сказаў Валянцін і зноў строс попел. — Прыходзіць добрае абсталяваньне, прыходзіць дрэннае абсталяваньне. Добрае прыходзіць часьцей, а пры чым тут вы — ня ведаю!
— Вось калі б ня я, — запярэчыў Нунан, — добрае прыходзіла б радзей. Акрамя таго, вы, навукоўцы, увесь час псуеце добрае абсталяваньне, а потым заяўляеце рэклямацыю, і хто вас тады пакрывае? Вось, напрыклад, што вы зрабілі са «знайдай»? Цудоўны апарат, бліскуча паказаў сябе ў геолягаразьведцы, устойлівы, аўтаномны… А вы ганялі яго ў абсалютна ненармалёвых рэжымах, запалілі мэханізм, як старога каня…