Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Новая зямля
Новая зямля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Новая зямля

Электронная книга - «Новая зямля». Краткое содержание книги:

Новая зямля
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 85
Перейти на страницу:

XIV. Дарэктар

Зварот пары, зніканне лета... То — водгулле душы паэта, То — смутны вобраз развітання, То — струн дрыгучых заміранне, Натхненнай песні жаль сардэчны, Жыцця і смерці — сымбаль вечны! І люб і смуцен час прыгоды, Калі душа ўсяе прыроды З тваёю злучыцца душою Ў адным суладдзі і настроі! І ты маўчыш, маўчаць і далі, Як бы ў адной агульнай хвалі, Ў адной асветленай часіне Жыццё злучыла свае плыні І бег свой вечны прыпыніла, І неба твар свой адчыніла. На залаты парог паўдзення Скрозь бела-руннае адзенне У багне неба ясна-сіняй Ступае сонца, як багіня, І стрэлы-косы раскідае, Як чараўніца маладая. Пад гэтай ласкаю зіяння, Ўспагадна-добрага ўзірання, Ўсё заспакоілася: неба, І поле знятага ўжо хлеба, І гэта даль, і лугавіны... На ніцях белай павуціны Прывозяць восень павучкі. Яе красёнцы, чаўначкі У моры лесу мільгатнулі І лісце ў багру апранулі; І з кожнай лісцевай галоўкі Глядзіць твар восені-свякроўкі. Павее ветрык — шурхнуць травы: Няма ў ім ласкі, ні забавы. Не — то не шолах каласочкаў, Не смех блакітных васілёчкаў У межах росных збажыны; Не — то не музыка вясны, А ціхі жаль і нараканне, З жыццём і з сонцам развітанне. Шыбуюць гусі ў край далёкі І жураўлі ў той самы край. — Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі!
— Ну, — кажа раз Міхал, — як будзе? Ўжо вучаць дзеці ў школцы людзі; Пара б і нашым за навуку... Аддаць у школку іх — не ў руку: Давай харчы, наймі кватэру... — І бацька тут, як на паперу, Стаў вылічаць расходы, страту І кончыў тым: лепш к сабе ў хату — Не трэба й кланяцца Яхіму — Наняць дарэктара на зіму, Ну хоць бы Яську Базылёва. — Дамо рублёў тры і — гатова! А хлопец спрытны да навукі. — Ну, Яська — майстар на ўсе рукі: Як да сярпа, так і да кнігі. Але ці будуць хлопцы слухаць? Каб не прыйшлося часам нюхаць Яму ад вучняў сваіх хвігі? — Антось заўважыў. — Як-то хвігі? Няхай асмеляцца, псялыгі!— Ўскіпеў Міхал: — А гэта што? Як адсвянцаю разоў сто, Як адлуплю — тры дні не сядзе! — Тут вочы ўніз спускае Ўладзя Ды слова ўставіць смеласць мае: — Я больш забыўся, як ён знае... — О, ты разумны! ты ўсё ўмееш. А пяць ды два не зразумееш: Дурны ў задачах, як дубіна! — Спыняе бацька грозна сына. — Але вучыцца мне без дуру, А не — як з гада спушчу скуру! Ўсё разумець павінны самі! — І бацька ўсіх абвёў вачамі, Кіўнуў выразна на аборку. На тым і кончылі гаворку. Яшчэ дарэктар не з'явіўся, А Ўладзя хлопцам пабажыўся, Што ён за вуха ўзяць не дасца, Няхай лепш возьме яго трасца!
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 85
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)