Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае
- Автор: Ермаловіч Мікола
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае». Краткое содержание книги:
Несавецкае бачаньне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае раздражненьне ўладаў, некалькі разоў на кватэру да Ермаловіча работнікі КДБ прыносілі позвы з патрабаваньнем зьявіцца і разабрацца з «извечной самостоятельностью белорусов». Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасьці пашыраліся самвыдатам.
Гіпотэза Міколы Ермаловіча у канцы 1980-х–пачатку 1990-х гадоў адыграла значную ролю. Аўтар паказаў, што тэрыторыя летапіснай Літвы не тоесная тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі. М. Ермаловіч звярнуў увагу на тое, што утварэнне і існаванне Вялікага княства Літоўскага не зводзілася да схемы захопу літоўскімі феадаламі саслабелых усходнеславянскіх земляў. М. Ермаловіч паслядоўна паказваў пагрозы існаванню ВКЛ і з Усходу, і з Захаду. Работы Міколы Ермаловіча паспрыялі абуджэнню як навуковай дыскусіі у гістарычнай навуцы, так і грамадскай свядомасці беларусаў.
Аднак гэтымі няўдачамі не закончылася для BKЛ барацьба за Пскоў і Ноўгарад. Гэта быў толькі пачатак аднаўлення традыцыйнай полацкай палітыкі.
Узаемаадносіны з Рыгай i Ордэнам
Але не толькі пскоўска-наўгародскімі справамі Полацка павінен быў займацца Гедзімін. Адначасова не меншую ўвагу ён змушаны быў удзяляць і яшчэ больш важнаму клопату Полацка — яго барацьбе з крыжакамі. I гэта зразумела, бо калі ў першым выпадку Полацк наступаў, то ў другім — абараняўся ад свайго найбольш небяспечнага ворага. 3 пачатку XIII ст., захапіўшы ў Полацка Ніжняе Падзвінне, крыжакі не спынілі далейшага націску на крывіцкую зямлю, робячы на яе рабаўнічыя набегі і беручы ў палон яе людзей. Усё гэта знясільвала Полацкую зямлю. Абарона Полаччыны, якая з’яўлялася важнейшай складовай часткаю ВКЛ як у эканамічных, так і ў культурных адносінах, станавілася галоўнай задачай дзяржавы, што і знаходзіла выяўленне ў дзейнасці Гедзіміна.
Наколькі князя непакоілі беды, што прыносілі крыжакі Полацкай зямлі, сведчыць яго пасланне біскупам дэрпцкаму, эзэльскаму, дацкаму намесніку Рэвельскай зямлі і Радзе г. Рыгі ад 22 верасня 1324 г. Вось красамоўнае сведчанне таго, што тварылі крыжакі: уварваўшыся «ў зямлю полацкую, яны яе варожа разарылі, людзей і коней захапілі… таксама роўна 40 дзён пасля гэтага яны зноў, як драпежныя варвары, жорстка спустошылі тую зямлю, бязлітасна забілі 80 людзей, а некаторых павялі з сабою разам з 50 коньмі, адзеннем і іншым дабром». Трэба думаць, што пасланне Гедзіміна і прынятыя ім захады аб спыненні такіх дзеянняў з боку лівонцаў мелі вынікі.
Крыжацкая пагроза для Полацка ішла непасрэдна з боку Лівонскага ордэна, паміж якім, з аднаго боку, і з рыжскім архібіскупам і магістратам Рыгі, з другога, ужо доўгі час існавала ўзаемная варожасць. Гэтую акалічнасць і выкарыстаў Гедзімін: ён стаў на бок Рыгі, што дыктавалася інтарэсамі Полацка, для якога выгадна было трымаць гандлёвыя сувязі з Рыгай. Немалаважным было і тое, што гэта намнога аслабляла пазіцыю Лівонскага ордэна і змушала яго на заключэнне міру, што найперш ішло на карысць таксама Полацка.
Апроч таго, Гедзімін імкнуўся выклікаць з еўрапейскіх краін у сваю дзяржаву каланістаў, найперш рознага роду рамеснікаў, якія б пашыралі сваё высокае майстэрства і культуру сярод насельніцтва ВКЛ. Трэба зазначыць, што тут Гедзімін браў прыклад з Полацка, які ўжо з даўніх часоў меў цесныя сувязі з Захадам, заключаў з Рыгаю гандлёвыя ўмовы. У выніку ў галоўным горадзе крывічоў і ў іншых цэнтрах яго зямлі жыло нямала выхадцаў з заходніх краін, што садзейнічала больш высокаму ўзроўню яго культуры ў параўнанні з іншымі землямі ВКЛ. Усё гэта не магло застацца па-за ўвагаю Гедзіміна. У 1323 г. ён накіраваў некалькі пасланняў да жыхароў заходніх гарадоў з запрашэннем пераязджаць у яго дзяржаву, дзе ім будуць забяспечаны выгадныя ўмовы. Рыжскі магістрат паспрыяў вялікаму князю, падрадзіўшыся рассылаць гэтыя пасланні па гарадах, куды яны былі адрасаваныя, і паручыўшыся за іх сапраўднасць. Як бачым, саюз з Рыгай даваў Вялікаму княству значныя выгоды.
Пра што пасведчыў летапіс пад 1326 г.
Палітыка Гедзіміна ў адносінах да Рыгі і Ордэна і прывяла да заключэння ў 1326 г. міру, адначасова і з немцамі, і з Ноўгарадам. Аб гэтым у летапісе зроблены такі запіс: «того же лета приехаша послы из Литвы брат Гедиминов князя литовского воин Полоцкий Василий Менский князь Федор Святославич и доконаша мир с Новгородци и с Немци». Хаця гэты запіс, як мы бачым, вельмі лаканічны і таму ў многім таямнічы, аднак ён захоўвае важную для нас інфармацыю. Мы ў свой час ужо разглядалі гэты запіс у сувязі з высвятленнем прыналежнасці названых тут гістарычных асобаў і прыйшлі да высновы, што гаворка ідзе тут не пра трох, як гэта сцвярджалася некаторымі даследчыкамі, а пра двух чалавек: пра полацкага валадара, княжацкае імя якога было Воін, а хрысціянскае — Васілій, і пра менскага князя Фёдара Святалавіча.
Што ж да таго, ці быў Воін-Васілій братам Гедзіміна, як аб гэтым сказана ў летапісе, то адзначым, што ў некаторых іншых крыніцах (летапіс Аўраамкі, Сафійскі I, Ніканаўскі, Васкрасенскі і інш.) аб гэтых асобах сказана не «брат», а «братня», гэта значыць, што не толькі Воін-Васілій, але і Фёдар Святаславіч быў братам Гедзіміна. Апошні факт прымушае сумнявацца, ці былі яны абодва братамі Гедзіміна. Як ужо намі адзначалася, у князёў быў звычай называць адзін аднаго братам нават пры адсутнасці сваяцтва. Усё гэта дае важкія падставы сумнявацца ў тым, што Воін-Васілій, а тым болей Фёдар Святаславіч, былі братамі Гедзіміна.
Але найбольшую цікавасць у высвятленні асобы Воіна ўяўляе тое, што адзначанае летапіснае паведамленне — адзінае сведчанне пра гэтага князя. I тут паўстае пытанне: калі ён пачаў княжыць у Полацку? У свой час В. Данілевіч меркаваў, што Воін мог стаць полацкім князем толькі пасля смерці Віценя, які, маўляў, у 1307 г. захапіў Полацк і, далучыўшы яго да сваіх уладанняў, не даў яму асобнага князя, пра што нібыта сведчыць грамата епіскапа Якава. Мы ўжо казалі пра выдуманасць полацкіх падзей, якія нібыта адбываліся ў 1307 г. Віцень не мог заваёўваць Полацк, бо ў гэтым не было патрэбы, паколькі Полацкая зямля ўвайшла ў склад BKЛ яшчэ ў 60-х гг. XIII ст. пры Войшалку. Тое, што Полацкая грамата была пасланая ў Рыгу ад імя епіскапа, яшчэ не гаворыць аб адсутнасці ў Полацку князя. Епіскап падпісваў граматы і тады, калі ў Полацку быў князь, як гэта мы бачым у 1328 г. Такім чынам, час пачатку княжання Воіна ў Полацку для нас застаецца зацемненым, але імя яго яскрава сведчыць, што ён належаў да полацкай дынастыі, якая, як бачна, прадаўжала панаваць у сваёй спадчыннай зямлі, у той час як ва ўсёй дзяржаве панавала яе віленскае адгалінаванне.
Паказальна таксама і ўпамінанне менскага князя. На працягу амаль 170 гадоў з часу, калі ён вёў міжусобную барацьбу з Полацкам, у 50–60-х гг. XII ст., Менск быў знік з нашых летапісаў, і мы нічога не ведаем аб яго гісторыі ў гэты час. I вось, як выяўляецца, Менск не толькі не заняпаў у сваім развіцці, але і захаваў свой удзел, а гэта значыць, што ён меў значную палітычную вагу ў дзяржаве, да якой належаў. Пра гэта сведчыць і важнае дзяржаўнае даручэнне, што выконваў менскі князь.
Менавіта пасольская місія полацкага і менскага князёў уяўляе для нас найбольшую цікавасць. Вядома ж, такое даручэнне гэтым князям не было выпадковым. Па-першае, мы маем яскравае сведчанне таго, хто выконваў дыпламатычныя даручэнні Гедзіміна — прадстаўнікі беларускіх земляў. Па-другое, гэта адначасова сведчыць, што ў міры з Ноўгарадам і немцамі былі найперш зацікаўлены Полацкая і Менская землі. Мір падпісваўся адначасова з двума праціўнікамі, і гэта забяспечвала на пэўны час знешнюю бяспеку.
І хрысціянства, i язычніцтва
У гістарычнай літаратуры пануе думка, што BKЛ да Крэўскай уніі было язычніцкай дзяржавай і што, натуральна, яе ўзначальвалі вялікія князі-язычнікі. Аднак такое сцверджанне, як і шэраг іншых, што датычыць гісторыі гэтай дзяржавы, з’яўляецца вынікам тэндэнцыйнасці даследчыкаў, якія наўмысна не ўлічвалі відавочныя гістарычныя факты.