Спеў аб Гаяваце
- Автор: Лангфэла Гэнры
- Год: 1969
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Переводчик: Аркадий Александрович Кулешов
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Спеў аб Гаяваце». Краткое содержание книги:
Сусветную вядомасць Гэнры Лангфэла прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў. Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай.
Перейти на страницу:
Ледзь лавіў асілак слыхам
Гоман хваль, што б'юцца ў бераг,—
Нібы вецер сярод сосен
Карагодзіў над вадою,
Быццам гэта легіёны
Духа Сну над ім луналі,
Іх дыханне чуў на шчоках,
На чале сваім — удары
Іх маленькіх тамагаўкаў.
Ад іх першага нападу
Ап'янеў, нібы ад хмелю,
Ад другога ўдару — самі
Рукі выпусцілі вёслы,
Трэці ўдар — і наваколле
Захадзіла карагодам,
Моцным сном забыўся Квазінд.
Так ён плыў уніз па рэчцы,
Як сляпы, сядзеў у лодцы,
Несла плынь яго павольна
Пад галінамі ляснымі,
Пад атрадамі Пігмеяў,
Пок-Уэджыс, што ў таемных
Спратах Квазінда чакалі.
З тых засад Малыя Людзі
Шышкі кідалі ў асілка
I траплялі імі ў плечы,
I траплялі імі ў цемя.
Чуўся крык іх ваяўнічы:
«Смерць асілку! Смерць асілку!»
I тады хіснуўся Квазінд
I ў раку перакуліўся,
Галавой уперад — гэтак,
Як у вір нырае выдра;
Без грабца адна пірога —
Дном угору ўніз па плыні —
Паплыла па Такваміна,
Што асілка пахавала.
Але памяць пра асілка
Разам з ім не пахавана;
I калі зімою ў лесе
Векавыя дрэвы трушчыць
На кавалкі завіруха,—
«Гэта Квазінд! — кажуць людзі,—
Гэта Квазінд ходзіць лесам,
На апал хмызняк збірае!»
Не бывае так ніколі,
Што сцярвятнік нападае
На параненага звера
Без таго, каб за ахвярай
Не сачыў другі сцярвятнік,
Не ляцеў услед за першым,
Каб за імі не з'явіўся
Потым трэці і чацвёрты,
Аж пакуль не пацямнее
Ад драпежнай зграі неба.
Як драпежнікі, прыходзяць
За адной бядой другія
Да абранае ахвяры;
Першы раз прыходзяць ценем,
Потым болем, потым горам,
Аж пакуль не пацямнее
Над здабычай іх няшчаснай
Свет увесь ад страт пакутных.
Пібаан прыйшоў на Поўнач,
Зноў ваду сваім дыханнем
Ён скаваў, ператварыўшы.
Перейти на страницу: