Вечары на хутары ля Дзіканькі
- Автор: Гоголь Николай Васильевич
- Год: 1950
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР
- Переводчик: Максім Лужанін
- Жанр: Русская классическая проза
Электронная книга - «Вечары на хутары ля Дзіканькі». Краткое содержание книги:
Нябожчык дзед быў чалавек, не тое, каб з палахлівага дзесятка; бывала, сустрэне ваўка, так і хапае проста за хвост; пойдзе з кулакамі праміж казакаў, — усе, як ігрушы, валяцца на зямлю. Аднак-жа штосьці пашкрабвала яго па скуры, калі ўвайшоў ён у такую глухую ноч у лес. Хоць-бы зорачка на небе. Цёмна і глуха, як у вінным падвале; толькі чуваць было, што далёка-далёка ўгары, над галавою, халодны вецер гуляў па верхавінах дрэў, і дрэвы, як захмеленыя казацкія галовы разгульна пагойдваліся, шапочучы лісцем п'яную гамонку. Як вось павеяла такім холадам, што дзед успамянуў і пра аўчынны кажух свой, і раптам нібыта сто молатаў застукала па лесе такім стукам, што ў яго зазвінела ў галаве. І нібы зарніцаю, асвятліла на хвіліну ўвесь лес. Дзед адразу-ж убачыў сцяжынку, што пракрадалася праміж дробнага хмызняка. Вось і абсмаленае дрэва і кусты цярніны! Так, усё так, як было яму казана; не, не падмануў карчмар. Аднак-жа не зусім весела было прадзірацца праз калючыя кусты; яшчэ зроду не здаралася бачыць яму, каб праклятыя калючкі і сучча так балюча драпаліся: амаль на кожным кроку забірала яго войкнуць. Пакрысе выбраўся ён на прасторнае месца, і, колькі мог заўважыць, дрэвы радзелі і рабіліся, чым далей, такія шырокія, якіх дзеду не траплялася бачыць і па той бок Польшчы. Зірк, паміж дрэў мільганула і рэчка, чорная, нібы варанёная сталь. Доўга стаяў дзед каля берага, паглядаючы ва ўсе бакі. На другім беразе гарыць агонь і, здаецца, вось-вось рыхтуецца згаснуць, і ізноў адсвечваецца ў рэчцы, якая ўздрыгвала, як польскі шляхціц у казацкіх лапах. Вось і масток! Ну, тут адна толькі хіба чартоўская калымажка праедзе. Дзед, аднак-жа, ступіў смела, і хутчэй, чым-бы іншы паспеў дастаць ражок і панюхаць табакі, быў ужо на другім беразе. Цяпер толькі разгледзеў ён, што каля агню сядзелі людзі, і такія прывабныя храпы, што іншым часам, бог ведае, чаго-б не даў, абы толькі адкараскацца ад гэтага знаёмства. Але цяпер, няма чаго рабіць, трэба было завязацца. Вось дзед і паклаў ім паклон, амаль што ў пояс: «Памагай бог вам, добрыя людзі!» Хоць-бы адзін матнуў галавою; сядзяць ды маўчаць, ды нешта сыплюць у агонь. Бачачы адно месца незанятае, дзед без усякіх акалічнасцей сеў і сам. Прывабныя храпы нічога; нічога і дзед. Доўга сядзелі моўчкі. Дзеду ўжо і надакучыла: давай мацаць у кішэні, дастаў люльку, зірнуў наўкол — ніводзін не глядзіць на яго. «Ужо, дабрадзейства, будзьце ласкавы; як-бы так, каб, да прыкладу сказаць, таго…» (дзед пажыў на свеце нямала, ведаў ужо, як падпускаць турусы, і пры выпадку, бадай, і перад царом не ўдарыў-бы тварам у гразь) «каб да прыкладу сказаць, і сябе не забыць, і вас не пакрыўдзіць, — люлька вось у мяне ёсць, ды таго, чым запаліць яе, чорт-ма (няма)». І на гэту прамову хоць-бы слова; толькі адна храпа тыцнула гарачую галавешку просценька дзеду ў лоб, так, што, калі-б ён крыху не адхіліўся, дык, магло здарыцца, развітаўся-б навекі з адным вокам. Бачачы, нарэшце, што час дарэмна праходзіць, наважыў — ці будзе слухаць нячыстае племя, ці не — растлумачыць справу. Храпы і вушы паставілі, і лапы працягнулі. Дзед здагадаўся, забраў у жменю ўсе грошы, якія былі з ім, і кінуў нібыта сабакам ім у сярэдзіну. Як толькі кінуў ён грошы, усё перад ім перамяшалася, зямля задрыжала, і як ужо — ён і сам расказаць не ўмеў, — трапіў ледзь не ў самае пекла. Бацюхны мае! ахнуў дзед, разгледзеўшы добра: што за страшыдлы! храпы на храпе, як кажуць, не відно. Вядзьмарак такая процьма, як здараецца часамі на Каляды выпадае снегу: паўбіраны, размазаны, быццам панначкі на кірмашы. І ўсе, колькі ні было іх там, як захмялелыя, вытанцоўвалі нейкага чартоўскага трапака. Пыл паднялі, хавай божа, які! Дрыжыкі-б пранялі хрышчанага чалавека толькі пабачыўшы, як высока скакала чартоўскае племя. Дзеда, не зважаючы на страх увесь, смех узяў, калі ўбачыў, як чэрці з сабачымі мордамі, на нямецкіх ножках, верцячы хвастамі, улягалі за вядзьмаркамі, быццам хлопцы за прыгожымі дзяўчатамі; а музыкі лупілі сябе ў шчокі кулакамі, нібы ў бубны, і свісталі насамі, як у валторны. Толькі згледзелі дзеда, і пацягнуліся да яго ардою. Свіныя, сабачыя, казліныя, драфіныя, конскія храпы — усе панастаўляліся, і вось так і лезуць цалавацца. Плюнуў дзед, такая брыдота напала! Нарэшце, схапілі яго і пасадзілі за стол, даўжынёю, можа, з дарогу ад Канатопа да Батурына. «Ну, гэта яшчэ не зусім кепска», падумаў дзед, пабачыўшы на стале свініну, каўбасы, крышаную цыбулю з капустаю і шмат розных прысмакаў: «відаць, д'ябальская сволач не прытрымліваецца пастоў». Дзед-такі, не шкодзіць вам ведаць, не мінаў выпадку перахапіць таго-сяго на зубы. Еў нябожчык са смакам; і таму, не кідаючыся ў размовы, падсунуў да сябе міску з нарэзаным салам і шынку вяндліны; узяў відэлец, мала чым меншы за тыя вілкі, якімі мужык бярэ сена, захапіў ім самы здаравенны кавалак, падставіў скарынку хлеба і — зірк, і ўкінуў у чужы рот. Вось-вось, каля самых вушэй, і чуваць нават, як нечая морда жуе і клацае зубамі на ўвесь стол. Дзед нічога; схапіў другі кавалак і вось, здаецца, і па губах зачапіў, толькі ізноў не ў сваё горла. Трэці раз — ізноў міма. Узгарэўся дзед і забыў і страх, і ў чыіх лапах знаходзіцца ён. Прыскочыў да вядзьмарак: «Што вы, ірадава племя, уздумалі смяяцца з мяне, ці што? Калі не аддасце, у гэтую-ж хвіліну, мае казацкай шапкі, дык будзь я католік, калі я не паперакручваю свіных лычоў вашых на патыліцу!» Не паспеў ён дакончыць апошніх слоў, як усе страшыдлы выскалілі зубы і паднялі такі смех, што ў дзеда на душы захаланула. «Добра!» правішчэла адна з вядзьмарак, каторую дзед палічыў за старэйшую над усімі таму, што лічына ў яе была бадай ці не прыгажэй за ўсіх; «шапку аддадзім табе, толькі не раней, пакуль згуляеш з намі тры разы ў дурня!» Што ты загадаеш рабіць? Казаку сесці з бабамі ў дурня! Дзед аднеквацца, аднеквацца, нарэшце сеў. Прынеслі карты, замасленыя, якімі толькі ў нас папоўны варожаць пра жаніхоў. «Слухай-жа!» забрахала вядзьмарка другі раз: «калі хоць раз выйграеш — твая шапка; калі-ж усе тры разы застанешся дурнем, дык не пакрыўдуй, не толькі шапкі, можа, і свету болей не ўбачыш!» «Картуй, картуй, хрычоўка! Што будзе, дык будзе!»