Вечары на хутары ля Дзіканькі
- Автор: Гоголь Николай Васильевич
- Год: 1950
- Язык: белорусский
- Год: Дзяржаўнае выдавецтва БССР
- Переводчик: Максім Лужанін
- Жанр: Русская классическая проза
Электронная книга - «Вечары на хутары ля Дзіканькі». Краткое содержание книги:
Казакі нашы ехалі-б, можа, і далей, каб не абцягнула ўсяго неба ноччу, быццам чорнай дзяругаю, і ў полі не зрабілася таксама цёмна, як пад аўчынным кажухом. Здалёк толькі мільгаў агеньчык, і коні, чуючы блізкае стойла, спяшаліся, насцярожыўшы вушы і ўкаваўшы вочы ў змрок. Агеньчык, здавалася, імчаўся насустрач, і перад казакамі паказалася карчма, якая пахілілася на адзін бок, быццам баба па дарозе з вясёлых хрэсьбін. У тыя часы корчмы былі не тое, што цяпер. Добраму чалавеку не толькі разгарнуцца, прыўдарыць горліцы або гапака, прылегчы нават не было дзе, калі ў галаву ўбярэцца хмель і ногі пачнуць пісаць пакой-он-по. Двор быў увесь застаўлены чумацкімі вазамі; пад паветкамі, у яслях, у сенцах, адзін скруціўшыся, другі распрастаўшыся, храплі, як каты. Карчмар адзін перад каганцом наразаў рубчыкамі на кійку, колькі кварт і асьмух высушылі чумацкія галовы. Дзед, узяўшы траціну вядра на трох, накіраваўся ў хлеў. Усе трое ляглі поруч. Толькі паспеў ён павярнуцца, як бачыць, што яго землякі спяць ужо мёртвым сном. Пабудзіўшы прыстаўшага да іх трэцяга казака, дзед памянуў яму пра дадзенае таварышу абяцанне. Той узняўся крыху, працёр вочы і зноў заснуў. Што паробіш, давялося аднаму вартаваць. Каб чым-небудзь разагнаць сон, агледзеў ён вазы ўсе, даведаў коней, закурыў люльку, прышоў назад і сеў зноў каля сваіх. Усё было ціха, так што, здавалася, ніводная муха не праляцела. Вось і здаецца яму, што з-за суседняга воза нешта шэрае вытыркае рогі… Тут вочы яго пачалі сплюшчвацца так, што змушан быў штохвіліны праціраць кулаком і прамываць рэшткамі гарэлкі. Але як толькі праясняліся вочы, усё прападала. Нарэшце, трохі пачакаўшы, зноў паказваецца з-пад воза страшыдла. Дзед вылупіў вочы колькі здужаў; але праклятая дрымота ўсё туманіла перад ім; рукі яго адзервянелі; галава скацілася, і моцны сон схапіў яго так, што ён паваліўся нібы забіты. Доўга спаў дзед, і як прыпякло ніштавата ўжо сонца яго выгаленую макавіну, тады толькі ўсхапіўся ён на ногі. Пацягнуўшыся разы два і пачухаўшы спіну, заўважыў ён, што вазоў стаяла ўжо не гэтак шмат, як з вечара. Чумакі, відаць, пацягнуліся яшчэ ў досвіткі. Да сваіх — казак спіць, а запарожца няма. Выпытваць — ніхто ведаць не ведае, адна толькі верхняя світка ляжала на тым месцы. Страх і роздум апанавалі дзеда. Пайшоў паглядзець коней — ні свайго, ні запарожцавага! Што-б гэта значыла? Скажам, запарожца хапіла нячыстая сіла, а коней хто? Абмеркаваўшы ўсё, дзед скеміў, што, відаць, чорт прышоў пеша, а паколькі да пекла не блізка, дык і падхапіў яго каня. Балюча яму было вельмі, што не стрымаў казацкага слова. «Ну», думае, «няма чаго рабіць, пайду пеша: а можа трапіцца на дарозе які-небудзь барышнік, што едзе з кірмаша, як-небудзь ужо куплю каня». Толькі хапіўся за шапку — і шапкі няма. Спляснуў рукамі нябожчык дзед, як успомніў, што ўчора яшчэ памяняліся яны на час з запарожцам. Каму больш украсці, як не нячысціку. Вось табе і гетманскі ганец! Вось табе і прывёз грамату да царыцы! Тут дзед узяўся частаваць чорта такімі мянушкамі, што, думаю, яму не аднойчы чхалася ў пекле. Але лаянкаю мала паможаш; а патыліцу колькі ні чухаў дзед, ніяк не мог нічога прыдумаць. Што рабіць? Кінуўся даставаць чужога розуму: сабраў усіх добрых людзей, што былі ў шынку, чумакоў і проста заезджых, і расказаў, што так і так, такое напаткалася гора. Чумакі доўга думалі, падпёршы батагамі падбародкі свае; круцілі галовамі і сказалі, што не чулі такога дзіва на свеце, каб гетманскую грамату выкрадаў чорт. Другія-ж дадалі, што калі чорт ды маскаль украдуць што-небудзь, дык успамінай, як і звалі. Адзін толькі карчмар сядзеў моўчкі ў кутку. Дзед і падступіў да яго. Ужо калі маўчыць чалавек, дык, пэўна, шмат загроб розуму. Толькі шынкар не надта быў шчодры на словы; і калі-б дзед не палез у кішэнь па пяць злотых, дык прастаяў-бы перад ім дарэмна. «Я навучу цябе, як знайсці грамату», сказаў ён, адвёўшы яго ўбок. У дзеда і на сэрцы палягчэла. «Я па вачах ужо бачу, што ты казак — не баба. Глядзі-ж! блізка карчмы будзе паваротка направа ў лес. Толькі пачне ў полі змяркацца, каб ты быў ужо напагатове. У лесе жывуць цыганы і выходзяць з нор сваіх каваць жалеза ў такую ноч, у якую адны вядзьмаркі ездзяць на качэргах сваіх. Чым яны займаюцца сапраўды, табе ведаць не трэба. Шмат будзе грукату па лесе, толькі ты не ідзі ў тыя бакі, адкуль учуеш грукат; а будзе перад табою малая сцяжынка, каля абсмаленага дрэва, дарожкаю гэтаю ідзі, ідзі, ідзі… Пачне цябе цярніна драпаць, густы арэшнік засланяць дарогу — ты ўсё ідзі; і як прыдзеш да невялікай рэчкі, тады толькі можаш спыніцца. Там і ўбачыш, каго трэба; ды не забудзься набраць у кішэні таго, для чаго кішэні і пароблены… Ты разумееш, гэта дабро і д'яблы, і людзі любяць». Сказаўшы гэта, шынкар пайшоў у свой катух і не хацеў больш гаварыць ні слова.