Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Любіць ноч — права пацукоў
Любіць ноч — права пацукоў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Любіць ноч — права пацукоў

Электронная книга - «Любіць ноч — права пацукоў». Краткое содержание книги:

Творы Юрася Станкевіча — пранізлівыя і праўдзівыя, жорсткія і рэалістычныя, жаласлівыя і праварадыкальныя адначасова… У нейкім сэнсе яны прэзентуюць сабой новы беларускі экзістэнцыялізм — як у Быкава, толькі па-сучаснаму, без цэнзуры, без саўка.
У рамане «Любіць ноч — права пацукоў» галоўны герой такі разбірае нетрывалыя цагліны са сцяны камеры і вяртаецца ў жыццё, каб уратаваць, адпомсціць, наўпрост жыць далей — калі канешне застанецца жывы… Твор пра нас — пра Беларусь такую, якая яна ёсць. Усё тое, пра што вы не маглі прачытаць на занятках «беларускай літаратуры» у школе. (c) Малады Фронт
1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34
Перейти на страницу:

        дарэчы, мае зняволенне і пагроза забойства, тэатральшчына з вяроўкай, якую ў камеру падкінулі, — таксама вашы задумкі?

і чужынец толькі надзьмуў пульхныя шчокі і паведаміў, што тое далека не тэатральшчына, бо жыццё яго, Данілы Прусака, было ў той час не вартае пляўка, няхай успомніць Кліма Фралова, тутэйшага гаспадара, Даніла ж Прусак спытаў

        вы прызнаяце і гэтае забойства?

а той толькі ўсміхнуўся шматлікімі залатымі каронкамі зубоў і сказаў, што забіваюць не яны, а тутэйшыя ж тутэйшых, і будуць гэта рабіць і далей, і яго, Данілу, таксама калі-небудзь заб’юць, бо такія, як ён, не выжываюць, і нават калі ён выйграе сёння — то заўтра будзе ўсё роўна ў пройгрышы

        а тэпэр иды и адпусти сына

сказаў ён і крыкнуў у дзверы

        покажите ему Василину!

і мужчыну павялі да хляўка, адчынілі дзверы, запалілі святло, і ён ўбачыў у лужыне крыві пакаёўку чужынцаў — вены на яе звязаных руках былі перарэзаны, не інакш, твар і выскаленыя зубы запэцкаліся ў крыві, яна была яшчэ жывая і, убачыўшы Данілу Прусака, прахрыпела

        я забіла

і ўсё цягнулася да чужынцаў, прагнула быць з імі і прасіла

        забярыце мяне, забярыце альбо дабіце

мужчына здзівіўся ў душы гэтай халопскай адданасці і халопскай жорсткасці і пайшоў прэч, а праз некалькі хвілін пачаўся ад’езд: раўлі перагружаныя машыны чужынцаў, крычалі дзеці і падлеткі, а мужчына пайшоў у свой дом, знайшоў бутэльку з бензінам і абліў у пакоях былой фралоўскай сядзібы і падпаліў, а праз некалькі хвілін дом ужо гарэў, і ён сказаў у ноч

        больш сюды не вернецеся

і толькі скрыгатнуў зубамі, уявіўшы сабе, як праз якую гадзіну-паўтары, якраз на зыходзе ночы, гэтыя ж чужынцы ўедуць на ўскраіну вялікага горада, сталіцы, і зоймуць спачатку дом, які ўжо раней быў імі прыгледжаны, а потым і куплены, і, як пацукі, да раніцы ўладкуюцца ў ім, і ўсё пойдзе ў іх там, як і тут да сённяшняй ночы — толькі з большым імпэтам: пацягнуцца да іх у цемру таксі за «дур’ю» і «шмалем», пойдуць на вуліцы іх дзеці, але ўжо не для таго, каб прыкідвацца жабракамі, а з пакецікамі парашку, які будуць у іх купляць на тых жа вуліцах напаўапантаныя недавяркі, зрушаныя на дурной модзе, шматлікія расчараваныя ў жыцці, розныя няўдачнікі і проста апушчэнцы ды хворыя на замаскіраваны суіцыд, а да лаўкі перад брамай іх кубла пацягнуцца мясцовыя дзяўчаты і стануць манерна адстаўляць пальцы і хіхікаць юрліва

        хехехехе

а потым зацяжараць і народзяць мяшанцаў, і гэта будзе працягвацца ва ўсё большых і большых памерах, і Даніла Прусак успомніў словы іх галоўнага, іх правадыра, і на імгненне яму стала вусцішна, але ён адразу адкінуў гэта пачуццё, і зноў, амаль не тоячыся, пайшоў да старога, і ніхто не сустрэўся яму ў цемры, хіба што праімчалася насустрач пажарная машына з уключанай сірэнай, ды толькі ці знойдуць там, што тушыць, — думаў ён, — і азірнуўся на паланіцу, а потым яны выпусцілі са склепа заложніка, і стары трос у таго перад носам карабінам і пужаў

        зараз шваркну наглуха

і заложнік мяняўся з твару, станавіўся шэрым, як ляжалае сала, і прасіў умольна

        отпусты, отец заплатит деньги

а стары не сунімаўся

        на зону б цябе, вылупня, адразу б акруглілі

і пытаўся ў мужчыны

        можа, адрэжам яму тое-сёе?

і ўрэшце, узнагародзіўшы выспяткам, выгнаў таго прэч, і Даніла Прусак упершыню ўсміхнуўся, а раніцай стары схадзіў на рынак і прынёс адтуль труса, белага колеру і з чырвонымі вачыма, і даўнёнак карміў яго дзьмухаўцамі і казаў

        Піля

і паўтараў

        ПіляПіляПіля

і глядзеў бяздумна, як чырвоны дыск сонца ўздымаецца над даляглядам, высвечваючы друхлыя будынкі і кволыя, самотныя дрэвы і траву пад імі, і гаварыў

        мы грэбаныя псіхі

Студзень-жнівень 1998

1 ... 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)