Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
— Патупаем, Орлік, цішэй, цішэй, не вельмі падскоквай: сёння папацягаць прыйдзецца плужок.— І яна пайшла берагам, пакідаючы доўгія сляды на зараселай траве. Без аброці і повада, як паслухмяны шчанюк, следам за Мальвінаю ішоў Орлік.
Яны звярнулі ў вузкую вулачку паміж валам і платамі гародаў, што ўпіналіся ў топкі куп'істы выган. Абапал сцежкі густа разросся запылены лапушысты дзядоўнік, пахла прывялымі рамонкамі, на схілах вала гергеталі чароды гусей з ладнымі, пацямнелымі ўжо гусянятамі. Насустрач ішлі жанкі — хто з каромыслам па рачную ваду, хто на каламажцы вёз паласкаць бялізну; і ўсе ветліва здароўкаліся з Мальвінаю, аклікалі Орліка, і ён у адказ матляў прыгожай, высока паднятай галавою. Светлай, у яблыкі, масці, ён здаваўся ўкрытым лёгкім туманом, даверліва цягнуўся мяккімі губамі да кожнай выстаўленай далоні і далікатна браў драбочак цукру, цукерчыну ці кавалачак батона. Мальвіна верыла, што Орлік разумее кожнае яе слова: калі хваліла і лашчыла, ён цёрся аб яе плячо і выскаляў буйныя пазелянелыя зубы, а ўшчувала — вінавата згінаў галаву і прыплюшчваў вялікія фіялетавыя вочы, ступаў павальней, баючыся гаспадынінага гневу. Мальвіна жартам казала, што праводзіць з ім выхаваўчыя гутаркі, і ён іх засвойвае лепш за любога неслуха.
Мальвіна выняньчыла Орліка з першых дзён, выкарміла з соскі, аб'ездзіла, прывучыла да хамута і аглабель, сядла і плужка, навучыла слухацца таго, хто трымае повад, прыняты з яе рук, асцерагацца чужога.
На першых парах яна клікала яго сірацінай, шкадавала, як малое дзіця, а як толькі стаў пруткім і порсткім жарабком, ахрысціла Орлікам. Ён прыняў новае імя, заіржаў і пабег за сваёй гаспадыняй.
Да Мальвіны ён трапіў от як.
У мясцовым лясніцтве трымалі немаладую кабылу. На ёй па абходах і кардонах ездзіў ляснічы, вясною даваў аб'ездчыкам і леснікам заворваць соткі, абганяць бульбу, цягаць на гала сена, зімою — прывезці дроў.
Пад восень кабыла ажарабілася, і побач з ёю пабег шустры, танканогі, беленькі сысунок. Аднаго разу ляснічы ноччу вяртаўся з далёкіх дзялянак. Пакрапаў, а потым і добра разышоўся дождж. Дарога раскісла, колы грузлі ў залітых вадою выбоінах, коўзаліся на гліністых схілах. Ляснічы ведаў: у змроку пусці лейцы, і кабыла сама знойдзе лепшую дарогу дадому.
Уз'ехалі на хісткі масток праз нешырокую канаву. Загрукалі пад капытамі і рассунуліся слізкія жардзіны. Кабыла асунулася і прысела на заднія ногі. Ляснічы хвастануў яе ляйчынаю, нокнуў, спадзеючыся, што выскачыць на тупкую дарогу. А кабыла — ні з месца. Валіцца на правую аглабіну і жаласна стогне. Жарабя лёгка пераскочыла масток, адбеглася трохі, азірнулася на маці і залілося звонкім іржаннем. Ляснічы злез, чыркнуў запалку, яна толькі бліснула і патухла на ветры. Але ён паспеў заўважыць, што правая нага правалілася паміж жардзінамі, левая — выцягнулася на гразкім насціле. Кабыла тузаецца, сіліцца ўстаць, але не здолее выцягнуць нагу, а пад заднімі капытамі круцяцца аслізлыя плашкі скіданага натандэнт мастка.
Ляснічы пацягнуў за аброць кабылу, а яна толькі стогне, матляе галавою і хіліцца на правую аглабіну. Пад'ехалі дзве фурманкі сельпо. Вазакі пазналі ляснічага. Адзін пасвяціў ліхтарыкам :
— А ё-ё-ма-а-ё! Гэта ж гатовая пастка! — загадаў маладзейшаму.— Адскоч, пашукай добрага дрына. Можа падважым пад чэрава і паможам выскачыць.
Знайшоўся мокры слізкі калок. Падвялі яго пад перад, пяліся, пяліся, кракталі, кракталі і сяк-так выбавілі кабылу на масток. Яна стаіць на трох нагах і ні з месца. Сагнутая ў калене правая нага вісіць, як пусты рукаў. Памацалі — капыт целяпаецца.
— Ну, усё. Пішы прапала. Адбегала Сіўка. Во, бачыце,— зламаная. Конскія косці не зрастаюцца. Яны, як шкляныя,— вынес прысуд стары сельпоўскі вазак,— цяпер, шчытай, шкура ды цэнтнер фашыркі. І то старая.
— Што ж, хлопцы, рабіць? — развёў рукамі ў роспачы ляснічы.
— Адна рада — дастрэліць і на камбінат.
І сельпоўцы ўзяліся закладаць, замошчваць дзіркі ў мастку. Папіхаючы вазок ляснічага і прытрымліваючы за аброць атрыножаную кабылу, ледзьве сцягнулі яе на абочыну, асцярожна перавялі сваіх коней і паехалі ў мястэчка.
З-за хмары выкаціўся замурзаны месяц, асвяціў куп'істае балота, чорныя стажкі паміж лазняку, пасохлы аер і сітнік на беразе ржавай канавы. Кабыла ўздрыгвала змакрэлай скурай, бездапаможна вісела перабітая нага, а гарэзлівае жарабятка падбегла да маці, падсунула галоўку пад сцягняк і пачало таўчы ў вымя. Яго злосна адагнаў прыгнечаны і разгублены ляснічы. Ён стаяў на ўзбочыне гразкай дарогі і не ведаў, што рабіць.