Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
Пакрысе сцежка рабілася трывалейшаю, аднекуль даляталі гамана і гул, а з-за бярэзніку паказаліся вільчыкі дахаў. Перамазаныя тванню студэнты выйшлі на сухі бераг. За алешнікам пачынаўся вялікі пасёлак. Пасярэдзіне вуліцы стаяла аплеценая сухою дзеразою арка, а паабапал — некалькі новых дамоў, далей цягнуліся доўгія баракі, павеці і свірны. Паглядзелі хлопцы адзін на аднаго, ды як зарагочуць. «Ну і артысты пагарэлага тэатра,— заліваўся Павел,— і грыміравацца не трэба. Выстаў такога на сцэну — людзі са смеху парвуцца».
Пасмяяліся, збольшага ацерабіліся і падаліся ў кантору. А калі старшыня рабачкома рассяліў брыгаду ў пустой палавіне барака, Павел сказаў хлопцам, што ў суседняй вёсцы жывуць яго сваякі і ён сходзіць іх адведаць. Хлопцы падміргнулі, усміхнуліся, каб не думаў, што яны нічога не разумеюць.
Павел выйшаў за саўгасную сядзібу і не мог паверыць, што і тут зусім нядаўна была непраходная дрыгва, як тая, што яны сёння мясілі: абапал шырокай тарфяністай дарогі ўсё балота было зрэзана шырокімі і вузенькімі стрэламі блакітных каналаў, недзе ракатаў трактар, цягнучы за сабою хвост рудога пылу, па дарозе ехалі доўгія абозы грабарак. Цёмна-карычневая зямля здалёк здавалася мяккім аксамітам.
Непадалёк ад дарогі, пад лазовым кустом, адпачывалі дзяўчаты. Каля іх ляжалі блішчастыя рыдлёўкі і клуначкі з полуднем. У стрэчнага грабара Павел спытаўся, ці так ён ідзе, і падаўся па пыльнай дарозе. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Нагрэтае паветра дрыжала і плыло, як тонкая шкляная заслона, дзынкалі вялікія авадні, у белаватым небе звінеў жаўранак, а над балотам тужліва кігікалі кнігаўкі.
Спачатку Павел азіраўся, калі яго абганялі фурманкі, а потым перайшоў на ўзбочыну, ішоў і глядзеў на роўныя прасторы асушанай зямлі, на далёкія лясы, на стракатыя фігуркі людзей. Здалося, што нехта яго даганяе. Павел азірнуўся. Следам ішла дзяўчына ў камбінезоне, у рудых кароценькіх ботах, у хустачцы, насунутай на самыя вочы. Нешта было знаёмае ў яе постаці.
— Вера! — ірвануўся насустрач Павел. Ён памкнуўся яе абняць, але яна апасліва азірнулася, працягнула маленькую цвёрдую руку і ўся засвяцілася смугляваю ўсмешкаю.
— Я ўбачыла цябе здалёк. Спачатку не паверыла, бо чакала не адсюль. Думала, прыедзеш цягніком, з таго боку,— яна кіўнула туды, дзе за паласою рудога пылу былі відны стрэхі хат, а за аселіцаю, на пясчаным узгорку, стаяў вялікі дом пад чырвонаю бляхаю.
— Ну, як ты тут?
— Як бачыш.
— Бачу і не пазнаю. Проста дзяўчына з плаката: «Пяцігодку ў чатыры гады».
Вера крышку збянтэжылася. Відаць, ёй не хацелася, каб Павел убачыў яе ў выцертым камбінезоне і ў стаптаных ботах. А камбінезон на ёй сядзеў як уліты, і ўся яна была зграбная, лёгкая і ладная. Яны гаварылі пра нешта будзённае і неістотнае: Павел расказваў, як ехалі сюды, як грузалі па дрыгве, а Вера паказвала магістральныя каналы і вузенькія нітачкі калектараў, поўныя густое тарфяністае вады.
Праз хісткі, збіты на скорую руку масток яны перайшлі на той бок ціхай Арэсы. Вада ў рэчцы была каламутная, як чорная кава.
Вера жыла ў тым самым вялікім доме, што стаяў за аселіцаю. У ім была навуковая станцыя і лабараторыя меліярацыйнага інстытута. Увесь пустыр вакол дома зарос густым, запыленым і пабялелым ад сонца палыном. Вузенькі Верын пакойчык быў падобен на кладоўку. У пазах паміж тоўстымі бярвеннямі тырчаў мох, падлога і сцены пахлі смалою. Пры акне быў жалезны ложак, замест століка на табурэце стаяў чамадан. Гаспадыня накрыла яго вышываным ручніком, паставіла маленькае люстэрка і букецік рамонкаў. Вера зняла са сцяны сукенку і выскачыла за дзверы.
У пакойчыку было ціха і халаднавата. Толькі цяпер Павел адчуў стому ад гарачыні і хады. Хацелася напіцца і апаласнуцца халоднаю вадою. Вера ўбегла ў паркалёвым плацці і ў беленькіх тапачках на босую нагу. Яна зноў была лёгкая, блізкая і знаёмая. Толькі пабялелі валасы і бровы, а залацісты загар густа пакрыў ружовыя шчокі. Яны нагадвалі даспелыя яблыкі-цыганкі.
Вера мітусілася, выскаквала з пакойчыка ў калідор, было чуваць, як сіпеў прымус, бразгалі талеркі, некалькі разоў падаў відэлец.
Імправізаваны столік паставілі пасярэдзіне пакойчыка і накрылі газетаю. Вера ўнесла пісклівую яешню. Яна пырскала і падскаквала на вялікай чорнай патэльні.