Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
Далёка за поўнач яго разбудзіў дробны стук у шыбіну. Ён падняў галаву і прыслухаўся да шэпту за акном.
— Верачка, адчыні... Ну, выйдзі на хвілінку, не бойся.— Павел маўчаў, а сэрца калацілася, нібы ў грудзях гула кузня. У шыбіну пастукалі мацней, і асіплы прастуджаны голас ужо не прасіў, а настойліва патрабаваў, каб Вера выйшла на ганак.
Месяц зайшоў на другі бок і кідаў ад дома доўгі цёмны цень, але Павел разгледзеў сілуэт высокага мужчыны ў насунутай на лоб кепачцы.
— Хто тут? Што вам патрэбна? — не вытрымаў ён.
Цень адскочыў ад акна, патупаў узад і ўперад, ухапіўся за галаву, увагнуўся і зноў падбег да акна.
— А-а-а! Вунь ты якая? Хахаля завяла. Чысценькага пусціла... А я, дурань, на цябе маліўся. Ну, ты цяпер папомніш Сашку...— Ён брыдка вылаяўся і, ламаючы крохкі палын, знік за домам.
Павел дрыготкімі пальцамі ледзьве дастаў папяросу і доўга не мог яе прыкурыць — ламаліся запалкі, не слухаліся рукі.
«Дык вось каго яна баіцца! Нейкі п'янчуга, як да сябе дадому, грукае ў шыбіну і просіць, каб пусціла». І сцежку, відаць, ведае добра. Можа, і выскаквала да яго не раз? Можа, і ён сядзеў на гэтым ложку, можа...» Павел да болю сціскаў сківіцы, прагна курыў, а думкі адна страшнейшая за другую гнялі і гнялі яго. Ён спрабаваў разважаць лагічна, але падазрэнні і крыўда былі мацней за ўсякую логіку. Успомнілася, як лёгка Вера схлусіла старой кабеце, назваўшы яго братам, як нешта ўтойвала ад яго, чагосьці баялася і была не такою, як раней. Хацелася апраўдаць яе: «Хіба ж забароніш п'янаму дурню стукаць у вокны?..» А чаму ён стукае іменна да яе? Пэўна, мае падставы. Зноў закруціліся думкі і пацягнулі ў чорны вір сумненняў, недаверу і крыўды. Святое, чыстае пачуццё пахіснулася і заплямілася. Павел доўга не мог заснуць і толькі пад раніцу забыўся кароткім трывожным сном.
Яго разбудзіла сонца. У доме было ціха і пуста. Спачатку здалося, што яму прыснілася нешта агіднае і цяжкае, але ён успомніў усе драбніцы, убачыў скамечаныя недакуркі, стаптаны пад акном палын, і зноў вярнулася горкае пачуццё абразы, недаверу і крыўды. Ён вырваў з блакнота лісток і, спяшаючыся, каб часам ніхто не зайшоў і не затрымаў яго, напісаў: «Ролю «брата» іграў як мог. Досыць камедый! Прывітанне ад Сашкі. Сёння пастукаецца зноў. Лічы, што мяне няма. П.».
Ён ціхенька выйшаў з пакоя, хацеў непрыкметна знікнуць з гэтага дома. Але, як толькі рыпнулі дзверы, з цёмнага калідора выйшла прыбіральшчыца з вялікім палыновым венікам пад пахаю.
— Мабыць, не даў вам заснуць гэты дурань. Хацела памыямі абліць, дык, чаго добрага, вокны перамалаціў бы. На гэта ў яго розуму хопіць. Бадзяўся недзе дні тры, дык ціха было, а прывалокся — і зноў грукае. Праходу вашай сястрычцы не дае.— Апошнія словы яна сказала так, што Павел апусціў вочы.
— А што гэта за тып? — спытаў ён.
— Сашка? Ат, шалапут. На трактары робіць. І зарабляе багата, і ходзіць чыста, а вып'е, як ад чэмеру, дурэе. Толькі Верачку і слухаецца. Куды ж гэта вы? Малачка папілі б.
— Схаджу на рэчку,— схлусіў Павел.
Праз густы чадны палын з гаркатою ў сэрцы ён выйшаў за вёску. На каго крыўдаваў, і сам не ведаў — на Веру, на п'янага трактарыста, а можа, на сябе. Але вярнуцца не мог — парвалася ў ім нейкая галоўная струна.
* * *
Яшчэ і цяпер пасівелы дацэнт Павел Мікалаевіч часта ўспамінае тое далёкае лета, горкі палыновы чад і першае сапраўднае каханне. Ён часта гаворыць студэнтам: «Пра ўсё трэба разважаць sine ira et studio — без гневу і прадузятасці», а сам пакутуе і дагэтуль, што не збярог сапраўднага шчасця. Чаму? Быў вельмі малады і не трымаўся гэтага мудрага лацінскага выслоўя.
МАЛЬВЫ
Памяці Вольгі Матусевіч
З утравянелага старасвецкага вала яна ўглядалася ў затуманены зарэчны выган. За павольнаю плынню ракі ў паружавелым тумане чуўся конскі тупат, іржанне і перазвон бомаў. З нахіленых над валам дуплістых парэпаных вербаў сцякалі пацяжэлыя кроплі расы. Мальвіна склала дудачкаю вялікія пасівераныя далоні і гукнула ў туман: «Орлік! Орлік! Орлік!» Азвалася доўгае звонкае ржанне. Часта і пругка затупалі спутаныя коні, а неўзабаве на мелкаводдзі захлюпала вада і ў тумане ўзніклі абрысы гарэзнага маладога каня. Ён спыніўся, высока падняў галаву, і над цішынёю росна-туманнага рання пакаціўся залівісты голас.
Мальвіна, стрымліваючы разбег з удзірванелае кручы, павольна ступала пакручанымі раматусам нагамі ў галёшах-шахцёрках.
— Ну, хадзі ўжо, хадзі, басата! — і працягнула Орліку прыселены акрайчык хлеба. Захлюпала пад нагамі вада, бліснула скасавуранае фіялетавае вока, і Орлік аксамітнымі губамі ў рэдзенькіх валасінках далікатна ўзяў з далоні хрусткі акрайчык, а Мальвіна гладзіла яго храпу і гарачую шыю. Ад дотыку далоні на сівай поўсці праступалі пыльныя плямы. Мальвіна прыгнулася, развязала набрынялае вераўчанае пута, выпрасталася, трымаючыся за ўвярэджаны крыж, і павесіла пута Орліку на шыю.