Сустрэча з самім сабою
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0050-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сустрэча з самім сабою». Краткое содержание книги:
А Павел не зводзіў з дзяўчыны вачэй. Яму здавалася, што гэта першы дзень іх супольнага шчасця, што заўсёды будзе так утульна і хораша, што яны заўсёды будуць разам, хоць пра сваё будучае яшчэ не сказалі ні слова. Толькі ў лісце ён адважыўся напісаць «кахаю», а сказаць так і не змог. Ды і ці трэба было гаварыць, калі і так усё было зразумела.
Потым яны доўга хадзілі па беразе Арэсы. Вера расказвала пра сваю нялёгкую прафесію, пра дзяўчат, якія разам з ёю капалі калектары і каналы, пра тое, як баляць набрынялыя ад вады ногі. Але яна не скардзілася.
Над далёкім борам павісла вялікае чырвонае сонца. На яго можна было глядзець не зажмурваючыся. Па дарогах ляскаталі грабаркі, падымаючы пазалочаны пыл; недзе спявалі дзяўчаты працяжную, нібыта жніўную, песню; на тарфянішчах сакаталі трактары. Павел спыніўся на пясчаным беразе.
— От цяпер бы выкупацца. Давай. А? — Ён павесіў пінжачок на ракітавы куст, не расшнуроўваючы, скінуў чаравікі, пачаў сцягваць кашулю. Вера стаяла крышку збянтэжаная. Павел зразумеў, што яна не збіралася купацца.
— А ты бяжы за кусты і з-за тае лукі выплывеш.
Калі Вера знікла за лазняком, Павел боўтнуўся ў ружаватую ад вячэрняга сонца ваду, звонка зашлёпаў сажонкамі, лажыўся на спіну і адчуваў, як з яго сплывае стома, як вялікая радасць запаўняе ўсю яго істоту. А калі пачуўся плёскат за кустамі, ён паплыў насустрач Веры. Яны пырскаліся, як малыя дзеці, смяяліся, даганялі адно аднаго, лавілі за халодныя пругкія плечы і ўпершыню былі так блізка-блізка.
У вялікі дом на пустыры вярталіся прыцемкам. Над Арэсай) і над балотамі плыў лёгкі туман, у роснай траве трашчалі конікі, каля дома ціха шапацеў палын. Яны спыніліся на ўзгорку. Павел успомніў і ціха заспяваў іх любімую песню:
Глянь, моя рибонько,— срібною хвилею
Стелется полем туман.
Ён пяшчотна прыгарнуў да сябе Веру. Усё было, як у песні: і ціхі вечар, і туман у нізінах, і яны ўдваіх пад высокім месяцам. А як толькі выйшлі на сцежку, Вера адхінулася ад яго, прыціхла, задумалася, нібыта нейкая трывога апанавала яе. Павел хацеў пакласці ёй руку на плячо, Вера адхінулася.
— Не трэба, Паўлік.
— Каго ты баішся? Мы ж дарослыя людзі, і ў нас усё, здаецца, сур'ёзна.
— Так. Але не трэба лішніх плётак. А тут любяць папаласкаць костачкі. Ты паедзеш, а мне тут жыць... Давай дамовімся: ты мой брат, дваюрадны, вядома. Будзеш спаць у маім пакоі, а я пайду да дзяўчат. Заўтра пасля абеду будзем зноў разам. На трасу мы выходзім, як толькі развіднее, і працуем да самае спёкі.
У доме чуліся галасы меліяратараў, смех і брэньканне гітары. На ганку пажылая прыбіральшчыца запраўляла лямпы. Яна Веру і Паўла правяла доўгім дакорлівым позіркам.
У змроку пакоя Вера абхапіла далонямі Паўлаву галаву і моцна прытулілася да яго.
— Як добра, што ты прыехаў. Я так чакала цябе.
— А можа, лепш было не прыязджаць, каб не хавацца пад маскаю дваюраднага брата? Ой ты, мой канспіратар! — і ён прагна пацалаваў Верыны вусны. Яна заплюшчыла вочы, слаба спрабуючы вызваліцца з яго абдымкаў.
— Ш-шалёны! Хіба ж так можна? Пацярпі трошкі, наша ўсё наперадзе,— і выбегла за дзверы. Праз адчыненую фортачку было чуваць, як прыбіральшчыца пыталася:
— Ці не новага работніка прыслалі? Жыць будзе ў нас ці на сяле?
— Не, цётачка, гэта мой дваюрадны брат з камсамольцамі прыехаў, забег адведаць, ды забавіўся. Хай пераначуе, а я да Соні пайду.
Павел упершыню чуў, што Вера ўмее так складна хлусіць, і зрабілася крышку нядобра.
Вера ўнесла лямпу і збанок сырадою.
— Не запальвай, так лепш,— папрасіў Павел.
Яны сядзелі побач, пілі малако з хлебам, спечаным на аеры, і маўчалі. У змроку заўсёды хочацца маўчаць або гаварыць шэптам. На падлозе ад святла месяца адбіўся касы квадрат акна, пад столлю пілаваў шашаль, а недзе на сяле рыпаў гармонік пад дзявочыя галасістыя прыпеўкі.
Вера паслала ложак і паказала, як зашчапіць дзверы. Яны пастаялі, прытуліўшыся адно да аднаго, Вера моцна пацалавала Паўла ў шчаку і выбегла з пакоя. Адразу зрабілася пуста і сумна. Хацелася вярнуць яе, быць разам, зноў адчуць гарачае дыханне, пах валасоў і цяпло рук. Не, ён не дазволіў бы нічога лішняга, бо вельмі паважаў і любіў яе. Ён ішоў пехатою, грузаў па дрыгве, каб толькі пабачыцца, каб сказаць усё, што думаў і адчуваў, але так і не адважыўся сказаць. А яна чамусьці выдае яго за брата, нечага баіцца і трывожна маўчыць.
Павел доўга варочаўся, курыў і ўспамінаў усё ад першае і да гэтае сустрэчы. Ён заплюшчваў вочы, але заснуць так і не змог: павекі казытала святло месяца, гарачая падушка пахла Верыным цяплом. Здавалася, працягні руку — і дакранешся да яе пругкага загарэлага пляча, але пальцы натыкаліся на шурпатыя бярвенні сцяны, думкі абрываліся, блыталіся і патаналі ў змроку сну.