Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Тая пагулянка пад міннымі выбухамі зрабіла сваю справу. Да і без таго немалых турбот прыбавілася новая. Я пільнаваў яе, дзе толькі мог. Пры кожным выпадку мерыўся збегаць у батальённы тыл. Меў некалькі непрыемнасцей з ротным. Я збіраўся ёй нешта сказаць. Самае важнае і самае першае маё слова. Толькі я прыпазніўся. Кастлявая мяне апярэдзіла. У вялікім прыдняпроўскім сяле над Паплавамі застаўся жвіровы курганок, які адабраў яе ў жывых. Усё астатняе, што здаралася ў мяне потым, было не тое і не такое. Ды і сам я стаў не такі.
Аднак чарга чамусь разыходзіцца. Скончыліся піражкі. Міла хмыкнуўшы, пайшло і маё дзяўчо. Тыя, што засталіся ў чарзе, пасоўваюцца, і я апынаюся ля самага прылаўка. Кава яшчэ ёсць. I то няблага. Пасля той гарэлкі даймае смага. I тут я бачу яго.
Нейкі час, нібы змярцвеўшы, моўчкі гляджу на яго. Ён адыходзіць ад чаргі і спыняецца. Пасля зноў вяртаецца да стойкі і нешта там разглядвае за шклом. Бразгае драбязой у жмені. Выгляд у яго маўкліва-заклапочаны. Сахно! Далібог, Сахно!
Так, цяпер або ўжо ніколі! Я буду блазнюк, калі яго ўпушчу. Зараз я дам у морду. Галоўнае не прамарудзіць. Біць коратка і ад сябе, усім корпусам на руку. Ён упадзе на падлогу. Або на бар’ер буфета. Будзе скандал. Прыбяжыць міліцыянер. I я скажу, чаму так зрабіў. Няхай тады мяне судзяць.
Я выходжу з чаргі і раблю два крокі наперад. Сэрца маё адразу пачынае галоп. Аднак чакай, сэрца! Патрымайся! Не падводзь!
Але тут нехта падыходзіць да прылаўка і становіцца з ім побач. Я прыкусваю вусны — ён мне перашкаджае. Раптам Сахно паварочваецца і глядзіць проста мне ў твар.
Яго бровы ўздрыгваюць. Пазнаў, гад! Але вочы адразу спакайнеюць. Ён совае ў паліто руку і звонка ссыпае ў кішэнь драбязу.
— Не ўдалося?
— Што?
— А ў гасцініцы.
— Не. Не ўдалося, — кажу я не сваім голасам. I, нібы заварожаны, гляджу ў яго выцвілыя, нерухомыя вочы.
— Пракляцце! Паесці не даб’ешся. Вы вячэралі?
— Не.
— Можа, падыдзем у рэстаран? Тут насупраць.
Я, абмярцвеўшы, стаю. Як дурань. Як ідыёт. Ён, мабыць, і лічыць мяне ідыётам. Але я зноў не ведаю, што рабіць. Я не пазнаю яго. Сахно і не Сахно.
— Ну? Саставіце кампанію?
Ён ідзе між людзей у дзверы, і я збянтэжана іду за ім. Першы, самы спрыяльны момант упушчаны. Цяпер я ўжо не магу наважыцца. Мяне скоўвае сумненне. Хіба патрабаваць у яго дакументы? Або запытаць прозвішча? Аднак гэта не можа цягнуцца доўга. Я не ўтрываю.
Мы выходзім з залы чакання. Ён азіраецца на мяне.
— Бардзель. У нас варта пазваніць, і гасцініца забяспечана. А тут не могуць забраніраваць адно месца. Рэспубліка называецца!
Сволач! Што ты ведаеш пра гэтую рэспубліку? Не дасталося месца ў гасцініцы? Скончыліся піражкі? А пра паўмільённую армію партызан у гэтай рэспубліцы ты чуў? Пра дзевяць тысяч беларускіх арудараў і лідзіцэ ты ведаеш? Пра два з лішкам мільёны бязвінных ахвяр? Пра тое, што і дасюль гэта рэспубліка яшчэ не дасягнула даваеннай колькасці жыхароў?
Я ледзьве стрымліваю нервовую дрыготку ўнутры. А ён распранаецца ў гардэробе. Перад люстэркам старанна расчэсвае рэшткі свае чупрыны. Пасля мы заходзім у залу. Тут таксама бітком. Вольных сталоў няма, і мы ідзём між радоў. Але вось ля акна ўстаюць з-за стала чацвёра афіцэраў. Мы адразу займаем іх месцы. На абрусе — гара непрыбранага посуду. Ён грэбліва адсоўвае ад сябе талеркі.
Размаўляць са мной у яго, відаць, прапала жаданне. Мусіць, субяседнік я кепскі. Але мне зусім не да размовы. Мяне точыць пытанне: ён ці не ён? У галаве зачынаецца прарэзлівы звон, рукі прыкметна дрыжаць. Ён жа мяне, напэўна, не пазнае. Ну што ж, тым лепей! Я напружваюся, як перад скачком у атаку, і пытаю ва ўпор:
— Вы — Сахно?
— Што? Не, не Сахно.
Не Сахно! Іншай магчымасці дазнацца, хто ён, у мяне няма. Я напружваю розум, каб знайсці, што рабіць далей. А ён закідвае на калена нагу і адхінаецца ў крэсле. Дастае з кішэні газеты. Здаецца, ён вельмі спакойны. Зусім заняты сабой. Ніводная жылка на ягоным твары не здрыганецца. Шархочучы газетай, кідае на мяне позірк.
— А чаму вы пытаецеся? На некага падобны? Ага?
— Падобны.
— Бывае, — выдыхае ён і ажыўляецца: — Я ў Харкаве аднаго інжынера, мусіць, цэлы год блытаў з бухгалтарам упраўлення. Падобныя як дзве кроплі вады.