Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Семы том Поўнага збора твораў В. Быкава змяшчае апавяданні, пачынаючы ад самы першых і заканчваючы тэкстамі 70-х гадоў.
1 ... 29 30 31 32 33 34 35 36 37 ... 162
Перейти на страницу:

I аднае раніцы, выбегшы на двор, Слаўка адчуў перш, чым убачыў, што нешта здарылася ўначы.

Чыстае ціхае паветра, прамытае цёплым начным дожджыкам, дыхнула на хлопца свежасцю і пагодлівай празрыстасцю. Нібы па-святочнаму вымыты, яркі блакіт неба ў высокім прасторы струменіў спакой і поўніўся святлом узышоўшага, але яшчэ не бачанага за дахамі далёкага сонца. Невялічкі дворык між сцяной і рэдкім плотам, шэры і нецікавы ўчора, заўзята зелянеў скрозь шэрань сухой леташняй травы. Здавалася, нават было прыкметна, як шавяліліся і шапацелі, выбіваючыся з зямлі, маленькія, але ўжо такія ўпартыя маладыя травінкі. А над мокраю бляхай даху кучаравілася старая шоўкавіца — гэта толькі што нарадзіліся яе кволыя лісточкі, і яна, нібы баючыся варухнуцца, асцярожна трымала іх на выцягнутых галінках.

Так уначы здарылася вялікае ў барацьбе цяпла і сцюжы, вясны з зімою, і вясна перамагла.

З асалодай дыхнуўшы свежага паветра, Слаўка нечакана адчуў, як шмат сілы ў яго маладым целе, і, нібы хлапчук, пабег па маладой траўцы. Было ранавата ісці на завод, але хлопец, не марудзячы ні хвіліны, памыўся на кухні, апрануў свой сіні камбінезон і, забыўшыся на снеданне, выйшаў на вуліцу.

Ускраінная гэтая вуліца горада ляжала яшчэ ў ценю. Над ёю ў прасторным небе ліліся бліскучыя патокі ранішняга сонца, і рэдкія невялічкія лужынкі на маставой гэтак жа ярка блішчэлі нябесным блакітам. Слаўка крочыў уздоўж знаёмых з дзяцінства домікаў, аздобленых першай зелянінай дворыкаў, агародж — з частакола, дашчатых і драцяных, новых і старых, яшчэ тых часоў, калі Слаўка не меў права адыходзіць далей трэцяга дома ад сваёй кватэры. Гэтай жа вуліцай дзесяць вёснаў Слаўка бегаў у школу, вунь яна ўжо бялее за павароткай. I зараз, калі Слаўка набліжаўся да яе, неўсвядомленая сіла старой прывычкі цягнула яго павярнуць управа, як зварочваў ён кожны раз у мінулым. Аднак з леташняй вясны яго шлях пралёг да іншай павароткі — на другую ўскраіну горада, дзе тырчэлі высачэзныя трубы і заводскія гудкі рознагалосым хорам будзілі ранак. Прыпамятаўшы цяпер тую вясну, Слаўка ўздыхнуў. Колькі было турбот і перажыванняў, ваганняў!..

— Слаўка, Шэлестаў! — пачулася ззаду. Хлопец спыніўся і азірнуўся. Шпаркім крокам даганяў яго малады чалавек у светлым плашчы, праставалосы і з партфелем у руках. Гэта Колька Вязаў. Яны даўно не бачыліся і ўзрадавана паціснулі адзін другому рукі.

— На работу? — запытаў Колька, ідучы побач.

— На работу, — адказаў Слаўка. — А ты ў інстытут?

— Ага. Трэба што-колечы падагнаць да заняткаў.

Некаторы час яны няёмка памаўчалі, раптоўна адчуўшы, што няма ўжо ў іх агульных інтарэсаў, потым Колька запытаў:

— Ну, як працуецца?

— Памалу. А як твая вучоба?

Колька не адразу адказаў на гэтае агульнае пытанне. Ён неяк нявесела агледзеў свае зграбныя жоўтыя камашы, відавочна перацяў уздых і сказаў проста:

— Так сабе, — і толькі пасля працяглай паўзы дадаў: — Увосень думаю падацца на педагагічны.

— Гэтак! — здзівіўся Слаўка. — А што ж архітэктурны?

— Эх, лухта адна.

Употай спачуваючы хлопцу, Слаўка ўздыхнуў. Архітэктурны, вядома, не лухта. Яшчэ мінулым летам, калі Колька бегаў туды і пакутваў на экзаменах, Слаўка разумеў усю недарэчнасць ягонага выбару. Ні да будаўніцтва, ні да малявання ў сябра не было ніякіх здольнасцей, і вабіла яго, бадай, адно толькі гучнае слова — архітэктар. Відаць, такі ж выйдзе з яго настаўнік, які і дойлід. Гэтак думаў Слаўка, моўчкі крочачы побач з былым сябрам, але ўслых не сказаў нічога. Неяк неўпрыцям здарылася так за гэты год, што былая дружба іх сыйшла на нішто без сварак і без асаблівага незадаволення адзін другім. Пакрысе яны ўзаемна аддаліліся, у абодвух з’явіліся новыя, блізкія толькі сабе клопаты.

Яны прыйшлі на астаноўку і стрымана развіталіся. Коля спяшаўся хутчэй дабрацца да інстытута, а Слаўка хацеў, не спяшаючыся, прайсці вясновы ранішні горад, а, бадай, яшчэ больш — пабыць адзін-на-адзін з сабой.

Слаўка быў апошнім сынам у некалі вялікай сям’і. Яго браты, скончыўшы ў свой час тую ж школу, дзе вучыўся і ён, ішлі ў людзі, і малы хлапчук быў сведкай выбару імі жыццёвых прафесій. Адзін брат стаў палярнікам, другі — ваенным лётчыкам, трэці прысвяціў сябе навуцы і ўжо дваццаць год цярпліва вывучаў ў Маскве нейкіх кузурак. Шлях іх жыццёвага станаўлення — памятае Слаўка — быў ахутан рамантыкай нязведанага, і ўсе ў доме, нават суседзі і знаёмыя, поўніліся чулай увагі да іх лёсу. У Слаўкавым жыцці ўсё склалася інакш. Здарылася так, што калі настаў час выбіраць сабе жыццёвы шлях, Слаўка моцна завагаўся. Добра было тым, якія, як кажуць, ледзь не з першага класа ўжо рашылі гэтую задачу і марылі стаць урачом або настаўнікам, ці знатнай даяркай. Слаўка ж з маленства ні аб чым гэткім сур’ёзным не задумваўся: у дзіцячыя гады яго займалі дзіцячыя клопаты і забаўкі, а марыць аб медыцыне ці геалогіі ён не меў ніякіх падстаў, бо амаль не ведаў, што гэта такое. Яму куды больш па душы быў дужы «МАЗ», дасканала зведаны на суседскім дварэ ў знаёмца-шафёра, чым невядомыя кузуркі, ці праектаванне высотных палацаў. Бацька — разумны і добры Слаўкаў татка, — пазіраючы на сына, не вельмі лез у хлопцаву душу, але, відаць, разумеў усё, што адбывалася ў ёй.

1 ... 29 30 31 32 33 34 35 36 37 ... 162
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)