Чырвоная брама
- Автор: Карамазаў Віктар
- Год: 101
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Чырвоная брама». Краткое содержание книги:
— Дзе катэр, Гарык?..
На вадзе катэра не было відаць. Там, дзе ён стаяў, цяпер ляжаў дуб, катэр як апынуўся пад ім. З-пад дуба штосьці белае ўсплыло, тузанулася, зноў патанула і зноў усплыло.
Зьбеглі з берагу, знайшлі ў вадзе трос якара, паднялі якар са дна, і тады катэр сам, патузаўшыся, усплыў з-пад гольля дуба.
Месца начлегу пакідалі наторапе, як хто гнаў. Але, адплыўшы, калі ўжо ня бачылі ні таго берагу, ні дуба, супакоіўшыся, пачалі гадаць: там валадарыў Бог ці д’ябал? Каб спаць пад дубам, які ўраньні на цябе абваліцца, самому выбраць гэткае месца — што, як не заварушка д’ябла? Але прачнуцца ў самае апошняе імгненьне, з-пад дуба выскачыць, калі ён ужо клаўся на твой бярлог — каго дзячыць? Ахоўніка па веры Гаўрыіла ці па жыцьці ахоўніцу Мацільду?
Плылі як нованароджаныя. На дуб-самазабойцу, як і на ўсе па Прыпяці дубы, скаргаў ня мелі. Запіс у лоцыі зьявіўся палюбоўны:
«Вось дзе вячыстыя палескія дубы...»
Мастак малюе дубы. За дубам — дуб. Уражаньні наймоцныя ад пластыкі камлёў і кроны. Але як зьмесьціш асілка на паперы? Каб выявіць алоўкам хоць нейкую фактуру дуба, мастак бярэ яго да кроны. Камель — самая казка: вузлы і нарасьці вакол старых сукоў, жывых ці ўжо засохлых, вакол дуплаў, у якіх, як у хатках, сваё жыцьцё, кара шурпатая, лускатая, узарваная то стрэламі маланак, то маразамі, па шчылінах завараная вуграстым, як жалеза, швом-кіпнем, спавітая яшчэ паверх жгутамі, жгут на жгут, жыла на жылу, а там і нарасьці, як добрае кулачча, кап каля капу, а то і кап на кап, і чым ніжэй, тым і таўсьцей, у зямлю — як ногі-лапы дыназаўра. А то двайны камель, у адным аж два магутныя дубы — п’едэстал хоць для выявы Волі, хоць для Моцы, хоць каб Красу ўславіць альбо Гармонію прыроды. І зноў рубішча, як пасьля бою, раўнюткі сьлед магутнага мяча. Вой — дзед Мароз. Пакінуў дубу свой сьлед на вякі: хай дзеда-воя ведае. А яшчэ ж пярсьцёнкі-колцы вакол камлёў, абшмыгі, лядовага палону пацалункі, сьляды абдымкаў з крыгамі ў паводкі. Тут усе дубы з тае вясновай сечы сотні разоў выходзілі — таму і волаты-палешукі. Ствол ад камля бяжыць маразабоінай распалавінены ажно да футра кроны, нібыта сьпіна воя. І гэта — музыка. То гульбішча вясновага, то поля бою. Вясны і лета, восені, зімы. Усіх пор года мелодыі і рытмы, тоны і абертоны, акорды. Сімфонія і лірыка. Унізе, у камлях, як ад зямлі, з яе глыбінных нетраў, а ўверсе, у кучаравай кроне, з крыніцаў нябесных. Мастак гэта ўбачыў і пачуў. Схапіўшы музыку камлёў ды каранёў, адліўшы яе ў жывапісных ды графічных лініях і формах, ён раптам малюе вяршыню дуба, а на вяршыні, усяго адной, у небе, аж тры бусьліныя гнязды, ды і буслы ва ўсіх трох гнёздах: адны — дзюбы пазьвешвалі ўніз, высочваюць, што там, на зямлі, робіцца, другія — дзюбы ўгару, там нешта выглядаюць. Унізе — эпас, уверсе — лірыка. Жыцьця — поўніца.
І... нібыта яшчэ мала: зноў у лоцыі дубы. І зноў — нечаканая выява: магутны дуб, а камель ушчэнт выпалены агнём, зяўро вугальна-чорнае, стаіць махіна на скарынцы-забалані — ну, малайчына, пад гэтакім і выспацца няблага. А як яму зваліцца, калі пад ім, пад зяўром чорным, на фоне вугальным узьняўся да жыцьця найсьветлы парастак маладога дубочка?
Ёсьць прыгажосьць зямная. Мастак яе ўбачыць — замалюе. Бо ён — мастак. А дзе аловак бясьсільны — там слоўка:
«Лес сьсінела-чорны. Над лесам фіялетавая хмара. З-за хмары выпаўз жаўтлявы месяц. Поўня выбеліла краёчкі, як выкачалася ў муцэ, і гэтакая адбілася ў цёмнай вадзе».
Тут і малюнак: ноч, за ракой лес, над лесам хмара, за хмарай поўня, адбілася ў рацэ.
А гэта — без малюнка:
«Стракозы, колерам берлінскае лазуры...»
Ёсьць рызыка, калі слова алоўку не падмога? Але ж на падмогу яшчэ ў скрыні фарбы? І вось зьяўляюцца акварэльныя аркушы, з іх ёсьць такія, што маюць у лоцыі аналаг — замалёўкі. Хоць тая ж начная Прыпяць з чорным лесам, хмаркаю над ім, з поўняй над хмаркаю і поўняй у рацэ. Так лёгка ўявіць яе зьяўленьне. Як мастак расклаўся ноччу каля палаткі, ліхтар павесіў, каб у фарбачках не памыліцца, тым больш, што акварэль — не алей, памылкі не даруе, ня тую фарбу пакладзеш — не перапішаш, адразу трэба браць дакладны колер. І не прамахнуўся. Ноч ціхай цемені ды плямка белай, ледзь жаўтлявай поўні — тое пачуцьцё, што вызначана словам: «выпаўз месяц»— у танах кантрастных стан вусьцішы і таямніцы ночы, сховаў выпаўзка. Тут сховы самой паэзіі.