Амплітуда смеласці [I лірыка, і гумар.]
- Автор: Барадулін Рыгор
- Год: 1983
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Амплітуда смеласці [I лірыка, і гумар.]». Краткое содержание книги:
У новай кнізе Рыгора Барадуліна вершы пра родную зямлю, пра тыя праблемы. што хвалююць сучасніка, а таксама нізкі вершаў пра Балгарыю і Чэхію. «Загоншчыкі славы» — у гэтым раздзеле вясёлыя вершы і гумарыстычная паэма.
Перейти на страницу:
Куплеты Юлькі
Мыць абрыдла лыжкі, міскі.
Мне па густу нораў мінскі!
Там пачнуць ламіцца ў дзверы
Кавалеры, афіцэры.
Чувакі там люба-міла
Учарнелі ад чарніла.
Чорны толькі кот не ў шчасце.
Чорны кавалер для страсці!
Шмотак імпартных да д'ядбла.
Там бы ў зрэб'і я не зябла!
Як завея ў кажухах,
Я б хадзіла ў жаніхах —
Барадатых, галамызых,
Бледных і насамі шызых.
Там талентаў, быццам маку:
Караткевіч,
Семяняка,
Вечна юны Лучанок —
Маладзёжны певунок.
Трыо: Язэп, Адэля, Міхалка
— Ветрагону многа чэсці,
Толькі хітрыкі наўме.
Як на кут не хочаш сесці,
Пасядзіш-такі ў турме.
Я ў хаўрусе з пракурорам,
Я ў газеты напішу.
Не ў каня, вядома, корам.
Дурню ўторкнулі душу!
— Бацькі добрага дачка,
Не пайду за вахлака.
За разяву не найду.
Лепей з моста ды ў ваду!
— Што палохаць пракурорам.
Вам тавар збываць свой сорам.
Маладому хлопцу нехаць
На старой кабыле ехаць!
Што мне пісаніна тая —
I газет я не чытаю!
Шэры гусь пралятаў
Песня
Шэры гусь пралятаў
Над прыціхлым балотам.
Пралятаў, гагатаў,
Чысціў пер'е чаротам.
Шэры гусь спадабаў
Маладую цяцеру.
Не ў гняздо завітаў,
А ў кацёл на вячэру.
Стрэл раптоўны сустрэў
Ціхім вечарам сінім.
Лісце падала з дрэў
Шэрым пер'ем гусіным.
Шэры гусь пралятаў
Над прыціхлым балотам.
Як вячэраю стаў,
Мы дазналіся потым!
Гагатаў ого-го,
Разганяючы скруху,
А цяпер ад яго
Ані пер'я, ні пуху!
Вяселле
Як надумаўся жаніцца,
Лось падаўся да лісіцы.
Толькі ліска
Ані блізка:
— У цябе ў кустах прапіска.
Як пасмеў прыйсці ты ў сваты,
Малады, а ўжо рагаты.
Да мяне забудзь дарогі —
Я й ваўку настаўлю рогі!
Лось рагаты,
Нежанаты
Ходзіць, быццам вінаваты.
Суседкі
— У чужых свіней лычы
Злыя!
— Лепей палічы
Зубы ты ва ўласным роце.
— Не вішчы свіннёю ў плоце!
— Я ў сваім гародзе — пані,
I парадак на двары.
— Боскі гнеў цябе дастане!
— Ты паменей гавары.
— Гнеў якраз мяне міне.
— Пуга плача па спіне!
Міхалка, Юлька, Мікіта:
— Гэты вусны,
Гэты вочы
Бачу днём
I сню я ўночы.
Гэты губы
Дзеля згубы.
Разважаць няма рахубы!
— Ах, пакіньце,
Ах, пакіньце,
Не па мне ўсе
Фіньці-міньці.
Я, паверце, не такая.
Пабягу — гарод чакае.
— Толькі б цапаць,
Толькі б лапаць.
— Ты дамоў кіруй свой лапаць.
Не для мэтлахаў авоські —
Лепш чашы ў абдымкі Зоські!
Сват
Што ты, сват, такі ляны —
Абдымаеш са спіны.
Прытуліся спераду —
Нарабі мне вераду.
Прытуліся спераду
Ды прыходзь у сераду.
I ў суботу, і ў чацвер,
I цяпер
Не спі ў каўнер!
Куплеты Зоські і Саўкі
Разам нашыя гароды,
Свінні ў нас адной пароды.
Хай вядуцца куры, свінні,
Хай разлад навекі згіне!
Хай жа нашыя бацькі
Не грызуцца як ваўкі!
Крык унучыкаў малых
Хай старым пацешыць слых!
Перейти на страницу: