Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Ціша - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ціша

Электронная книга - «Ціша». Краткое содержание книги:

Кнігу складаюць дзве новыя аповесці Андрэя Федарэнкі, а таксама тэматычна блізкія ім дзесяць апавяданняў, напісаных у розныя гады.
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 74
Перейти на страницу:

— Ну вы ж ведаеце — ёсць у мяне гэтая маленькая слабасць!

І яму даравалі.

ІІ

Вось так да крызісу жыў чалавек. Не горш, а бадай, лепш за іншых. Меў хлеб і да хлеба, жонку, мапед, дзяцей, працу і мару пра шэдэўр, якім рана ці позна спадзяваўся здзівіць калі не ўсё чалавецтва, дык хаця б некаторых знаёмых з камвольнага камбіната.

А час — як толькі ён адзін умее — бег сабе і бег. Ды не проста бег — ляцеў! Усё змянялася вакол. Адольф даўно ўжо карыстаўся мабільным тэлефонам, і патрошку — інтэрнэтам. Прадукты хадзіў купляць не ў гастраном, а ў супермаркет. Надпісы на шыльдах для начальніцкіх дзвярэй не пісаў тушшу каліграфічна, а набіраў на камп’ютары якім хочаш шрыфтам і выводзіў на прынтары. Разбіраўся ў тэрмінах «крэдыт, лізінг, іпатэка» — прынамсі, ведаў, што яны абазначаюць. Камунальныя паслугі аплачваў у філіяле банка замест ранейшай ашчаднай касы. Зарплату атрымліваў па картцы ў банкамаце, прычым, здымаючы грошы ў беларускіх рублях, абавязкова хоць нейкую частку з іх вылучаў на пакупку даляраў, а потым дома разыгрываў жонку: то выдумляў, што даляры ўкралі, ці што ён іх згубіў, ці няправільна іх налічылі, ці што фальшывыя яны — і жонка кожны раз паддавалася, рабіла выгляд, што верыць, вохкала, божкала, а ён у апошні момант спаважна даставаў некалькі замежных купюраў. Яны любілі так пагуляць.

Двор іхні пакрысе, з кожным годам запаўняўся новенькімі машынамі самых розных памераў, марак і колераў, — ужо нават па тратуарчыку немагчыма было прайсці, а трэба праціскацца бокам. А некалі Адольфаў мапед быў адзіны траспарт на ўвесь дом.

Раней з усяго дома толькі ў іх кватэры быў зашклёны балкон — цяпер ва ўсіх стаялі еўрапакеты, а іхні балкон калі чым і выдзяляўся, дык хіба што перакошанай драўлянай рамаю і трэснутай шыбкай, заклеенай скотчам.

Яшчэ не так даўно са сваімі малюнкамі Адольф быў ледзь не адзіны на ўвесь раён «бізнесмен». А цяпер — куды ён са сваёй акварэлькай, кошт якой пляшка гарэлкі? — неяк сорамна было ўжо нават бясплатна дарыць.

Дача іхняя цяпер выглядала хлеўчыкам у параўнанні з катэджамі-камяніцамі, што ўзносіліся побач.

Дзеці, гэтыя анёлы нябёсныя, таксама шпарка раслі. Вось ужо і сыну Адольфа — Адолі, прыйшла позва ў ваенкамат. Старэйшы Адольфаў пляменнік, Талян са Старушак, той увогуле ўжо год як адслужыў і нават паспеў ажаніцца — жыў у жонкі ў Гомелі. Дачка Ірачка непрыкметна вымахала ў дарослую дзеўку, рыхтавалася да выпускных экзаменаў, капрызнічала і псіхавала. Тут да ўсяго яшчэ брат Іван памёр.

На пахаванні першае, што кінулася Адольфу ў вочы, — як змянілася Ніна: у чорным, заплаканая, пастарэлая, прыгорбленая. І побач з ёю Талян, такі дарослы! Талян быў у ваенай форме, толькі з адпоратымі пагонамі і без шаўронаў. Хоць вярнуўся ён з войска даўнавата, з формай не хацеў развітвацца, яна пасавала яму. Прыгожы, падобны на маладога Адольфа, толькі ростам больш гонкі. Засмучэння вялікага не было на яго твары.

Гаварыў Талян з дзядзькам па-мужчынску. Закурыў цыгарэту, расказаў шэптам, азіраючыся, што служыў у сакрэтнай роце. Малако давалі, плюс ільготы, прыроўненыя да «чарнобыльскіх» і «афганскіх».

— А чым займаліся?

Талян азірнуўся, прыціснуў палец да вуснаў: маўляў, цыц! што вы! ваенная тайна! Паказаў на адной руцэ два пальцы, на другой растапырыў усе.

— Дваццаць пяць! Пацярпіце, дзядзя, — зашаптаў на вуха. — Праз дваццаць пяць гадоў усё даведаецеся. Не раней! Дзядзя, — зрабіў страшныя вочы, — я вам нічога не казаў — вы нічога не чулі. Усё. Рот на замок, ключ ў ваду.

Лёніка нідзе не было відаць. Ні на могілках, ні ў двары, ні ў хаце. За жалобным сталом Адольф пацікавіўся, дзе ён. Ніна адвяла вочы.

— У лесе сядзіць, хаваецца, — неахвотна сказала. — Потым прыйдзе на магілку, калі ўсе разыдуцца. Дзіўны ён у нас. Ранімы. Сярод людзей яму не ўтульна… Не кожны разумее… Смяюцца з яго. А гэта хвароба такая, сацыяфобія. Прасцей кажучы — людабоязь.

— Во мая мамка Нінка дае! — з захапленнем абняў маці Талян. — Усё на свеце ведае! Больш за энцыклапедыю! Другой такой разумнай на планеце не знойдзеш!

Талян знешнасцю ўдаўся ў дзядзьку, а характарам — у нябожчыка-бацьку, не скупіўся на пахвальбу.

Цяпер ён, выпіўшы, то хваліў маці, то завочна бараніў брата:

— Лёнік у нас, дзядя, во такі! Вам не перадаць! Кожную сцежачку ў лесе ведае! Такі геній, якіх не было і не будзе!

— А ты чаму адзін? — спытаў Адольф. — Без жонкі? Ці ўжо? — ён акругліў рукі каля жывата.

1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 74
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)