Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Прочая поэзия » Паляванне ў райскай даліне
Паляванне ў райскай даліне - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Паляванне ў райскай даліне

Электронная книга - «Паляванне ў райскай даліне». Краткое содержание книги:

Творчасць Алеся Разанава прыцягвае ўвагу і чытачоў, і даследчыкаў. Паэт увесь час «пераўзыходзіць зацверджаныя межы і ўяўленні», знаходзіцца на «вастрыі» шляху, развіваючы і пашыраючы магчымасці самой паэзіі.
Кнігу А. Разанава складаюць творы, якія, па сутнасці, з'яўляюцца творамі аўтарскага жанру — версэты, пункціры, вершаказы, паэмы, зномы, а таксама перастварэнні са славутага «будзятлянійа» Вяліміра Хлебнікава.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 45
Перейти на страницу:
Чырвоны змрок

Ля самай зямлі палымнее чырвоная зорка — сонца: было яно срэбраным раніцою, было залатым удзень, а цяпер увабралася ў колер, пасля якога ўсталюецца цемра — у колер крыві.

Сябрына тутэйшых вясёлых хлапцоў, падзеленая надвое, дагульвае гульню ў мяч.

Захоплены разам з усімі гульнёю, я позна ўспомніў, што ўтульныя белыя домікі сцішанага пасёлка мне не свае.

Такі быў прасторлівы дзень, а зараз і тую вузкую сцежку, якою мушу прайсці праз лясныя нетры, забірае, імкліва згусаючы, змрок.

Колькі б ні доўжыўся дзень, гэтулькі доўжылася б гульня, але цяпер усё: больш часу не будзе.

Спяшаюся, але ці паспею, пакуль развітальнае сонца сцякае крывёю, дайсці да сябе — дамоў.

Далёкія пільныя вежы, нібы апошнія вартавыя, праводзяць мяне ў непазбежнае падарожжа — у непазбежную ноч.

Рунь

Ідзе па пляцы сваім і нясе вязанку жоўтай ільсністай саломы сусед і мой школьны таварыш Багданчык Саша.

«Дзе ўзяў ты гэтай саломы?» — пытаюся я ў яго.

«Ты сам усё роўна не знойдзеш. Хочаш — сястра пакажа», — адказвае ён.

З юнай яго сястрою разам ідзём па разоры, разам выходзім за плот.

Ды там, дзе нібыта павінна ляжаць салома, красуе ад краю да краю поля зялёным- зялёная рунь.

Згодна гаворацца нашы словы, тахкаюць згодна сэрцы, дыхае радасцю невыказнаю рунь,

а Саша Багданчык, чамусьці спыніўшыся на дарозе з вязанкай саломы сваёй, пазірае, усё пазірае ў здзіўленні, пакуль яго бачым, на нас.

На Нямецкай дарозе

Там, дзе адна дарога ўпадае ў другую, да мяне падбягае, аднекуль узяўшыся, нізкі, з кутасікамі ў вушах, настойлівы звер.

Ён ненавідзіць мяне і, здаецца, хоча напасці, і я, каб яго задобрыць, развязваю торбу з ядой і кідаю зверу, што маю з сабою, — кавалкі сала, мяса і каўбасы.

Звер глытае мае пачастункі і, калі яны канчаюцца неўзабаве, падступаецца да мяне бліжэй — нібыта я даставаў іх з самога сябе і сам я таксама — сала, мяса і каўбаса.

Злева, удалечыні, віднеецца белы горад. У ім жывуць Немцы — іншыя людзі па мове і разуменні, як трэба жыць.

Але, каб трапіць туды, я мушу паразумецца са зверам, а ён усё болей раз'ятрываецца і выклікае ўва мне ўсё большую боязь, усё большы страх.

З другога канца дарогі чуюцца раптам цвёрдыя нейчыя крокі, іх чуем і я, і звер.

Цяпер і відаць ужо: гэта — Немец, і я, не могучы адгадаць, хто ён мне, сябра ці вораг, нібы збавення, чакаю яго набліжэння, яго прыходу, а звер...

У нерашучасці ён застывае спачатку на месцы, пасля паварочваецца і знікае ў глыбокіх, парослых кустамі, блізкіх равах.

Пасажыры

У пасажыраў сумкі, валізкі, торбы. Калі пасажыры, спяшаючыся, бягуць да свайго вагона, сумкі, валізкі, торбы ўчаперваюцца ім у рукі і ўпарта іх цягнуць назад.

Калі пасажыры ўладкоўваюцца ў вагоне, сумкі, валізкі, торбы займаюць бесцырымонна іхнія месцы і, робячы іх сваімі вартаўнікамі, не адпускаюць іх ад сябе.

Пасажыры турбуюцца, пасажыры хвалююцца, пасажыры шчыруюць, пасажыры слугуюць, нібы яны — сумкі, валізкі, торбы, а сумкі, валізкі, торбы — сапраўдныя пасажыры.

Маму Тхакур дас

Зазванілі званочкі, усплёснуліся кімвалы, узнесліся галасы. «Харэ Крышна, Харэ Крышна, Крышна-Крышна...» — творыцца махамантра.

Маму Тхакур дас у аранжавым аблачэнні сядзіць, скрыжаваўшы ногі, і, пакуль раздаецца з тацы прасад, гаворыць: «Мінуліся тыя часы, калі нас можна было палічыць па пальцах, цяпер нас шмат...»

Прысутныя, што прыйшлі на гадзіну сустрэчы, слухаюць, згодна ківаюць галовамі і задаюць пытанні.

А я згадваю тыя часы, калі Маму Тхакур дас быў проста Міша, калі нікога не трэба было лічыць ні па пальцах, ні як інакш, калі кожны быў значны не тым, што знайшлося, а тым, што шукалася, што спасцігалася і што не мела наймення...

І мне шкада тых магчымасцяў і тых часоў.

Sumus ne simus

Мы не займаем ніякіх пасад і не маем ніякіх званняў, але якраз у гэтым усе, хто ведае нас і не ведае, бачаць нашу пасаду і разумеюць наш чын.

Мы не такія, мы іншыя, але мы апынуліся тут, і тутэйшае наваколле пераконвае нас няспынна, што мы гэтакія, як усе.

Мы робім не тое, што хочам і можам, а тое, што нам прапануюць,

а тое, што хочам і можам, хаваем на потым, на некалі, нібы ў труне, у сабе, і, адмаўляючы рэчаіснасць, што не дае нам адбыцца, згаджаемся гэтак з ёй.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 45
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)